Яго абвінавацілі па артыкуле 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады) за камэнтар у чаце пра супрацоўніка аршанскай міліцыі Вішнеўскага.

«Я быў у шоку, кажу, хлопцы, вы ашалелі, ці што?»

Максіму Шаўлінскаму 32 гады. Падчас працы ў гандлёвай кампаніі ён стварыў закрыты чат «УКантакце», у якім супрацоўнікі абмяркоўвалі карпаратывы.

«На фоне падзеяў, якія адбываліся ў краіне ў жніўні, супрацоўнік, якога таксама судзілі, недзе ў сеціве знайшоў фатаздымак зь міліцыянтам і подпісам, што той быў у ачапленьні і нібыта зьбіў дубінкай дзяўчыну. Ён дадаў гэтае фота ў чат. Усе, натуральна, на нэрвах, — кажа Максім. — Я напісаў гнеўнае выказваньне, што гэта бязьмежжа, што яны робяць. Іншыя таксама пісалі. Напісалі і забыліся. А ў гэтым чаце была касірка, у якой муж міліцыянт. І ён празь яе тэлефон залез у гэты закрыты чат і потым напісаў на мяне заяву. Атрымліваецца, гэты міліцыянт залез у асабістую, чужую інфармацыю. Ён ня меў на гэта права, але гэтага ніхто не хацеў улічваць».

Трэцяга верасьня супрацоўнікі міліцыі забралі Максіма з працы на допыт. Ён прызнаўся, што пісаў у чаце, і даў свой тэлефон для агляду.

«Як з суседзямі на кухні, пагутарылі і забыліся. А яны зачапіліся за гэта, маўляў, зьнявага. Мяне памурыжылі, потым пачалі хлопца, які разьмясьціў здымак, мурыжыць. Яго затрымалі, адвезьлі на суткі ў Віцебск, потым на судзе ў яго я праходзіў як сьведка. Ён звычайны рабацяга, у яго малое дзіця. Яму далі паўтара года «хіміі» па артыкуле 188 (паклёп). Потым сталі цягаць мяне, пачаліся допыты і вобшукі, вопіс маёмасьці».

У лютым у Максіма нарадзілася дачка, а ў сакавіку ён пайшоў яе рэгістраваць у ЗАГС. У гэты час яму патэлефанавалі зь міліцыі, каб прыйшоў у пастарунак. І затрымалі яго на трое сутак.

«Я быў у шоку, кажу, хлопцы, вы ашалелі, ці што?» — кажа Максім.

У пастарунку міліцыянты прапаноўвалі запісаць відэа з прабачэньнямі на адрас Вішнеўскага, якое пакажуць толькі «зьняважанаму». Але Максім адмовіўся, бо такія відэа потым трапляюць на БТ.

«Мой адвакат пагутарыў са сьледчым, маўляў, у мяне малое дзіця, што яны робяць? Сьледчы пагадзіўся, што ня трэба затрымліваць, і мяне адпусьцілі. Але цягалі ў Віцебск, нават на псыхіятрычную экспэртызу. Сабралі справу на два тамы».

Перад судом супрацоўнік міліцыі падаў пазоў на кампэнсацыю ў тысячу рублёў за маральную шкоду.

«Судзьдзя спытаўся, а чаму менавіта такая сума, а не якіх-небудзь 20 рублёў. Ён сказаў, што пацярпеў, перажываў, ноч ня спаў і сапсаваўся апэтыт», — кажа Максім.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Максіма трыма гадамі «хіміі», але суд даў два. Прысуд Максім абскардзіў, чакае выніку. Грашовую кампэнсацыю міліцыянту ён ужо сплаціў, і той даў расьпіску, што прэтэнзій ня мае.

«Калі мяне накіруюць на «хімію», то адкуль жонцы чакаць дапамогі?»

Максім выхоўвае чатырох дзяцей, на старэйшую 12-гадовую дачку ад першага шлюбу выплачвае алімэнты. У сям’і двое сыноў другой жонкі 7 і 9 гадоў і меншая дачка, якая нарадзілася 23 лютага. Сям’я наймае кватэру.

«Тое, што я плачу алімэнты, гэта іх наогул не цікавіць. У іх ідэя ў тым, каб пакараць. Бо маглі даць штраф ці «хатнюю хімію». Але палічылі, што трэба вырваць зь сям’і і накіраваць куды-небудзь далей. А тое, што жонка сядзіць на дзіцячай выплаце, не працуе і я адзіны кармілец, іх не цікавіць. Калі мяне накіруюць на «хімію», то адкуль жонцы чакаць дапамогі? На судзе ўсе плакалі. Бацькі расчараваліся, што ў краіне ёсьць справядлівасьць. Усе сумныя. Беларусь — краіна для сумных».

«Я не лічу сябе злачынцам»

У Максіма, які цяпер працуе сталяром-станочнікам, ёсьць хобі — ён стварае і выконвае электронную музыку, якую выкладвае ў сеціве. Ён таксама займаецца радыётэхнікай, электронікай, рамантуе відэа- і музычнае абсталяваньне, сам вырабляе ўзмацняльнікі і эфэктары. Максім грае на гітары, бас-гітары і клявішных.

«Я выкарыстоўваю пэўныя сэмплы, а гітарныя і клявішныя партыі выконваю сам. Мая музыка — гэта сумесь розных стыляў, для кожнага нешта знойдзецца. Яна павінна станоўча ўплываць на чалавека, каб ён задумваўся пра нешта. Дзякуючы музыцы я выказваю свае эмоцыі і перажываньні».

Паводле Максіма, перасьлед за камэнтары ў чаце — для яго гэта шок, ён ня мог такога нават уявіць.

«Я расчараваўся ў праваахоўнай і судовай сыстэме. Я не лічу сябе злачынцам і не лічу, што за камэнтары трэба так караць. Гэта несправядліва. Але ў нашай краіне справядлівасьць страціла сваё значэньне і сэнс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?