Украінская рэвалюцыя не грэбавала алігархамі, а амерыканская перамагла дзякуючы падтрымцы французскага абсалютызму. Паўстанне ў Іране мае шанцы таму, што за ім стаяць аятолы‑мільярдэры. Піша ўсходазнаўца Сяргей Богдан.

Выбіраючы пару тыдняў таму паміж вандроўкай ва Узбекістан і паездкай у Іран, я, не вагаючыся, з’ехаў ва Узбекістан. Ну што там глядзець на выбарах, думалася мне. Аднак ужо ў выбарчую пятніцу мае іранскія сябры патэлефанавалі мне: такога нахабнага фальшавання мы яшчэ не бачылі! Падтасоўка выбараў у Іране яшчэ не стала нормаю палітычнага жыцця.

Гэты шок тлумачыць, чаму столькі людзей выйшла на вуліцы. Новым у дэманстрацыях пратэсту быў і іх нечуваны размах — Мусаві лёгка збірае сотні тысячаў людзей пад свае штандары — і склад удзельнікаў. Папярэдні вялікі іранскі бунт вясны‑лета 1999 года іранскі публіцыст Навід Кермані назваў «рэвалюцыяй дзяцей». Тады бунтавалі студэнты, якім не бракавала смеласці, але не ставала сувязі з «народам». Марна «Эканаміст» прарочыў канец ісламскага рэжыму, усё заціхла.

У наступныя гады былі новыя дэманстрацыі, драбнейшыя і буйнейшыя, былі шматтысячныя акцыі ў абарону асуджанага на смерць Агаджары, але падвалінаў рэжыму яны не чапалі.

Сёння ж на вуліцы выходзяць прадстаўнікі самых розных пластоў насельніцтва, у тым ліку і больш заможных. Таму ўлада і не можа так радыкальна расправіцца з дэманстрантамі, як у 1999 годзе. Адна справа — разганяць радыкальную моладзь, зусім іншае — страляць па буржуазіі і служачых, што масава выйшлі на вуліцы цяпер.

Для Махмуда закон не пісаны

Не Мусаві пагражае дзяржаўнаму ладу ў Іране. Найцяжэйшы ўдар па падвалінах Ісламскай рэспублікі зрабіў не хто іншы як Ахмадзінежад. Гэты абраны праз сваю антыкарупцыйную праграму былы бурмістр Тэгерана адразу вылучыўся на прэзідэнцкай пасадзе дзвюма асаблівасцямі — хваравітай перакананасцю ў тым, што яму Усявышнім давераная высокая місія, ды эпатажным рэвізіянізмам.

З аднаго боку, Махмуд заявіў, што адчуваў над сваёй галавой арэол падчас выступу ў ААН, — і не пачырванеў нават, калі яго высмеялі за тое прылюдна прадстаўнікі духавенства. З другога — ставіў пад пытанне ўсё. Сусветную публіку шакавала ягонае адмаўленне нацысцкіх зверстваў у часе Другой сусветнай, але іранскую публіку найбольш шакавала, калі прэзідэнт у тэлепрамове стаў хваліцца, што вайна з Іракам у 1980‑я скончылася б перамогай, калі б краінай тады кіраваў ён. Гэтай заявай Ахмадзінежад атакаваў увесь іранскі палітычны істэблішмэнт, а ўскосна — самога заснавальніка ісламскай рэспублікі — Хамейні.

Вяршыняй дэмагагічнага дару сталі яго спробы на тэледэбатах давесці, што інфляцыя ў Іране за яго часамі нават знізілася, хаця не трэба быць эканамістам, каб бачыць, што цэны растуць усё шпарчэй. Гэта, урэшце, пярэчыла статыстыцы, якую складае ягоны ж урад.

Перакананы ў сваім месіянскім прызначэнні для Ірана і свету, Ахмадзінежад пачаў ламаць асноўныя няпісаныя законы іранскай унутранай палітыкі, што склаліся за гады існавання Ісламскай рэспублікі.

