У сераду 12 ліпеня 2006 г. распачалася ў Віцебску XII Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў, якая ў дні 12 – 15 ліпеня пройдзе традыцыйны шлях з Віцебска – месца мучаніцтва св. Язафата да ягонай катэдры – Святой Сафіі ў Полацку.

У гэтым годзе з блаславення Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея Гаека агульнай тэмай духоўных разважанняў падчас пілігрымкі з’яўляецца заклік «Трывайце моцнымі ў веры». Кожны дзень прысвечаны малітве ў розных інтэнцыях. Серада – гэта дзень малітвы за сем’і, дзяцей і моладзь, чацвер – дзень малітвы за святароў, семінарыстаў, манахаў і манахіняў, пятніца – дзень посту і малітвы за рэгістрацыю новых парафіяў і пабудову храмаў. Субота – 15 ліпеня – будзе днём малітвы за памерлых, за ахвяраў войнаў і пераследу. У той жа дзень узгадваецца пяцёра полацкіх манахаў-базыльянаў, што прынялі пакутніцкую смерць у саборы Святой Сафіі ў 1705 г.

Напярэдадні пілігрымкі, у аўторак вечарам 11 ліпеня пілігрымы маліліся на Ўспенскай горцы ў Віцебску, месцы забойства св. Язафата. З блаславення біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна ў сераду раніцай у катэдры лацінскага абраду ў Віцебску ераманах Лявонцій – протарэзбітар усходняга дэканату візантыйскага абраду ўзначаліў Боскую Літургію, пасля якой амаль сотня ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Украіны і Расіі пачалі чатырохдзённы «подзвіг пілігрымкі». Па дарозе далучацца да іх новыя пілігрымы.

Нядзеля 16 ліпеня будзе Днём падзякі за 15 год адноўленай душпастырскай дзейнасці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі. У царкве св. Параскевы Полацкай (Полацк вул. Новасёлаў, 70) а 10 гадзіне святочную Боскую Літургію, у якой будуць удзельнічаць святары візантыйскага і лацінскага абрадаў, узначаляць Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Марцін Відавіч і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек.

У рамках урачыстасці ўзгадаюцца Сведкі веры – даўнія і сучасныя: «стастотерпцы» Барыс і Глеб (+1015) – Апекуны манаскай супольнасці Студытаў у Полацку, свв. Еўфрасіння і Параскева Полацкія, св. Язафат Кунцэвіч – Арцыібіскуп Полацкі, полацкія пакутнікі – манахі базыльяне (+ 1705), бласл. святамучанік Мікалай (Чарнецкі) – Апостальскі Візітатар (+1959), а. Антон Неманцэвіч – Апостальскі Адміністратар (+1943, Мінск), Слугі Божыя – Архімандрыты Фабіян Абрантовіч (+1946) і Андрэй Цікота (+1952) і біскуп Чэслаў Сіповіч – Апостальскі Візітатар (+1981, Лондан).

Многія вернікі, якія не могуць удзельнічаць у пілігрымцы фізічна, далучаюцца да ёй духова праз малітву паводле штодзённых інтэнцыяў.

Catholic.By

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0