Фота pixahive.com

Галаўныя болі і мігрэні — дужа распаўсюджаная з’ява. Напрыклад, амаль у кожнай чацвёртай амерыканскай сям’і хаця б аднаму чалавеку даводзіцца пакутаваць ад мігрэняў.

Дактары лічаць, што, калі чалавек рэгулярна мае галаўныя болі напружання і мігрэні, але добра сябе адчувае ў прамежках паміж болямі, яму не трэба ні пра што турбавацца — акрамя, зразумела, пазбаўлення ад непрыемных сімптомаў. Але калі боль прымае незвычайны характар, гэта можа быць сігналам таго, што здароўю пагражае сур’ёзная небяспека, піша Huffpost.

Па-першае, варта ўважліва ставіцца да раптоўнага і вельмі моцнага прыступу галаўнога болю, асабліва калі раней у вас увогуле не балела галава. Такі боль можа быць прыкметай анеўрызмы галаўнога мозгу. Падчас гэтай хваробы сценкі крывяноснага сасуда ў мозгу робяцца слабымі, і праз гэта ў ім з’яўляецца выпукласць, дзе накопліваецца кроў. З цягам часу кроў можа пачаць выцякаць з сасуда ці ўвогуле яго разарваць, што выклікае інсульт, таму пры з’яўленні такога болю варта максімальна тэрмінова звярнуцца да медыкаў.

Калі ж чалавек заўважае ў сябе пастаянны галаўны боль, які да таго ж узмацняецца раніцай, гэта можа быць прыкметай пухліны галаўнога мозгу. Звычайна такія болі маюць месца якраз у той частцы галавы, дзе знаходзіцца пухліна.

Фота pixabay.com

Трэба быць уважлівымі і да камбінацыі галаўнога болю з іншымі сімптомамі. Напрыклад, разам з ліхаманкай, сыпам і скаванасцю мускулаў шыі боль можа сведчыць пра заразную хваробу кшталту менінгіту. Гэта вострая бактэрыяльная інфекцыя, якая закранае абалонку мозгу. А галаўны боль разам з ліхаманкай, стратай або зменай пачуццяў смаку ці нюху ды стомленасцю — прыкметы кавіду.

Існуюць і іншыя тыпы галаўных боляў. Яны ўзнікаюць, калі чалавек устае на ногі, або пагаршаюцца з цягам часу. Яны могуць сведчыць пра занадта вялікі ці занадта малы ціск. Увогуле трэба шукаць прычыну любога хранічнага болю, тым больш калі ён абвастраецца.

Нарэшце, трэба ўлічваць узрост таго, хто пакутуе на галаўны боль. Калі гэтаму чалавеку не менш за 50 гадоў і раней у яго ніколі не балела галава, боль можа быць сімптомам хваробы пад назвай скроневы артэрыіт. Яе сутнасць у тым, што ў артэрыях галавы пачынаецца запаленне, што прыводзіць да моцных боляў, праблем са зрокам і адчування слабасці. Таму, калі характар галаўных боляў у такім узросце змяніўся, гэта таксама прычына наведаць доктара.

Такім чынам, тэрміновая медыцынская дапамога патрэбная ў выпадку, калі галаўны боль сумяшчаецца з неўралагічнымі сімптомамі, напрыклад: праблемамі са зрокам, слабасцю ў канечнасцях і/ці неразборлівым маўленнем. Калі ж звыклы для чалавека боль кардынальна змяняецца, гэта яшчэ не падстава выклікаць хуткую, але варта прызначыць візіт да доктара на найбліжэйшы час. У выпадку са сталымі, але не надта інтэнсіўнымі болямі лепей проста паведаміць пра іх доктару пры наступнай магчымасці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?