Штодзённыя кантакты з іншымі людзьмі ўзмацняюць нашу імунную сістэму. У 1989 годзе эпідэміёлаг Дэвід Стрэйкен упершыню агучыў «гігіенічную гіпотэзу», згодна з якой залішняя чысціня выклікае дэфекты імуннай сістэмы, што прыводзіць да такіх захворванняў, як алергія або дыхавіца. Насамрэч многія звесткі пацвярджаюць ідэю, што ўздзеянне розных мікробаў дапамагае нашай імуннай сістэме развівацца.

Аднак за апошні год людзі шмат сядзелі дома, мінімізавалі кантакты з іншымі і значна больш увагі надавалі дэзынфекцыі. Як гэта паўплывала на імунную сістэму?

Грэм Рук, мікрабіёлаг з Універсітэцкага каледжа Лондана, прапанаваў альтэрнатыву гігіенічнай гіпотэзе ў 2003 годзе. «Гіпотэза старых сяброў» Рука сцвярджае, што па меры эвалюцыі чалавека імунная сістэма прыстасавалася да мікробаў, з якімі мы сутыкаемся штодня. Але каб наша сістэма развівалася і далей, неабходна падвяргаць арганізм уздзеянню гэтых «старых сяброў» — мікробаў, піша The Guardian.

«Наша імунная сістэма — гэта сістэма навучання, як і мозг», — тлумачыць Рук. Наша прыроджаная імунная сістэма ўзмацняецца «адаптыўнай» імуннай сістэмай, што збірае звесткі пра мікробы, з якімі мы сутыкаемся штодня, і вызначае, якія з іх бяспечныя, а якія не. Без гэтых звестак імунная сістэма пачынае атакаваць тыя мікраарганізмы, якія не павінна, што можа выклікаць алергію ці дыхавіцу.

Пакуль чалавек стане дарослым, ён сутыкнецца з трыльёнамі мікраарганізмаў, якія сфармуюць яго мікрабіём, што будзе дастаткова стабільным і ўстойлівым. Таму год ізаляцыі для дарослых наўрад ці неяк сур'ёзна паўплывае на механізмы імуннай сістэмы. Аднак што тычыцца дзяцей, то тут навукоўцы занепакоеныя наступствамі ізаляцыі для маладых арганізмаў. Знаходжанне ў памяшканні на працягу доўгага часу без кантактаў з людзьмі і прыродай абмяжоўвае колькасць мікробаў, што мусяць трапляцца на шляху дзяцей падчас фармавання іх імуннай сістэмы.

Байрам Брайдл, імунолаг з Універсітэта Гвельфа ў Канадзе, з пачатку глабальнай ізаляцый не турбаваўся наконт развіцця імунітэту ў дзяцей, бо дзеці могуць не выходзіць з дома на працягу некалькіх тыдняў, калі хварэюць, або падчас вакацый. Аднак праблема ў тым, што ізаляцыя расцягнулася на год, таму хутчэй за ўсё гэта будзе мець негатыўны ўплыў на нашых дзяцей, лічыць Брайдл.

Розныя даследаванні выявілі, што праблемы ўзнікаюць часцей, калі малыя дзеці маюць абмежаванае ўздзеянне мікробаў. Эксперты лічаць, што, акрамя алергіі і аўтаімунных захворванняў, дрэнная імунарэгуляцыя можа прывесці да дыябету, атлусцення або сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Аднак дакладна даведацца, ці выклікала ізаляцыя імуналагічныя парушэнні ў дзяцей, навукоўцы змогуць толькі праз некалькі гадоў.

Яшчэ адно магчымае наступства ізаляцыі — успышка вірусных інфекцый. Даследчыкі мяркуюць, што наша імунная сістэма будзе горш прыстасаванай да барацьбы з вірусамі пасля года самаізаляцыі. Напрыклад, з кастрычніка да лістапада 2020 года ў Ганконгу зноў адчыніліся школы, пасля чаго была зафіксаваная вялікая колькасць успышак прастуды. Эксперты мяркуюць, што такі эфект будзе ў многіх школах пасля заканчэння лакдаўну.

У студзені 2021 года даследчыкі выявілі, што ўзровень заражэння грыпам знізіўся да мінімуму, які апошні раз назіраўся 130 год таму. Гэтаму паспрыяла сацыяльная дыстанцыя і інтэнсіўная дэзынфекцыя рук. З аднаго боку, гэта можа падацца добрай навіной, але праблемы могуць пачацца падчас наступнай успышкі грыпу.

Справа ў тым, што вірус грыпу муціруе штогод, таму кожны год навукоўцы змагаюцца з прынцыпова рознымі варыянтамі. Гэта значыць, што кожны год змяняюцца і прышчэпкі, бо даследчыкі распрацоўваюць вакцыну на аснове штаму, які быў распаўсюджаны апошнім. Аднак пасля ізаляцыі навукоўцам прыйдзецца мець справу з вакцынамі, заснаванымі на варыянтах, што цыркулявалі два гады таму, а не летась.

Таму эксперты сцвярджаюць, што дзецям неабходна больш быць на свежым паветры і ўзаемадзейнічаць з навакольным асяроддзем, каб узмацняць сваю імунную сістэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0