Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Адміністрацыі прэзідэнта да канца III квартала 2009 года прапрацаваць усе праблемныя тэхнічныя пытанні паставак і перапрацоўкі нафты ў Беларусі, а таксама вызначыцца са спісам пастаўшчыкоў нафты ў нашу краіну.

23 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях пастаўкі і перапрацоўкі гэтага віду вуглевадароднай сыравіны, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў,

што «нейкай надзвычайшчыны і зрываў» у рабоце нафтахімічнай галіны няма.
Два беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы загружаны, нафтахімічная прамысловасць забяспечваецца неабходнай сыравінай. Задавольваюцца патрэбнасць і попыт на нафтапрадукты насельніцтва, сельскай гаспадаркі і іншых галін эканомікі.

Задача ў тым, каб не толькі забяспечыць сыравінай вытворчыя магутнасці нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных прадпрыемстваў, але і дабіцца зніжэння матэрыяльных, працоўных і фінансавых выдаткаў, не дапускаць ніякіх перабояў і тым больш падаражэння гаруча‑змазачных матэрыялаў на ўнутраным рынку.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што невыпадкова на нараду былі запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нядаўнія яго сустрэчы з бізнесменамі з іншых краін паказалі, што найбольш эфектыўна рэалізуюцца маштабныя праекты і вырашаюцца любыя эканамічныя пытанні, калі бізнесмены і адказныя асобы дзяржапарату працуюць сумесна. У прыватнасці, на нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі расійскіх кампаній «Лукойл», «Газпрамнафта», «Транснафта», «ТНК‑BP» — буйнейшых пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы лічыць галоўным сёння вызначыць найбольш выгадныя як бізнесменам, так і дзяржаве меры паляпшэння супрацоўніцтва, зняць нават самыя нязначныя перашкоды і бар’еры дабіцца максімальнага эфекту ў сумеснай дзейнасці.

На думку Лукашэнкі, праблемы ў адносінах Беларусі і Расіі часта ўзнікаюць з‑за няздольнасці іх вырашаць на больш нізкім узроўні. «Часам мы з Расіяй лоб у лоб сутыкаемся яшчэ і з прычыны таго, што прадпрымальнікі, бізнесмены і ўрады пачынаюць выносіць пытанні на ўзровень прэзідэнтаў. Гэтага быць не павінна. Ні я, ні Мядзведзеў не адмаўляемся вырашаць пытанні, але толькі ў тым выпадку, калі вы іх вырашыць не зможаце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Асноўны нафтавы паток у Беларусь паступае з Расіі — у адпаведнасці з узгодненым балансам сыравіны Саюзнай дзяржавы на 2009 год у аб’ёме 21,5 млн.т. У цэлым гэтай колькасці нафты дастаткова для поўнай загрузкі вытворчых магутнасцей беларускіх заводаў. Але цяпер некаторыя расійскія кампаніі — пастаўшчыкі нафты ў мэтах атрымання большай выгады ў асобныя месяцы не выбіраюць узгодненыя раней квоты па пастаўках гэтай сыравіны на нашы перапрацоўчыя заводы, а чакаюць, калі на рынку складзецца больш прывабная кан’юнктура. У выніку гэта б’е па даходах дзяржавы ад дзейнасці беларускіх НПЗ.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца ў гэтай сітуацыі.

«Мы дамаўляліся, што калі кампанія не выконвае квоту, то яна не павінна працаваць на нашым рынку. Трэба працаваць з тымі кампаніямі, якія вытрымліваюць дамоўленасці штомесяц»,
— сказаў ён. Пры гэтым пастаўшчыкам, якія забяспечваюць стабільныя адгрузкі нафты на беларускія НПЗ, дзяржава гатова прадастаўляць больш выгадныя ўмовы работы ў Беларусі.

Лукашэнка запатрабаваў: «Неабходна выходзіць на выразныя, доўгатэрміновыя, партнёрскія адносіны. Сумленна і адкрыта весці дыялог. Таму да канца III квартала бягучага года вызначыцеся, з кім вы будзеце працаваць».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на стабільнасць работы нафтахімічнай галіны Беларусі, неабходна шукаць больш дзейсныя варыянты паставак у краіну нафты і рэалізацыі нафтапрадуктаў.
Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы галіны, атрымаць выйгрыш у бюджэтнай і валютнай сферах, на спажывецкім рынку.

Пастаўкі нафты з Расіі ў нашу краіну ажыццяўляюцца двума спосабамі: больш танным трубаправодным транспартам (18 млн.т у 2009 годзе) і чыгункай (3,5 млн.т). Як лічыць кіраўнік дзяржавы, тут існуе відавочны рэзерв для павышэння эфектыўнасці паставак нафты за кошт зніжэння транспартных расходаў.

Вырашаць гэту праблему, на думку кіраўніка дзяржавы, можна не толькі шляхам павелічэння долі паставак нафтаправодамі, але і выкарыстоўваючы чыгуначны транспарт для перавозкі большай колькасці высакаякаснай нафты. Усё гэта дасць магчымасць забяспечыць максімальна эфектыўную работу беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на працягу апошніх гадоў асаблівая ўвага ўдзялялася мадэрнізацыі прадпрыемстваў нафтаперапрацоўчай галіны, быў рэалізаваны шэраг фінансаваёмістых мерапрыемстваў, накіравана сотні мільёнаў долараў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтыя капіталаўкладанні даюць аддачу. Дзякуючы праводжанай мадэрнізацыі павялічана глыбіня перапрацоўкі нафты, гэта значыць з кожнай яе тоны атрымліваецца больш прадуктаў, якія карыстаюцца попытам. Іх якасць даведзена да высокіх міжнародных стандартаў, узгоднена ўзаемавыгадная формула цаны пастаўляемай сыравіны. Для павышэння эфектыўнасці продажаў гатовай прадукцыі на знешніх рынках створана Беларуская нафтавая кампанія. Аднак, на думку Лукашэнкі, задзейнічаны далёка не ўсе рэзервы эканоміі сродкаў, пачынаючы ад пастаўкі сыравіны і да рэалізацыі гатовай прадукцыі.

На нарадзе таксама абмяркоўвалася пытанне методыкі разліку субсідый пастаўшчыкам давальніцкай нафты з Расіі.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0