Ён пэўны, што ўсе пералічаныя чыноўнікі маюць рыльца ў пушку.

23 чэрвеня «Комсомольская правда в Беларуси» надрукавала артыкул «Справаздача генпракурора пра карупцыю была з памылкамі?».

Журналісты выдання звязаліся з шэрагам чыноўнікаў, чые прозвішчы прагучалі на нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй 19 чэрвеня. Так, начальнік упраўлення крымінальнага вышуку МУС Анатоль Савіцкі нібыта ад журналістаў упершыню пачуў пра абвінавачанні пракуратуры. Падобная рэакцыя была і ў супрацоўніка ДАІ Фрунзенскага РУУС Мінску Андрэя Дылеўскага. У міністэрстве эканомікі заявілі, што ў іх ніколі не працавала намесніца міністра з прозвішчам Філімонава. Такое прозвішча адшукалі ў Міністэрстве энергетыкі, дзе намеснікам міністра працуе Рыма Філімонава. Здзівіўся і старшыня камітэту па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Сяргей Молчан. А гендырэктар упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінаблвыканкама Мікалай Галавацкі, які таксама фігураваў у справаздачы Рыгора Васілевіча, як высветлілася, памёр год таму.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню супрацоўніка пракуратуры, генпракурор краіны Рыгор Васілевіч пракаментаваў артыкул у «КП».

Па яго словах, А. Савіцкі не меў патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, у той час як па месцы выдзялення яму зямельнага ўчастка такія грамадзяне былі. Участак на імя А. Дылеўскага быў аформлены з парушэннем заканадаўства — адсутнічаў генплан, і ў гэтым бачыцца недагляд найперш мясцовых уладаў, якія дапусцілі такое парушэнне. Генпракурор паведаміў, што блытаніна з намесніцамі міністраў эканомікі і энергетыкі сапраўды была, гаворка насамрэч вялася пра Рыму Філімонаву, намесніцу міністра энергетыкі. У выпадку з Сяргеем Молчанам адсутнічаў праект адводу зямлі, без якога, падкрэсліў Р. Васілевіч, такая аперацыя лічыцца незаконнай. Тое самае было і ў выпадку з памерлым М. Галавацкім — участак на яго імя быў выдзелены з парушэннем заканадаўства яшчэ ў 2006 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?