Больш за год таму «Свабода» пісала пра высяленьне менчука Веслава Меданоўскага зь яго прыватнага дома на завулку Вільямса, 13. Праз будоўлю комплексу Minsk World, якую разгарнула кампанія «Дана Астра» (уваходзіць у «Дана Холдынгз»), дом Веслава Меданоўскага трапіў пад знос. За дом ён атрымаў грашовую кампэнсацыю. Але згодна з указам Лукашэнкі №58, замест адабранага зямельнага ўчастка яму мусілі даць без чаргі і правядзеньня аўкцыёну раўназначны ўчастак для будаўніцтва новага дома.

Для вырашэньня свайго пытаньня Веслаў Меданоўскі зьвяртаўся год таму да кіраўнікоў Беларусі і Сэрбіі. Аднак адказу ад іх не атрымаў, і дагэтуль улады не пайшлі насустрач сям’і Меданоўскага.

Веслаў Меданоўскі працуе выкладчыкам у менскім мэдычным каледжы, ён віцэ-старшыня пчалярскіх арганізацый Беларусі BelApiUnion, прэзыдэнт Мэдычнай Палёніі Менску і Менскай вобласьці.

У 2011 годзе ён купіў палову прыватнага дома плошчай 63 квадратныя мэтры, каб рэканструяваць і жыць там разам з двума сынамі. Калі купляў дом, яму казалі, што яго можна рэканструяваць. Але пазьней яму адмовілі ў рэканструкцыі, бо ўсё вырашылі зносіць дзеля будоўлі. Тады яшчэ было невядома, што будуць будаваць, а аэрапорт яшчэ дзейнічаў. Веслаў Меданоўскі зьвярнуўся да ўладаў, каб яму далі магчымасьць пабудаваць дом у Менску наўзамен таго, які зьнясуць. Аднак участку ў Менску ўлады не далі. Мянчук пагадзіўся на ўчастак з камунікацыямі ў Менскім раёне, аднак высьветлілася, што яны выдаюцца толькі па выніках аўкцыёнаў.

«Атрымліваецца, мы будзем бяздомнымі»

Веслаў Меданоўскі пабываў на прыёме ў старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава.

«Быў ён, памочнік прэзыдэнта пры Менгарвыканкаме і прадстаўнік архітэктурнага аддзела. Была цікавая іх рэакцыя: яны ведаюць, што тут зямля будзе адведзена пад катэджы. Я ўжо не прашу ўчастак у Менску, няхай мне дадуць у раёне, — кажа Веслаў. — Перад гэтым я знайшоў два ўчасткі ў Тарасаве і ім даслаў прапановы. На гэта Кухараў мне адказаў, што гэтыя ўчасткі выстаўленыя на аўкцыён. Маўляў, трэба было выбраць кватэру і жылі б цяпер з камфортам. То-бок ён вырашае за мяне, якое жыльлё патрэбна маёй сям’і!»

Па словах Меданоўскага, кіраўнік Менгарвыканкаму паведаміў, што яго выселяць да 1 чэрвеня.

«Я прасіў у Кухарава дазволу, каб ад яго імя зьвяртацца ў сельсаветы з просьбай перавесьці для мяне ўчастак, які выстаўляецца на аўкцыён. Канкрэтнага адказу я не атрымаў, — кажа Веслаў. — Таму нас будуць зносіць, але я трымаюся дагэтуль. Я ведаю, што, як толькі зьнясуць мой дом, то яны тым больш не дадуць нам участак. Калі яны нам ня выдзелілі ўчастак з 2017 году, то цяпер тым больш выкінуць нас, і ўсё. Цяпер жа, паводле заканадаўства, высяленьне адбываецца на вуліцу з прысваеньнем статусу асобы бяз пэўнага месцажыхарства. Атрымліваецца, мы будзем бяздомнымі».

Паводле Веслава Меданоўскага, знайсьці ўчастак паводле прэзыдэнцкага ўказу № 58 «Пра некаторыя захады па абароне маёмасных правоў пры забіраньні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб» немагчыма. Усе ўчасткі са сьпісу Менскага райвыканкаму былі без камунікацый. А каб іх правесьці, трэба патраціць значную суму з атрыманай грашовай кампэнсацыі за дом (амаль 150 тысяч рублёў).

«Суседзі атрымалі ўчастак без камунікацый у Менскім раёне. Каб правесьці камунікацыі, улады налічылі 20 тысяч даляраў. А ўчастак на 15 сотак яны купілі за 60 тысяч даляраў. Вось якія сумы. То бок атрымліваецца, што кампэнсацыю, якую мне далі за знос дома, я павінен патраціць на ўчастак».

Веслаў дагэтуль не падпісаў дакумэнт на адчужэньне нерухомасьці, хаця на судзе прадстаўнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму заявіў, што яго зямлю і дом ужо адабралі.

«Яны адабралі без майго подпісу, і атрымліваецца, што я тут знаходжуся нелегальна».

«Цяпер я б’юся як рыба аб лёд»

Веслаў зьвярнуўся таксама ў кампанію «Дана Астра», каб паглядзець, колькі ў іх каштуе жыльлё. Яму прапанавалі двухпакаёўку, «голыя сьцены», безь перагародак, электрыкі і сантэхнікі за 80 тысяч эўра.

«Я спытаў, а хто будзе ставіць перагародкі і ўсё праводзіць? Яны сказалі, што могуць яны і мінімальна гэта будзе каштаваць яшчэ 20 тысяч эўра, — кажа Веслаў. — Я ведаў, што ў іх акцыя з растэрміноўкай. Мэнэджар налічыў, што па акцыі будзе 120 тысяч эўра, бо растэрміноўка 20%. Макей казаў, што яны, маўляў, ільготна прадаюць гэта жыльлё. Дык вось гэта і ёсьць ільгота. Яны для лекараў прапанавалі 10-гадовую растэрміноўку на 20%. То бок 20% усё роўна ім вяртаецца. Дык якая гэта ільгота? Гэта ўсё хітра зроблена».

Веслаў Меданоўскі кажа, што не зьбіраецца пакідаць свой дом.

«Цяпер я б’юся як рыба аб лёд. Як сказаў юрыст Менгарвыканкаму, мы прыедзем з АМАПам і вывезем усю вашу мэблю на склад. І дом зьнясуць. Я хацеў вырашыць гэта пытаньне мірна. У мяне цэлыя тамы перапіскі з уладнымі структурамі, — кажа Веслаў. — Але ўсё, я думаю, упіраецца ў грошы, бо ў нас зямлю адбяруць і прададуць яе. Няхай з АМАПам прыяжджаюць і выносяць рэчы».

Што за будоўля?

«Дана Холдынгз» кантралюецца сэрбскімі мільянэрамі Карычамі. У сьнежні мінулага году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць гэтага холдынгу, уладальнікі якога, паводле афіцыйнага часопіса Эўразьвяза, падтрымліваюць цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Дана Астра», якая ўваходзіць у «Дана Холдынгз», зьяўляецца заказчыкам будаўніцтва шматфункцыянальнага жылога комплексу Minsk World на месцы былога аэрадрома «Менск-1», на плошчы амаль 340 га. Тут плянуецца ўзьвесьці 3 млн квадратных мэтраў жытла, сярод іншага і катэджы.

Пад будоўлю Менгарвыканкам павінен зачысьціць тэрыторыю ад прыватнага сэктару на вуліцах Аэрадромнай, Вільямса, у завулку Вільямса і яшчэ некалькіх суседніх вуліцах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?