У лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў «Патрабуем разысціся», якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але Аляксей пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу. На «пакаяльным відэа» АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў: «Я вучыў рытм». 

Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона. Сам Аляксей на судзе заяўляў пра маральны ціск.

Згодна з версіяй абвінавачвання, Аляксей Санчук «пад выглядам масавых мерапрыемстваў» у Мінску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвона-белым сцягам. Гэтым ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК.

Дзяржабвінаваўца сцвярджае, што з чэрвеня па 4 лістапада 2020 года Аляксей Санчук браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансавання пратэстаў.

За блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада «Мінсктранс» выставіў яму пазоў на суму 161 900 рублёў.

Таксама па версіі следства, ён «арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яго абвінавачваюць у тым, што ён ажыццявіў навучанне асоб для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, здзяйснення гучных воплескаў рукамі, якія парушаюць спакой грамадзян. Гэта ч. 2 арт. 342 КК.

Па версіі абвінавачвання, з чэрвеня па лістапад 2020 года Санчук па папярэдняй змове з мэтай выказвання палітычных поглядаў стварыў тэлеграм-чат, які мае ў сваёй назве слова «Крыжыкі».

Па ч. 3 арт. 293 і ч. 2 арт. 293 КК (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) яго абвінавачваюць за тое, што ў яго падчас вобшуку знайшлі 67 небяспечных піратэхнічных вырабаў (кшталту «Чайная ружа», «Хвалісты папугайчык», «Шок»), петарды, газавыя балончыкі, 18 лазерных указак, аптычную сістэму назірання, пнеўматычную стрэльбу і іншае.

Санчук прызнаў сябе вінаватым па ч. 1 і 2 арт. 342, а па ч. 3 арт. 293 і ч. 2 арт. 293 КК — віну не прызнаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?