Паводле інфармацыі нямецкага агенцтва dpa, чатыры нямецкія адвакаты звярнуліся ў Федэральную пракуратуру ў Карлсруэ ў сувязі з ужываннем гвалту ў дачыненні да мірных жыхароў Беларусі на фоне мірных пратэстаў, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

Ад імя пацярпелых ад катаванняў беларусаў яны заявілі ў пракуратуру аб злачынствах супраць чалавечнасці.

Адвакаты падкрэслілі, што ў Беларусі ні Лукашэнку, ні супрацоўнікам яго сілавых ведамстваў не пагражаюць прававыя наступствы празмернага прымянення сілы і катаванняў затрыманых грамадзян. У сувязі з гэтым яны заклікалі Нямеччыну правесці незалежнае расследаванне такіх злачынстваў. Пры гэтым адвакаты спаслаліся на так званую ўніверсальную юрысдыкцыю, якая прадугледжвае магчымасць прыцягнення да крымінальнай адказнасці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам і здзейсненыя ў іншых дзяржавах.

«Нашы кліенты чакаюць, што Нямеччына і ў выпадку Беларусі абвесціць сябе прыхільніцай абароны ўніверсальных правоў чалавека», — заявілі ў інтэрв'ю dpa юрысты, якія прадстаўляюць інтарэсы дзесяці жыхароў Беларусі.

Па словах юрыстаў, іх кліенты паскардзіліся на цялесныя катаванні, катаванні пазбаўленнем ежы і сну, абразы і знявагі, з прычыны чаго здароўю ўсіх іх была нанесеная сур'ёзная шкода. У прыватнасці, яны паведамілі пра тое, што ім даводзілася на працягу многіх гадзін стаяць на каленях са звязанымі рукамі. «У цэлым дзеянні ўладаў можна назваць толькі зверскімі», —адзначылі адвакаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0