Кінарэжысёр Алег Дашкевіч зняў фільм пра тое, чаму не варта займацца журналістыкай у Беларусі. З націскам на «варта».

Ні на хвілю не сцішанае процістаянне першай улады з чацвёртай у новай дакументальнай стужцы Алега Дашкевіча «Журналісты» пададзенае з гледзішча апошняй. Тыя, першыя ўладатрымцы, надта добра абазнаныя, што контрудары ў інфармацыйнай вайне можна наносіць і па твары журналіста. Усё проста ажно банальна: ты пішаш — табе стараюцца выдраць аловак з пальцамі, ты бярэш інтэрв'ю — адразу знойдуцца цікаўныя паглядзець, што ў тваім дыктафоне (варыянт: чарапной каробцы).

Здаецца, у фільме ўсё наадварот. Зазвычай яны былі па той бок аб’ектыву, цяпер здымаюць іх саміх. І, быццам бы, адбываецца метамарфоза: перад аб’ектывам ужо не легенда беларускай журналістыкі Павал Шарамет, а адлупцаваны жыццём гастарбайтэр, які распавядае пра вымушаны з’езд у Расію. Не Святлана Калінкіна, жалезная намесніца галоўнага рэдактара «Народнай Волі», а сярэднестатыстычная маці, што, высцерагаючыся злых языкоў, вымушаная навучаць сына абярэжнай мантры: «Што б ні здарылася, мама не злачынца». Але ты, чалавеча, не вер створанай ілюзіі: яны зверы, яны драпежнікі, ланцужныя сабакі дэмакратыі; уцякай, бо загрызуць…

Алег Дашкевіч зняў фільм, чаму не варта займацца журналістыкай у Беларусі. З націскам на «варта» (але няхай гэта будзе наш карпаратыўны сакрэт). Вельмі рэкамендаваны фільм для прагляду на журфаку БДУ. У сеціве стужку можна ўбачыць на старонцы Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Журналісты» (дакум., 53 хв., рэж. Беларусь, рэж. Алег Дашкевіч).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?