1.Морквы замест патронаў

Чырвоная барэтка, штаны хакі і куляметныя стужкі з моркаўкамі замест патронаў. Не, тое не летняя калекцыя Жана Поля Гацье, гэта новае аблічча Лідзіі Гевары. Унучка камандантэ Чэ ідзе ягоным шляхам… амаль што ягоным. Таксама прагне рэвалюцыі, але, у адрозненні ад дзеда, не жадае карыстацца агнястрэльнай зброяй.


Лідзія Гевара

24-гадовая Лідзія Гевара знялася для агітацыйнай кампаніі таварыства РЕТА, якое займаецца абаронай жывёлаў. Лідзія, вегетарыянка, была абраная сярод некалькіх прэтэндэнтак, але не апошняе ролю ў тым абранні сыграла яе сваяцтва з кубінскім рэвалюцыянерам. Унучка жыве ў зненавідных дзедам Штатах. Яна сцвярджае, што стыль жыцця вегетарыянцаў — сам па сабе рэвалюцыя, а менавіта таму прыцягвае па ўсім свеце ўсё больш прыхільнікаў. Прэсавы сакратар жывёлаахоўчай арганізацыі Майкл Макрэга дадае, што сама прысутнасць нашчадка Эрнэста Чэ Гевары падсцёбвае людзей далучыцца да вегетарыянскай рэвалюцыі.

Як і іншыя арганізацыі, РЕТА ведае, як пры дапамозе знакамітасцяў прыцягнуць увагу СМІ. Напрыклад яны задзейнічалі Пола Макартні, які нядаўна узначаліў кампанію «Вольны ад мяса панядзелак», дзе заклікаў раз на тыдзень пільнавацца вегетарыянства.

2. Рэвалюцыя як тавар

Сёння, 42 гады пасля смерці, Чэ Гевара – хутчэй маскультавая і рэкламная ікона, чым ідэалагічная.


Уладзімір Цеслер і Сяргей Войчанка

Пасля дзесяцігоддзяў медыйнага бясслаўя гэты вобраз быў падняты на шчыт шалёна папулярным у 90-я металёвым гуртом Rage Against the Machine. Рокеры змясцілі выяву Чэ Гевары на майкі ўпоравень з назвай сваёй групы.

Ідэя зладзіць рэвалюцыю на асобна ўзятым пузе займела плён: стуль саколкі і бейсболкі з партрэтам барадатага чалавека ў барэтцы прадаюцца мільённымі партыямі.

Рокеры адно хацелі дабіцца адраджэння бунтоўнага духу, але ўрэшце чалавецтва атрымалі яшчэ аднаго рэкламнага персанажа, цудоўна дапасаванага да мяцежных поцягаў моладзі. І, разам разам з тым, здольнага прыносіць неблагія прыбыткі. Нездарма расейскі празаік Віктар Пялевін змясціў твар Чэ Гевары ў атачэнні таварных знакаў «Пепсі-Колы» і «Кока-Колы» на вокладку свайго рамана «Generation П», прысвечанага сучаснаму грамадству спажывання.

Ужо як роздум над прыродай асвятлення значных падзей у СМІ, беларускія мастакі Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка прыдумалі цэлую серыю арт-саколак з выявай Чэ Гевары, кожная з якіх прадстаўляе нейкую вялікую катастрофу ці бедства, што напаткалі чалавецтва ў ХХ ст. Многія з іх, паводле дзіўнага збегу абставінаў, пачынаюцца на «Чэ»: Che choslovakia 1968, Che rnobyl 1986, Che llenger 1986, Che chnya 1994 і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?