Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Біл і Мелінда Гейтсы валодаюць найбуйнейшым у свеце дабрачынным фондам і 145 мільярдамі даляраў. Паколькі пара разводзіцца, яны мусяць падзяліць усю сумесна нажытую маёмасць.

Біл Гейтс з’яўляецца чацвёртым найбагацейшым чалавекам у свеце. Ён мог бы ўзначаліць гэты спіс, але 40 мільярдаў даляраў бізнэсмен ахвяраваў у дабрачынны фонд, які ён заснаваў разам з жонкай.

Галоўны актыў Біла Гейтса — холдынгавая кампанія Cascade Investment, адзначае Bloomberg. Праз яе бізнэсмен інвеставаў у нерухомасць, энергетыку і іншыя сферы, у выніку чало Біл Гейтс валодае акцыямі многіх кампаній.

Больш за тое, пара з’яўляецца найбуйнейшымі землеўладальнікамі ў ЗША: Біл і Мелінда Гейтсы валодаюць асабняком у Медыне (штат Вашынгтон) плошчай больш за 6 тысяч квадратных метраў. Таксама ім належаць некаторыя іншыя дамы.

Калі пара абвясціла аб разводзе ў панядзелак, кампанія Cascade Investment перавяла Меліндзе каштоўныя паперы на 1,8 мільярда даляраў. Да таго ж, Меліндзе Гейтс перайшлі акцыі аператара канадскай чыгуначнай сеткі Canadian National Railway коштам каля $1,5 мільярда, а таксама акцыі амерыканскага аўтадылера AutoNation на суму $309 мільёнаў.

Выявілася, што пара не падпісвала шлюбную дамову. Біл і Мелінда Гейтс жывуць у Вашынгтоне, а згодна з заканадаўствам штата, сумесна нажытая маёмасць, калі ў пары няма папярэдніх дамоў, мусіць быць падзеленая пароўну. У такім выпадку гэты развод можа стаць самым дарагім за ўсю гісторыю. Пакуль што рэкорд трымае развод Джэфа Безаса з Макензі Скот у 2019 годзе.

Мелінда Гейтс можа стаць другой найбагацейшай жанчынай свету з маёмасцю на 73 мільярды даляры і саступіць толькі французскай прадпрымальніцы Бетанкур-Маерс, якая валодае L’Oreal і чыя маёмасць ацэньваецца ў $83 мільярды, піша The Guardian.

Дабрачынны фонд Гейтсаў стаў адным з найбольш уплывовых у свеце. Фонд мае каля 1600 супрацоўнікаў, і ў яго ёсць офісы ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўночнай Амерыцы. Агулам фонд накіраваў больш за 50 мільярдаў даляраў на праекты ў галіне аховы здароўя, адукацыі, барацьбы з беднасцю і зменамі клімату. Толькі на барацьбу з каранавірусам арганізацыя вылучыла 1,75 мільярда даляраў.

Мелінда заўсёды брала актыўны ўдзел ў працы фонду. У 2015 годзе яна заснавала кампанію Pivotal Ventures, якая інвестуе ў праекты, што пашыраюць магчымасці жанчын. А ў 2019 годзе Мелінда выпусціла кнігу «Момант пад’ёму», дзе яна распавядае, як прыйшла да фемінізму.

Гейтсы заявілі, што пасля разводу яны працягнуць кіраваць сваім фондам разам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0