Фота The New York Times

Нечаканая сонечная рэвалюцыя адбылася ў рэгіёне на паўночным захадзе Сірыі, які кантралюецца паўстанцамі. Вялікая колькасць людзей, чый лёс быў разбураны дзесяцігадовай грамадзянскай вайной у краіне, пачала выкарыстоўваць сонечную энергію, бо гэта адзіная і самая танная крыніца электрычнасці для многіх жыхароў, піша The New York Times. 

Сонечныя батарэі розных памераў усталяваныя паўсюль у раёне Ідліб, што знаходзіцца ўздоўж мяжы Сірыі з Турцыяй.

На Захадзе сонечныя панэлі лічацца прыкметай дастатку, а ЗША, напрыклад, інвеставалі мільярды даляраў у развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі.

Аднак сонечны бум у Сірыі звязаны не з барацьбой з кліматычным крызісам і жаданнем зменшыць вугляродны след. У паўночна-ўсходнім раёне Сірыі — гэта адзіны спосаб выжыць, бо ўрад адключыў ад правінцыі электраэнергію, а імпартнае паліва для прыватных генератараў людзі проста не могуць сабе дазволіць.

Правінцыя Ідліб стала арэнай паўстанцкіх дзеянняў на пачатку вайны. Менавіта таму сірыйскі ўрад выключыў гэты раён з нацыянальнай энергасістэмы, заснаванай на нафтавых і газавых электрастанцыях.

Спачатку мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі ўласныя генератары — невялікія прылады з дызельным рухавіком для электрыфікацыі. Пастаянны рык ад генератараў і таксічны дым сталі неад’емнай часткай жыцця ў гарадах, што кантралююць паўстанцы.

Доўгі час большая частка паліва паступала з усходу Сірыі, які кантралявала так званая «Ісламская дзяржава». Аднак у 2019 годзе групоўка страціла кантроль над тэрыторыяй Сірыі, пасля чаго жыхары пачалі імпартаваць паліва з Турцыі. Але рэзкі рост цэн на імпартнае паліва вымусіў сірыйцаў звярнуцца да альтэрнатыўнай энергетыкі.

Цяпер продаж сонечных батарэй у раёне Ідліб — прыбытковы бізнэс. Попыт на панэлі расце, бо людзі выкарыстоўваюць іх паўсюль і для самых розных мэт — ад зарадкі тэлефонаў да сілкавання начных ліхтароў. Хоць на пачатку сонечныя панэлі не такія і танныя, затое пасля можна забыцца пра плату за электраэнергію назаўсёды.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?