Пра гэта «Свабодзе» паведаміла жонка падсуднага. Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. На працэс не змаглі трапіць нават родныя актывіста. У будынак суду на праспэкце Машэрава, 8 яе не пусьцілі нават да дзьвярэй залі, таму яна стаіць на вуліцы, бачыла, як на працэс прыехалі сьведкі.

Уладзімера Гундара судзяць праз абвінавачаньне ў «гвалце або пагрозе гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Паводле сьледзтва, 30 сьнежня (у гэты дзень былому «аўганцу», інваліду 2-й групы Уладзімеру Гундару выставілі абвінавачаньне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму». — РС) падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў сьледчым і разьбіў свой мабільны тэлефон.

Па словах жонкі актывіста Алены, гэты эпізод вылучылі ў асобную справу. Пасьля чаго Гундару выставілі абвінавачаньне паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза гвальу ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). Паводле гэтага артыкулу Ўладзімеру Гунадару пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Па словах Алены, віны яе муж не прызнае.

60-гадовы баранавіцкі актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар, як і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы тэракту Мікалаем Аўтуховічам і Вольгай Маёравай, некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Берасьцейскае СІЗА №7. Адтуль праз свае нешматлікія лісты ён паведаміў жонцы, што менавіта ў Берасьці над ім адбудзецца суд паводле арт. 366 КК.

Уладзімер Гундар некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрыманьня праваахоўнікі прымусілі яго зьняць. У турме Ўладзімер Гундар вымушаны перасоўвацца на мыліцах.