Па‑першае, у Іране ўплыў быў размеркаваны паміж рознымі палітычнымі сіламі, якія кантралявалі розныя галіны ўлады. Прыкладам, калі ў Радзе назіральнікаў сядзіць экстрэміст‑аятала Мэсбах‑Яздзі, дык у Асамблеі экспертаў старшынюе яго непрымірымы апанент Алі Акбар Хашэмі‑Рафсанджані.

Пры Хатамі судовая ўлада зачыняла газеты сёння, а міністэрства выдавала ліцэнзіі на іх выпуск тымі ж людзьмі пад іншымі назвамі ўжо назаўтра. У такой канкурэнцыі груповак і плыняў кшталтаваўся своеасаблівы плюралізм іранскай палітыкі.

Але тут з’явіўся Ахмадзінежад, які пачаў выціскаць усіх «не‑сваіх» з уладных установаў пад лямант пра карупцыю. Якая, вядома, ёсць, але паказальна, што за ўвесь тэрмін свайго прэзідэнцтва Махмуд так і не даказаў аніводнага буйнога карупцыйнага злачынства. Дзейнасць Ахмадзінежада пярэчыла законам іранскай палітычнай сцэны, акторы якой прызвычаіліся былі да стылю папярэдняга прэзідэнта Хатамі, які не наважваўся жорстка браць пад кантроль дзяржустановы і ў выніку цягам васьмі гадоў не змог ажыццявіць планаваных пераўтварэнняў. Махмуд, перакананы ў сваёй Боскай місіі, ліберальных забабонаў не меў — дзеля вяртання доўгачаканага Месіі можна і галасы інакш палічыць. Анягож, ён прыйшоў браць уладу, каб наблізіць час прыходу Боскай Справядлівасці ў свет, а таму людскія законы для яго былі неістотныя.

Тое, што апошнія выбары адбыліся менавіта так, як яны адбыліся, — з фантастычнымі фальшаваннямі, і тое, што з установы, якая ладзіла выбары, — Міністэрства ўнутраных справаў — амаль не было ўцечак інфармацыі пра фальшаванні, было заслугай Ахмадзінежада. Такога ў Іране яшчэ нікому не ўдавалася, калі не лічыць зрынутага шаха — таксама аматара элегантных перамог у 1950 — 1970‑я гады. Той круціў народным волевыяўленнем, бо прагнуў зрабіць Іран звышдзяржавай, а гэты дзейнічае з эсхаталагічных меркаванняў.

У выніку Ахмадзінежад сутыкнуўся з супрацівам не толькі рэфарматараў, але і колішніх аднадумцаў‑кансерватараў.

Супраць яго і ягоных хаўруснікаў не раз выступаў Алі Ларыджані — кіраўнік парламенту, адзін з самых уплывовых іранскіх палітыкаў, аўтар ідэі выратавання рэжыму праз аднаўленне ядравай праграмы. Знішчальныя атакі на Ахмадзінежада і ягонае махлярства са статыстыкай зрабіў на апошніх выбарах кандыдат‑кансерватар Мохсэн Рэзаі, былы шматгадовы камандзір Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі. Апанаваны кансерватарамі парламент не раз адхіляў кандыдатуры прапанаваных прэзідэнтам міністраў.

Ці магчымая ў Іране дыктатура?

Другім ударам па Ісламскай рэспубліцы было тое, што апошнія выбары былі адназначна ўспрынятыя шырокімі пластамі насельніцтва як скрадзеныя. Між тым, параўнальна свабодныя выбары ляжалі дагэтуль у аснове легітымнасці іранскага рэжыму, гарантавалі, што мэйнстрымная апазіцыя застанецца ў полі мірнай палітыкі, і за зброю ўхопяцца хіба толькі маргінальныя экстрэмісцкія групоўкі. Двума стаўпамі цяперашняй іранскай улады былі яе ісламскасць і рэспубліканскасць, хай сабе і ў трактоўцы імама Хамейні — першага «рахбара» (г.зн. «правадыра» на фарсі). Гэта карэнным чынам адрознівала яе ад саудаўскай тыраніі і талібскага цемрашальства ў Афганістане. Цяпер жа Ахмадзінежад і яго хаўруснікі фактычна выкідаюць прынцып рэспубліканскасці, без якой іранскі рэжым ператворыцца ў копію талібскай дыктатуры.

