Аляксандр Мурахоўскі адмаўляе, што Навальны атручаны. Фота Асашыэйтэд прэс

Міністр аховы здароўя Омскай вобласці Аляксандр Мурахоўскі прапаў без вестак падчас палявання, пішуць мясцовыя СМІ.

7 мая ён паехаў на квадрацыкле ў лес у Бальшавукаўскім раёне дый знік.

Знайшлі яго толькі праз два дні — жывым.

Аляксандр Мурахоўскі ўзначаліў Міністэрства аховы здароўя Омскай вобласці ў лістападзе 2020 года. Да гэтага ён быў галоўным доктарам бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі №1 у Омску, куды ў жніўні 2020-га пасля атручэння даставілі антыкарупцыйнага блогера Аляксея Навальнага.

Лекары Омскай бальніцы, у тым ліку і Мурахоўскі, настойвалі на тым, што ў Навальнага сімптомаў атручэння няма. Калі сям'і ўдалося вывезці Навальнага ў Нямеччыну, там у яго крыві выявілі атрутнае рэчыва «Навічок».

Намеснік галоўнага доктара Омскай бальніцы Сяргей Максімішын памёр у лютым у 55 гадоў ад сардэчнага прыступу. Гэта здарылася праз 6 месяцаў пасля атручэння Навальнага. У сакавіку памёр яшчэ адзін лекар, які працаваў у гэтай бальніцы падчас шпіталізацыі Навальнага — загадчык аддзялення траўматалогіі і артапедыі Рустам Агішаў. Прычынай смерці 62-гадовага медыка былі названыя наступствы інсульту, перанесенага ў снежні 2020 года, праз 4 месяцы пасля эпізоду з Навальным.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?