Прадстаўнік МУС адзначыў, што дзеці ў Беларусі вельмі зацікавіліся такой з'явай, як сватынг — ілжывымі паведамленнямі аб небяспецы. Паводле яго слоў, з пачатку гэтага года распачата больш за 60 крымінальных спраў за «мініраванне».

Кавалёў распавёў, што ілжывыя паведамленні аб небяспецы дзеляцца на дзве групы — тыя, якія пакідаюць па тэлефоне, і тыя, якія прыходзяць у інтэрнэце. Часам такія паведамленні «замаўляюць», напрыклад, за пройгрыш у гульні.

— Умоўна, вы мяне замаўляеце: высвятляеце мае даныя, прозвішча, мой адрас, і ад майго імя даяце паведамленні аб небяспецы той ці іншай навучальнай установы, сацыяльнага аб'екта — вакзала, аэрапорта і гэтак далей, — прывёў прыклад Кавалёў.

Прадстаўнік МУС падкрэсліў, што такая дзейнасць пакідае лічбавыя сляды, пры гэтым Беларусь супрацоўнічае па гэтым пытанні з 89 краінамі свету.

— На сённяшні дзень у Беларусі ўжо знойдзеныя такія групы. Думаю, у бліжэйшы час будзе выстаўлена абвінавачанне як мінімум тром непаўналетнім групам сватынгу: 12 гадоў, 14 гадоў і так далей, — распавёў Андрэй Кавалёў.

Ён нагадаў, што за ілжывыя паведамленні аб небяспецы прадугледжаная адказнасць аж да крымінальнай. У выпадку з 12-гадовымі фігурантамі адказнасць панясуць бацькі, на іх таксама ляжа матэрыяльнае пакрыццё выдаткаў.

Апошнім часам у Беларусі не раз «мініравалі» гатэлі, адміністрацыйныя будынкі, школы і ГЦ. Трывога, на шчасце, была ілжывай.

Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы цягне крымінальную адказнасць (арт. 340 КК), якая наступае з 14 гадоў. Прадугледжанае пакаранне ў залежнасці ад памеру нанесенай шкоды, цяжару наступстваў і іншых абставін — ад штрафу да 7 гадоў пазбаўлення волі. Пад буйным памерам шкоды, які пацягнула падобнае паведамленне, маюць на ўвазе страты на суму, якая ў 250 і больш разоў перавышае адну базавую велічыню. Пад цяжкімі наступствамі можна разглядаць парушэнне працы вакзалаў, грамадскага транспарту, аэрапортаў, зрыў масавага мерапрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0