Гэтае рашэнне стала неабходным у сувязі з арыштам кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва. Ад 12 красавіка ён знаходзіцца ў «амерыканцы» па справе аб «замаху на Аляксандра Лукашэнку».

Вадзім Саранчукоў. Фота «Новы час».

Вадзім Саранчукоў. Фота «Новы час».

«Ніякіх змен фактычна не адбылося. Старшынёй быў і застаецца Рыгор Кастусёў. Я не кірую партыяй, партыяй кіруе Сойм. Таксама ёсць управа, якая рашае бягучыя пытанні. Для выканання тэхнічных функцый нам патрэбны выканаўца абавязкаў. Гэта хутчэй тэхнічнае прызначэнне, а не палітычнае рашэнне», — кажа Вадзім Саранчукоў.

Ці не страшна яму ў такіх палітычных умовах ускладваць на сябе новыя абавязкі?

«У сённяшніх умовах усё, што я раблю, ляжыць у прававым полі. Мне не страшна ні за што, чым я займаюся».

Якія галоўныя задачы на гэты момант стаяць перад Партыяй БНФ?

«Самае асноўным, што мы цяпер робім — гэта забеспячэнне дзейнасці арганізацыі, вызваленне палітвязняў і арганізацыя працэсаў, ускладзеных на палітычную партыю. Цяпер ідзе дыскусія па фармаце ўдзелу ў палітычных кампаніях, наколькі гэта магчыма і мэтазгодна. Рашэнняў пакуль што няма. Тым не менш ігнараваць палітычныя працэсы, што адбываюцца ў краіне, партыя не мае права».

Ці пачаўся ўжо працэс перарэгістрацыі БНФ, пра якую неаднаразова гаварыла кіраўніцтва краіны? «На сёння афіцыйных папер аб пачатку перарэгістрацыі мы не атрымлівалі. Пра гэта шмат гаворыцца, але мая юрыдычная адукацыя не дазваляе сказаць, што мы цяпер знаходзімся ў стане перарэгістрацыі. Усе папярэднія запыты Міністэрства юстыцыі мы задаволілі ў тых аб’ёмах, якія адпавядаюць заканадаўству», — гаворыць Саранчукоў.

Па адукацыі Вадзім правазнаўца, скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. На гэты момант працуе рамеснікам. У грамадскім жыцці Саранчукоў бярэ ўдзел з 1998 года. Быў актывістам «Маладога фронту». У 2002 годзе нават вылучаўся на старшыню арганізацыі, але прайграў выбары Паўлу Севярынцу. Ад 2017 года з’яўляецца намеснікам старшыні Партыі БНФ. Жанаты, мае траіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?