Анатоль распавёў, што знаходзіцца дома ў бацькі і там яго «заблакавалі» невядомыя. Гэтую інфармацыю пазней пацвердзілі ў стачкаме.

Фота: vk/saligorskorg

«Анатоль Бокун паведаміў, што невядомыя блакавалі яго ў доме ў бацькоў, хутчэй за ўсё, будуць затрымліваць. Інфармацыя ўдакладняецца, хутчэй за ўсё пагражае 30 сутак», — распавялі ў стачкаме.

Знаёмыя мяркуюць, што прэтэнзіі да Анатоля могуць быць з-за відэазвароту стачкаму да Дня Волі. Апошнім часам мужчына знаходзіўся не ў Салігорску, а жыў у бацькоў у Капыльскім раёне.

Стачкам актыўна вядзе перамовы з кіраўніцтвам нарвежскай кампаніі Yara, адным з найбуйнейшых партнёраў «Беларуськалія». Днямі Анатоль Бокун паведаміў, што Yara вырашыла адправіць на прадпрыемства свайго прадстаўніка для маніторынгу сітуацыі. Пра тое, якія планы ў нарвежцаў датычна кантракту з «Беларуськаліем», у стачкаме пакуль не ведаюць.

Анатоля Бокуна затрымлівалі ўжо шмат разоў. У жніўні яго аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і адпусцілі пасля суда. Пасля гэтага затрымалі 31 жніўня і прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

25 верасня Анатолю Бокуну прысудзілі яшчэ 25 сутак адміністрацыйнага арышту па двух артыкулах, аднак пасля іх на волю ён не выйшаў, паколькі адразу пасля яму дадалі яшчэ 15 сутак. Пра затрыманне лідара страйкаму паведамлялася таксама ў лістападзе і снежні.

Чытайце таксама: «Скасаванне кантракта — гэта сыход назаўсёды»: Yara накіруе на «Беларуськалій» назіральніка на паўгода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?