Фота Сяргея Зініна

Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх грэка-каталіцкіх святароў Часлава Сіповіча і Льва Гарошкі, якія пераехалі ў Вялікабрытанію пасля Другой сусветнай вайны і апекаваліся духоўнымі патрэбамі беларусаў у Вялікабрытаніі. Бібліятэка — велізарная заслуга айца Аляксандра Надсана (1926-2015), падкрэсліў чалец Бібліятэчнай рады Яраслаў Крывой, піша Беларуская служба «Радыё Польшча».

— Гэта яны ўнеслі найбольшы ўнёсак у развіццё бібліятэкі. Акрамя таго, шэраг навукоўцаў беларускага і замежнага паходжання, напрыклад брытанскага, таксама бралі актыўны ўдзел у развіцці бібліятэкі. Але тых людзей, якія памятаюць заснаванне бібліятэкі, засталося не так шмат.

Фота Ігара Іванова

У бібліятэцы ёсць каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Куцейне, Вільні і Супраслі, першадрукі зборнікаў М. Багдановіча, К. Буйло, М. Гарэцкага, Я. Купалы, М. Танка, Ядвігіна Ш. і іншых беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў А. Гваньіні, А. Каяловіча і інш., творы эмігранцкіх аўтараў. У калекцыі рукапісаў аўтографы Я. Коласа, Я. Купалы (паэма «Курган»), 24 старабеларускамоўныя дакументы 1499—1682. Асобна зберагаюцца архівы Пінскага праваслаўнага духоўнага праўлення (каля тысячы дакументаў), кампазітара М. Куліковіча-Шчаглова, калекцыя старых карт. У музейных пакоях экспануюцца ўзоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, 2 слуцкія паясы і сшыты з паясоў арнат, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ і многае іншае.

Зборы бібліятэкі стала працягваюць павялічвацца. Папаўняецца перыёдыка, збіраюцца архівы аўтараў і выдавецтваў. Аднак самымі каштоўнымі з’яўляюцца кнігі і архівы, якія захоўваліся ў бібліятэцы яшчэ да развалу Савецкага Саюза.

Афіцыйнае адкрыццё бібліятэкі ў асобным будынку адбылося 15 мая 1971 года.

50-гадовы юбілей будзе адзначацца віртуальным круглым сталом. Сёння да мерапрыемства можа далучыцца кожны, — гаворыць Яраслаў Крывой.

— Гэта бясплатная падзея, яе можна знайсці, напрыклад, на старонцы бібліятэкі на фэйсбуку. На сустрэчы збяруцца тыя, хто памятае людзей, якія стаялі ля вытокаў бібліятэкі, апекуны ўстановы, навукоўцы з розных куткоў свету. Яны абмяркуюць ролю, планы, развіццё бібліятэкі. Будуць падведзены вынікі зробленага, пераасэнсаванне ролі бібліятэкі.

Скарбы нацыі: фотаэкскурсія па Беларускім музеі ў Лондане