Нікала Стэрджэн мае намер прывесці свой народ да незалежнасці. Фота The Scotsman

У Шатландыі на выбарах 8 мая перамагла Шатландская нацыянальная партыя (ШНП). Гэтая палітычная сіла выступае за незалежнасць Шатландыі і мае намер правесці новы рэферэндум аб аддзяленні ад Вялікабрытаніі.

ШНП атрымала ў новым складзе холіруда 64 мандаты. Гэтага зусім трохі бракуе для абсалютнай большасці, для якой патрабуецца 65 месцаў. Усяго ў шатландскім парламенце 129 крэслаў.

Яшчэ 8 мандатаў атрымалі «Зялёныя», якія таксама за незалежнасць.

Шатландская нацыянальная партыя перамагае ўжо на чацвёртых выбарах запар. Аднак упершыню тры незалежніцкія партыі: Шатландская нацыянальная партыя, Зялёныя і партыя Alba былога прэм'ера Шатландыі Алекса Салманда — разам атрымалі пры галасаванні па партыйных спісах больш за 50% галасоў. У той жа час кансерватары, лейбарысты, ліберал-дэмакраты ды іншыя юніянісцкія партыі сабралі толькі 47% галасоў. Ніколі раней такога не бывала. На рэферэндуме аб незалежнасці 2014 года «за» галасавала 45% выбарцаў.

Вынік новых выбараў і рэкордная яўка на іх падштурхне ўлады Шатландыі да арганізацыі новага плебісцыту аб незалежнасці.

Шатландыя, як і Каталонія, даюць прыклад таго, што нацыянальная ідэнтычнасць прабівае дарогу да суверэнітэту ўсюды, дзе карэннай нацыі ўдаецца захавацца ў большасці на сваёй тэрыторыі, нават ва ўмовах ХХІ стагоддзя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?