Фота Надзеі Бужан

У мяне дзве мары, звязаныя са шляхам веры.

Па-першае, я хачу аднойчы прайсці пешшу на вяршыню Адамавага піка ў Шры-Ланцы. Вандроўка займае цалюткую ноч: чароды людзей а восьмай вечара са свечкамі выбудоўваюцца ў ланцуг і павольна імкнуцца на вышыню 2200 метраў, дзе на скале, загразлай ля ўзвышша, добра бачны адбітак нагі: будысты вераць, што Буды, індуісты — што Вішну, а ўсе астатнія — што Адама.

Хвіліна ля святыні — і ўжо на світанку, хутаючыся ад ранішняга халадку, уніз, на Зямлю, да людзей — любіць бліжняга, мець літасць да чалавечых заганаў, карацей, працягваць быццё.

Другая мара — нашмат прасцей здзяйсняльная, бо санктуарый знаходзіцца на той зямлі, дзе я жыву. Пра гэтае падарожжа я чуў ад многіх сяброў. Шлях на Будслаў. Хтось выпраўляецца туды пешшу. Хтось пад’язджае бліжэй на аўто. Але момант пераадольвання сябе, выпрабавання, змагання са стомай і смагай прысутнічае абавязкова.

Я не ведаю, чаму дагэтуль не схадзіў у пілігрымку ў Будслаў. Я не ведаю.

За гады бадзянняў па свеце я падвучыўся распазнаваць тую інтанацыю, з якой нават не вернікі, а звычайныя тубыльцы разважаюць пра сапраўды святыя месцы.

Ведаеце, калі голас на долю секунды запінаецца, а потым робіцца хрыплым. І такое нельга імітаваць. Такое ідзе ад сэрца. Чалавек пералічвае ўсё, што ёсць вартага ў нас: Ішкалдзь, Сынкавічы, Мураванка, Каложа, а пасля даходзіць да Будслава — і не можа патлумачыць нават сабе.

Што там?

Чаму не такі стары храм, выкананы ў стылі даволі распаўсюджанага ў Беларусі барока — і раптам у гэткім шэрагу. У шэрагу, дзе готыка, спрадвечная цагляна-каменная кладка, няроўныя крыжы…

А тут — дзве вежы, тры нефы.

Такога ў адной Вільні — з тузін. І ты слухаеш, як суразмоўца спрабуе выціснуць з сябе, чым выбітны той Будслаў, і разумееш сам: тут не помнік. Не архітэктура. Тут большае. Нейкая магутная прысутнасць, якую немагчыма пераказаць. Асаблівая сістэма стасункаў з Нябёсамі.

І зразумела, што і ў Мураванцы, і ў Ішкалдзі, і ў Сынкавічах месцы таксама святыя. Але там веліч, што разлітая над храмам, хаця б неяк тлумачыцца чалавеку, што не верыць. Ён разумее: готыка, тысяча гадоў — і яму, прымітыўнаму, хапае.

Будслаў — вялікі магніт. Які цягне светлых людзей. І не светлых цягне, але тыя падчас стасункаў з гэтым месцам робяцца святлейшымі. Дарэчы, ніколі не чуў пра гэтую пілігрымку ад чалавека, з якім было б непрыемна мець адносіны.

Будслаў — сховішча іконы заступніцы, Боскай Маці.

Разумееце, нашай шматпакутнай зямлі вельмі патрэбная Маці. Хтось, хто б прасіў Бога быць літасцівым да нас. Бо літасць і міласэрнасць — тое, чаго тут не хапае найперш, прыгадайма апошнія 6 месяцаў.

Літасць і міласэрнасць — якасці, уласцівыя жаночаму сэрцу. Прынамсі, менавіта ў жаночым, матуліным, сэрцы мы іх прызвычаіліся шукаць з дзяцінства. І ў Будславе зберагаецца тая наша заступніца.

Калі я пабачыў дым над стрэхамі будслаўскага храма, я адчуў: тут я запнуся, бо і мне, пісьменніку, часам не стае словаў. Нават мне, таму, хто прамаўляе пісаным, можа не хапіць дыхання.

Дык вось. Я забаяўся, што Маці нашая загіне. І што мы зробімся сіротамі.

Я ўстрымаюся ад публіцыстычных параўнанняў. Ад словаў пра тое, што полымя ў Будславе супастаўнае для беларусаў з пажарам у саборы Парыжскай Божай Маці.

Усё гэта — скалананне паветра.

Там, дзе ўзнікаюць сапраўдныя сэнсы, ладныя метафары заціхаюць. Славеснае смецце плавіцца, пабачыўшы сапраўднае гора.

Застаюцца толькі кароткія сказы.

Мне было балюча за сабор Парыжскай Божай Маці, бо калісьці ў мастацкай школе я вучыў убранства гатычных храмаў па малюнках яго інтэр’ераў. Але ў выпадку з Будславам — не, я шкадаваў не дах. Я шкадаваў не арган, за які гераічна змагаліся пажарныя (дзякуй ім!).

Я шкадаваў месца, у якое ўсё збіраўся — і ўвесь час не дазваляў сабе.

Месцы, у якія мы хочам трапіць і едзем, менш каштоўныя за месцы, куды мы збіраемся — і чамусь не дазваляем сабе паехаць.

І вось выяўляецца, што храм — нават такі храм, як Будслаўскі санктуарый Ушэсця св. Марыі — аднойчы можа знікнуць. І ты — чалавек, мураш — яго перажывеш.

Колькі вялікіх дзівосных храмаў перажылі нашыя дзяды?

Тыя самыя, якія пабачылі ссяканне крыжоў з цэркваў?

Дзякуючы таму, што Будслаў вытрываў, нам ёсць куды збірацца. Ёсць чым вымяраць свой унутраны рост. Ёсць што адкладаць на момант, калі будзем гатовыя.

Але — галоўнае — пра нас ёсць каму дбаць.

І пакуль нам крыўдна і балюча, ажно настолькі крыўдна і балюча, што не хапае слёз у вачах — нашая Маці пра нас паклапоціцца. Нашая Маці нас суцешыць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?