Аляксандр Бурдзялёў і Анатоль Дрыбас, стваральнікі энцыклапедыі «Арганы Беларусі». Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

«Стан аргана ад пажару моцна не змяніўся, не пацярпеў ад высокай тэмпературы: вуглі, што падалі на яго, хутка патушылі да развіцця ўзгарання, крытычнага залівання вадой важных механізмаў не адбылося. Але ў той жа час гэта не азначае адсутнасці шкоды ў доўгатэрміновай перспектыве (праз знішчэнне даху касцёла). Цяпер арган застаецца ў касцёле ў неразабраным выглядзе, за выключэннем рэштак рэгістра Vox humana і 95% драўляных труб.

Яшчэ падчас ліквідацыі пажару па просьбе пробашча кс. Дзмітрыя Дубовіка пачалося абмеркаванне магчымых тэрміновых дзеянняў па мінімізацыі шкоды для інструмента. Згодна з атрыманымі адказамі рознай падрабязнасці ад шэрагу арганолагаў было вырашана арган не разбіраць ва ўмовах малой ступені залівання — у адпаведнасці з аналагічнымі выпадкамі ў сусветнай практыцы.

Арган аказаўся заліты вадой нязначна па дзвюх прычынах:

1. На хары працягнулі пажарны рукаў, дзе працаваў пажарнік. У прыватнасці тушыў з хароў запаленыя бэлькі, што ўпалі праз купал у цэнтр касцёла, ды вуглі, якія падалі праз вентыляцыйныя адтуліны ў столі. Гэта прывяло да значнага залівання драўлянай падлогі вакол інструмента і фундамента яго корпуса. 

2. Праз вентыляцыйныя адтуліны ў столі трапіла шмат вады, але яна збіралася на нацягнутай над арганам сінтэтычнай тканіне і вылівалася практычна міма віндлад. У месцах, дзе тканіна аказалася прапаленая вуглямі, некаторая колькасць вады вылілася на віндладу другога мануала. 

Адразу пасля атрымання доступу ў касцёл былі зроблены наступныя дзеянні для прасушвання аргана:

1. Адкрылі накрыўкі віндлад.

2. Зафіксавалі ў адкрытым становішчы тонавыя клапаны.

3. Шляйфы перавялі ў становішча ўключэння рэгістраў.

У цяперашні момант на столі ліквідавалі вентыляцыйныя адтуліны над арганам і накрылі інструмент плёнкай (пакуль толькі зверху, каб не запавольваць высыханне).

Падчас пажару з аргана як мага хутчэй вынялі ўсе драўляныя трубы і рэшткі рэгістра Vox Humana. Учора ўсе ссунутыя ад гэтага металічныя трубы вярнулі на свае месцы. Металічныя трубы значных пашкоджанняў не атрымалі.

Далей чакаецца натуральнае павольнае высыханне мокрых дэталяў аргана. Далейшыя дзеянні будуць вызначацца ў адпаведнасці з сітуацыяй, якая складваецца з усім будынкам касцёла».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?