Дэпутаты Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы вылучылі галоўную і, па‑сутнасці, адзіную ўмову прадастаўлення Беларусі статусу адмыслова запрошанага сябра ПАРЕ — абвясціць мараторы на смяротнае пакаранне ў краіне.

Вялікае эмацыйнае ўздзеянне на дэпутатаў зрабіла, як кажуць, прамова спецдакладчыка Хрыстаса Пургурыдэса, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. Дэпутат з Кіпра не ўпершыню ратуе гонар беларускай дэмакратыі. Насамрэч, гэта ўжо не смешна…

Можна зразумець чыноўнікаў беларускага МЗС і дэпутатаў палаты прадстаўнікоў. Яны расчараваны, дакладней — раз’юшаны рашэннем ПАРЕ, бо яны думалі, што запрашэнне ўжо ў іх у кішэні Мінску. А тут нечаканая ўмова…

Восемдзесят адсоткаў на рэферэндуме 1996 году галасавалі за смяротнае пакаранне. І галоўны чалавек у краіне таксама заўсёды быў супраць яго адмены. Няўжо выступіць цяпер за? Не можа такога быць! Столькі намаганняў пакладзена на тое, каб Еўропа зрабілася партнёрам РБ, не паступаючыся сваімі «прынцыпамі», не паступаючыся «вертыкальнай» уладай. І што, цяпер, з‑за жыцця некалькіх крымінальных злачынцаў, Еўропа гатова адправіць усе дамоўленасці ў сметніцу?

Тое, што менавіта жыццё чалавека — не свабода слова, не дэмакратычныя выбары, не права на рэгістрацыю партый, але чалавечае жыццё як вышэйшая каштоўнасць пакладзена ў падмурак еўрапейскай дэмакратыі, нашы чыноўнікі быццам не здагадваліся. Ці не верылі. Для іх гэта стала непрыемным сюрпрызам. Яны думалі, што словы пра дэмакратыю і правы чалавека на Захадзе — адно, а на практыцы яны нікога не хвалююць.

На жаль, не толькі чыноўнікі, але і наша дэмапазіцыя, выглядае, не ў стане гэтага зразумець. Адзін з вядомых палітыкаў адрэагаваў на рашэнне ПАРЕ так — гуманізм гэта добра, канечне, але ж трэба, каб Еўропа яшчэ дамаглася справядлівых выбараў для Беларусі.
Вось тады ўсё будзе ОК. Апазіцыйны палітык кажа так, не разумеючы, што не можна быць Еўропай, ставячыся да жыцця чалавека па‑азіяцку.

У Іране нядаўнія выбары прайшлі больш‑менш дэмакратычна: там мелі месца, відавочна, падтасоўкі пры падліку галасоў, але былі, прынамсі, перадвыбарныя дэбаты, было спаборніцтва раэльных кандыдатаў. Але стаўленне ўладаў да людзей, якія выйшлі з пратэстам на вуліцы, паставіла ўсё на свае месцы. Ніхто не ведае, колькі было забіта людзей падчас вулічных дэманстрацыяў — 9 чалавек, 17, сотні? Улады не лічаць ахвяраў і не лічацца з людзьмі. Іх папярэдзілі, што будуць забіваць пратэстоўцаў і надалей, бо яны — ворагі ісламскай дзяржавы. У якой афіцыйна пануе не дэмакратыя, дарэчы, але тэакратыя. Каштоўнасці заходняй дэмакратыі абвешчаны ў Іране спараджэннем д’ябла. Такая пазіцыя выглядае, прынамсі, больш шчырай і паслядоўнай, чым заявы аб тым, што мы ідзем у Еўропу, а нам нехта ўстаўляе палкі ў колы.

Я задаю сам сабе пытанне — а ці сапраўды мы ўсе, беларускае грамадства, хочам у Еўропу? Спажываць так, як у Еўропе, жыць у такіх умовах, як там, зарабляць на Захадзе мы, канечне, не супраць. А ці гатовы мы прыняць еўрапейскія каштоўнасці? Ці яны для большасці з нас застаюцца пустым гукам?

А магчымасць жа сапраўды далучыцца да цывілізаванага свету, дзякуючы Еўропе, для нас цяпер рэальная, як ніколі.

Менавіта пра скасаванне варварскага звычаю караць смерцю, а не пра малако і эканамічны крызіс, не пра прэзідэнцкія выбары 2011 году павінна, найперш, казаць апазіцыя. Зразумела, сёння гаварыць пра гэта позна. Не пачуюць і не зразумеюць. Ды і не павераць тым, хто ўсе гады перад тым калі і гаварыў пра скасаванне смяротнага пакарання, дык напаўголасу. Бо — «непапулярная тэма». Дарэчы, і тэма мовы, права беларусаў карыстацца сваёй галоўнай культурнай каштоўнасцю, для многіх апазіцыянераў застаецца непапулярнай.

Калі мы не паважаем саміх сябе, дык за што нас паважаць еўрапейцам, якіх мы апошнім часам дружна абвінавачваем у нейкай здрадзе? Здрадзе чаму — нашым дэмакратычным ідэалам? А яны ў нас ёсць?

Не існуе ніякіх рацыянальных доказаў у падтрымку смяротнага пакарання. Таксама, як не існуе рацыянальных аргументаў супраць. Часцей за ўсё, у сваім стаўленні да яго мы кіруемся эмоцыямі. Калі мы даведваемся, што чарговы маньяк забіў некалькі чалавек, нам хочацца самім забіць мярзотніка! Прынамсі, нам здаецца, што забілі б…

Але ж існуе цэлая дзяржаўная інстытуцыя. Ходзяць на працу людзі, атрымліваюць там зарплату, маюць адпачынак, пенсію. Напэўна, малако ім даюць за шкоднасць. За тое, што страляюць асуджаным на смерць у патыліцу. Яны не ман’які, гэта іх прафесія. Запатрабаваная дзяржавай і грамадствам. Ад імя дзяржавы можна забіваць дзясяткамі, як у Іране, нават мільёнамі, як гэта было пры Гітлеру і Сталіну. Гэта ж усяго толькі статыстыка. А што ўжо казаць пра некалькіх зніклых? Іх лёс быццам бы не маюць да нас дачынення.

Перыфразуючы французскага караля‑«сонца», дзяржава — гэта мы. Такая і дзяржава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?