Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Многія бацькі не раз былі ў сітуацыі, калі ім даводзілася павышаць голас, каб іх пачулі дзеці, якія захапіліся гульнёй ці фільмам, што яны слухалі праз навушнікі. Вельмі часта гучнасць на прыладах дзяцей завысокая, што шкодзіць іх слыху, піша The Wall Street Journal.

Праблемы са слыхам становяцца ўсё больш распаўсюджаныя сярод маладых людзей. Па ацэнках Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, 12,5% дзяцей і падлеткаў ад 6 да 19 гадоў у ЗША ўжо маюць незваротныя пашкоджанні слыху ад залішняга ўздзеяння шуму.

У мінулым месяцы прадстаўнікі СААЗ заявілі, што больш за мільярд маладых людзей рызыкуюць сур’ёзна пашкодзіць слых праз праслухоўванне музыкі ў навушніках на небяспечнай гучнасці. Уплыў слухавак на слых дзяцей не адразу заўважны. Наступствы могуць з’явіцца праз некалькі гадоў, бо шкода ад уздзеяння шуму назапашваецца.

Па звестках СААЗ, штодзённы бяспечны ўзровень гучнасці складае 85 дэцыбел на працягу васьмі гадзін максімум. Пры павелічэнні гучнасці на тры дэцыбелы колькасць бяспечнага часу скарачаецца ўдвая. Таму калі вы слухаеце музыку з гучнасцю 100 дэцыбел, што эквівалентна гучнасці фена, гэта бяспечна рабіць толькі на працягу 15 хвілін.

Што можна зрабіць, каб дзеці не пашкодзілі сабе слых на ўсё жыццё? Вось некалькі парад ад экспертаў.

Правіла 80/90: аўдыёлагі сцвярджаюць, што дзецям можна дазваляць слухаць музыку на гучнасці 80% ад максімальнай на прыладзе не больш за 90 хвілін на дзень.

Калі ваша дзіця збіраецца знаходзіцца ў слухаўках больш за паўтары гадзіны, эксперты раяць абмежаваць гучнасць. Для гэтага варта выбіраць навушнікі з абмежаваннем гучнасці.

Многія брэнды ствараюць адмысловыя слухаўкі для дзяцей і падлеткаў, якія абмяжоўваюць гучнасць да 85 дэцыбел і дазваляюць бацькам рэгуляваць яе ў залежнасці ад умоў. Сярод такіх брэндаў Puro Sound Labs, JLab, LilGadgets і Onanoff.

Таксама эксперты раяць выкарыстоўваць навушнікі з добрым шумападаўленнем. Яна нятанныя, але больш бяспечныя, сцвярджаюць аўдыёлагі. AirPods Pro ад Apple, Echo Buds ад Amazon і Galaxy Buds ад Samsung — усе яны маюць тэхналогію, якая блакуе вонкавы шум, што менш шкодзіць слыху.

Акрамя гэтага, можна абмежаваць гучнасць непасрэдна на прыладах. Apple прапаноўвае некалькі спосабаў кіравання гучнасцю на айфонах і айпадах. У наладах прылады варта націснуць «Гукі і тактыльныя адчуванні», пасля — «Бяспека навушнікаў» і ўключыць функцыю «Зменшыць гукі». Таксама ў наладах можна абраць максімальны ўзровень дэцыбел, які прылада дазваляе слухаўкам.

Больш за тое, можна атрымліваць паведамленні, калі ўзровень гуку перавышае норму. Гэта можна рабіць з дапамогай мабільных дадаткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0