Спрэчка ўзнікла з-за новых ліцэнзій на вылоўліванне рыбы, якія ўлады вострава ўводзяць у гэтай акваторыі пасля выхаду Брытаніі з Еўрасаюза.

Джэрсі — адзін з Нармандскіх астравоў плошчай 118 кв. км недалёка ад узбярэжжа Нармандыі. Фармальна ён не ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі, але тут дзейнічае брытанская юрысдыкцыя («кароннае валоданне»).

У той жа час Францыя забяспечвае амаль усе патрэбы Джэрсі ў электрычнасці і цяпер пагражае адключыць востраў ад электразабеспячэння.

Французскія рыбакі лічаць ўвядзенне новых ліцэнзій несправядлівым і пагражаюць заблакаваць Сэнт-Геліер — ключавы порт на востраве.

Брытанскія ўлады вырашылі даслаць у гэты раён вартавы карабель HMS Severn, каб «назіраць за сітуацыяй».

Таксама ў брытанскім Міністэрстве абароны анансавалі, што да яго неўзабаве далучыцца яшчэ адзін ваенны карабель падобнага класу HMS Tamar.

Напярэдадні брытанскі прэм'ер-міністр Борыс Джонсан выказаў «непахісную падтрымку» Джэрсі, размешчанага за 22 км ад Францыі. Ён дадаў, што «любая блакада» будзе «абсалютна неапраўданай».

А кіраўнік рыбацкай галіны Нармандыі Дзімітры Рагоф запэўніў, што французскія рыбакі на самай справе не будуць блакаваць порт і ўвечары вернуцца ў Францыю, перадае AFP.

У той жа час яны плануюць правесці мірны пратэст.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?