Дзяржаву талібскага тыпу ў Іране не збудуеш, бо зашмат пісьменных людзей у гэтай краіне і занадта яна сучасная.

Значыць, будзе папулісцкая дыктатура. У адрозненне ад большасці еўрапейскіх палітыкаў, Ахмадзінежад кіруецца не прынцыпамі рэалістычнасці, а прынцыпам Боскага наканавання, якое ведае толькі яго духовы настаўнік, і ідзе напралом.

Гэткая пазіцыя прэзідэнта паставіла пад пагрозу само існаванне традыцыйнай палітычнай эліты. Вось чаму Ахмадзінежад не можа так проста раздушыць пратэсты, нягледзячы нават на падтрымку Правадыра — аяталы Хаменеі. Зашмат тых, хто супраць, — адкрыта альбо таемна.

Прыхільнікі Ахмадзінежада сапраўды ставяцца да яго як да месіі. Гэта пераважна менш заможныя людзі.

У Іране сацыяльнае расслаенне мае выразныя формы, якія нам у Беларусі цяжка сабе ўявіць. Класы маюць розную культуру, нават «міжкласавыя» шлюбы — рэдкая з’ява. Мае месца і класавая варожасць.

Ахмадзінежад спасылаецца на інтарэсы паспалітых людзей, якія ён нібыта бароніць, ездзіць па краіне, шчодра раздаючы грошы. Вынікам ёсць інфляцыя і далейшае збядненне, але крыўда на ўсе беды скіроўваецца супраць «багатых» і «карумпаваных», якія, маўляў, Махмуду «мяшаюць». На глебе такіх настрояў Ахмадзінежад стварыў сабе сваё палітычнае поле, дзе дзейнічаюць ягоныя ўласныя законы і дзе няма месца тым, хто нязгодны.

Разам з Ахмадзінежадам абрынецца сістэма?

Дэманстранты ў Іране маюць шанцы перамагчы, бо супрацьстаіць ім далёка не маналітная дзяржаўная машына, многія часткі якой супрацьдзейнічаюць адна адной. Не забываймася, што Ісламская рэвалюцыя таксама доўжылася амаль паўтара года, перш чым шах уцёк з краю у студзені 1979‑га.

Выбары паглыбілі старыя расколіны ў палітычнай эліце Ірана. У прыватнасці, тлее напруга між цяперашнім правадыром краіны (галоўным клерыкам, што наглядае за палітычным працэсам і ўмешваецца ў яго пры пільнай патрэбе) аяталом Хаменеі і звышзаможным і ўмераным па палітычных поглядах аяталом Рафсанджані.

Рафсанджані пачаў браць удзел у падпольным палітычным змаганні шмат раней за Хаменеі — яшчэ ў 1950‑я і за шахам адседзеў 9 гадоў у турме. Рафсанджані меў прычыны не любіць «выскачку» Хаменеі, але стары ліс працаваў з ім, пакуль быў прэзідэнтам.

Бой паміж Рафсанджані і Ахмадзінежадам ідзе насмерць: «за падбухторванне мітынгаў» арыштавалі дачку, унучку і яшчэ траіх сваякоў Рафсанджані…

Гульня з многімі невядомымі

Складаныя палітычныя раскладкі дазволілі Мусаві і ўсяму рэфарматарскаму табару займець сабе магутную матэрыяльную падтрымку. Шырокая кааліцыя з удзелам кансерватараў, якія разумеюць, што наступнымі пасля лібералаў Махмуд з’есць іх, дае шанцы людзям адстаяць рэспубліканскія свабоды.

Што зробіш, украінская рэвалюцыя не грэбавала алігархамі, а амерыканская перамагла выключна дзякуючы падтрымцы французскага абсалютысцкага рэжыму. Жыццё часам — гэта не выбар паміж добрым і кепскім, а выбар паміж дрэнным і яшчэ горшым.

Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0