Устаноўчы сход «Саюза» праходзіў у сакавіку, яго гасцямі былі пісьменнік, які ваяваў у «ДНР», Захар Прылепін, дэпутат Дзярждумы з Крыма, прарасійскі эксперт Аляксей Дзерман. Лідарам партыі меўся стаць Сяргей Лушч, у мінулым вядомы сваімі неапаганскімі і неанацысцкімі поглядамі.

Лушч адмовіўся размаўляць з «Нашай Нівай», таму мы пагутарылі з сябрам прэзідыума «Саюза», айцішнікам-славянафілам Уладзімірам Груздзевым. Дык чаму «Саюзу» адмовілі ў рэгістрацыі?

Уладзімір Груздзеў. Фота з фэйсбука

Уладзімір Груздзеў. Фота з фэйсбука

«У нас ёсць толькі здагадкі, інфармацыі роўна столькі ж, колькі ва ўсіх. Бачылі толькі афіцыйны прэс-рэліз, адказу Міністэрства юстыцыі на руках пакуль не маем.

На аснове тых звестак, што маем, будзем праводзіць унутраны аўдыт, разбірацца. Не разумеем, як да нас мог трапіць замежны грамадзянін! Праверка ж была вельмі падрабязная. Магчыма, у нас быў нейкі засланы казачок у ліку каардынатараў. Так таксама бывае. Не ведаем абсалютна».

Асабістую пазіцыю Груздзеў агучваць пакуль не хоча. Звяртаем увагу, што ад восені Сяргей Лушч стаў частым госцем дзяржаўнага тэлебачання, таму думалася, што праблем з рэгістрацыяй «Саюза» ўзнікнуць не павінна.

«І нам думалася, што ўсё будзе без праблем. Але бачыце: Кастусёў хадзіў на тэлебачанне, а цяпер праходзіць па крымінальнай справе, Лушч хадзіў на тэлебачанне — партыю не зарэгістравалі. Мы за дваццаць гадоў звыкліся да таго, што калі ты ў тэліку, то ў цябе ўсё добра, але ў рэальнасці ў 2021 годзе гэта не працуе. Гэта зусім не паказчык».

Уладзімір гаворыць, што важным фактарам будзе, ці зарэгіструюць наступныя партыі, якія панясуць дакументы ў Мінюст пасля «Саюза».

«Мы ж былі першапраходцамі, калі не лічыць БХД. Нам здавалася, што прыйшоў час перамен, што нешта зменіцца, але бачыце як… Мы не кажам, што нічога не зменіцца, але трэба маніторыць. Наколькі ведаю, 15 мая будзе з’езд партыі «Айчына» Мікалая Іванова. Потым збіраюцца падаваць дакументы Ланкін і Дзмітрыеў. Паглядзім, як улада на іх адрэагуе».

Здавацца «Саюз» не плануе, будуць наступныя спробы падачы дакументаў.

«Нашы людзі поўныя аптымізму, бо насамрэч была праробленая вялізная праца. Мы столькі ўсяго зрабілі, а цяпер што, адмаўляцца? Не, канечне. Пачакаем, што скажа Мінюст, правядзём работу над памылкамі. Будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю і далей».

Новыя палітычныя партыі ў Беларусі не рэгістраваліся ад 2000 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?