Праз некалькі тыдняў сп. Мур пакідае нашу краіну з прычыны заканчэння тэрміну місіі. Ці прыезд новага кіраўніка місіі стане паваротным момантам у нармалізацыі адносінаў Беларусі з самай магутнай краінай свету?

Ці працягнуць Злучаныя Штаты падтрымліваць лакальныя праэкты па развіццю грамадзянскай супольнасці (праграма малых грантаў)?

цікаўны

Праграма малых грантаў працягваецца, мы працуем з зарэгістраванымі арганізацыямі, і будзем рады, калі будуць засылаць свае праекты.

Можна прыватнае пытанне? Як Вашае ўражанне ад беларускай мовы? Ці цяжка вучыць? Проста мне, як замежніку, цікава. Як поспехі з рускай?

Аляксей з Тулы

Беларуская мова цяжкая для вывучэння, калі для вывучэння мала часу. Шмат гадоў таму я вывучаў расейскую мову ў ЗША, прыкладна 17 год таму як дыпламат я вывучаў сербскую. Так што нейкае знаёмства са славянскімі мовамі было. Для мяне можа прасцей вывучэнне беларускай лацінкі, але канечне вельмі шкада, што не мог больш глыбока вывучыць бекларускую мову.

Ці казаў вам нехта, што ў Вас беларускае прозвішча. Мур -па-беларуску сцяна.

Віктар

Я чуў пра гэта. Але я спадзяюся, што размаўляць са мной больш прыемна, чым са сцяной. Я ведаю гэты выраз «размаўляць са сцяной», гэта не вельмі прыемны выраз.

Добры дзень!

Ці ёсць магчымасць захаваць падтрымку Амбасадай ЗША навучальнае праграмы IATP, якая з дапамогай амбасады працавала апошнія гады у РНТБ?
Ці не адбудзецца такая ж бяда з Амерыканскім кутком у Бібліятэцы ім. Пушкіна, іншых, залежных ад дзейнасьці Амбасады праграм?
Якія культурныя праграмы плянуюцца? Якія будуць працягвацца існаваць?
Дзякуй за адказы!

Navuchenca BK

Дзякуй за гэтае пытанне. У дадзены момант у нас няма магчымасці працягваць падтрымку праграмы IATP, у нас вельмі абмежаваныя рэсурсы, і хоць было прыемна мець партнёрства з праграмай, зараз няма магчымасці працягваць яе падтрымку.

Што да другога пытання, то ў нас добры досвед супрацоўніцтва. У нас ёсць надзея, што мы зможам узнавіць дзейнасць 12 амерыканскіх куткоў, што былі адчыненыя па ўсёй Беларусі.

Адказваючы на трэцяе пытанне, то культурныя праграмы прымаюць розныя формы, некаторыя праяўляюцца ў сферах мастацтва, скульптуры і жывапісу. Мы таксама арганізуем кінафестывалі, конкурсы фатаграфій, і разнастайныя музычныя і танцавальныя падзеі. Мы прывозілі сюды выдатных дырыжораў, якія выступалі ў Філармоніі, прыязджалі джазавыя музыканты, ансамблі сучаснага танцу, паэты і г.д. Я спадзяюся такія праграмы будуць мець свой працяг, і ўжо ў гэтым годзе ў нас існуюць планы на шэраг мерапрыемстваў, якія павінны адбыцца з удзелам амбасады.

Дзень добры!
Балючае пытанне наконт візаў - калі ўжо можна будзе атрымаць амерыканскую візу ў Мінску?
І ці можна мне, як грамадзяніну Беларусі, падаць эпплікэшн на разгляд у бліжэйшы да Мінску кансулат у Вільні, Літва?
Thank you for your attention

Siarhej

Атрымліваць візы з Мінску, можна будзе тады, калі будзе ўзноўленая колькасць нашых дыпламатаў у амбасадзе. Для гэтага нам неабходна, каб тут працавалі два консулы. Канечне, можна падаваць заяўкі на іншыя консульствы, якія знаходзяцца ў Маскве, Пецярбургу, Кіеве ці Вільнюсе. Але калі Вы не размаўляеце на англійскай мове ці на літоўскай, магчыма, Вільнюс гэта не найлепшае консульства, куды трэба звяртацца па візу.

Чаму ЗША, у адрозненні ад ЕС, не прыпыніла ўсе санкцыі супраць Беларусі? Чаму ў той жа час ЗША фактычна дала згоду на фінансаванне МВФ для беларускага рэжыму? Ад МВФ беларускія ўлады атрымліваюць у сотні разоў больш, чым трацяць на санкцыях. Якая логіка?

Ляма

Дзякуй вялікі, гэта два розныя пытанні. Што тычыцца санкцый, то мы зрабілі крокі, падобныя на тыя крокі, што былі зробленыя Еўразвязам, мы прыпынілі дзеянне некаторых санкцый. Але так, сапраўды, мы не адмянілі дзеянне ўсіх санкцый. Але па-ранейшаму падыход да пытання санкцый з боку Еўразвязу і з боку ЗША даволі падобны. Злучаныя Штаты і Еўразвяз каардынуюць сваю палітыку ў гэтай сферы. І мы будзем актыўна абмяркоўваць пытанне прыпынення санкцый наступнай восенню.

Што да другога пытання, я яшчэ не сустракаў ніводнага чалавека ў Беларусі, які быў бы зацікаўлены ў калапсе эканомікі. Яшчэ ў мінулым годзе было зразумела, што будуць патрэбныя дадатковыя рэсурсы. ЗША не галасавалі ў падтрымку выдзялення крэдыту ад МВФ у памеры 2,5 млрд даляраў. У абмеркаванні гэтага крэдыту мы перадусім ставім пытанне аб эканамічных рэформах у Беларусі.

Ходзяць чуткі, што Пятро Пракаповіч, кіраўнік Нацбанку, разоў пяць прыходзіў да Вас на прыём, калі вырашаўся лёс выдзялення крэдыту Міжнародным валютным фондам. Ці гэта праўда? Пра што была гаворка, калі гэта праўда?

Віктар

Няпраўда, сп. Пракаповіч не прыходзіў да мяне. Я сустракаўся з ім у яго ў офісе. Я сустракаюся з рознымі людзьмі ў Беларусі, і з тымі хто належыць да кіраўніцтва, і з тымі, хто да кіраўніцтва не належыць. Ён давёў да мяне сваё бачанне эканамічнай сітуацыі, і я таксама пачуў ацэнку ад іншых людзей, у тым ліку ад прадстаўнікоў місіі МВФ, якія былі тут.

Вы такі малады і місіяй кіруеце. Якім чынам амерыканская сістэма дабіваецца таго, як моладзь так лёгка прабіваецца наверх? А то ў нас у Беларусі толькі адзін міністр малодшы за 40 гадоў...

Студэнт

Дзякуй за камплімент. Мне 43 гады, я толькі на чатыры гады малодшы за нашага прэзідэнта. Я стаў дыпламатам яшчэ да таго, як Беларусь атрымала незалежнасць. Натуральна, я сустракаў людзей у палітычным жыцці і ўрадзе, якія больш маладзейшыя, чым я. Я не бачу ніякіх надзвычайных талентаў за сабой. Але я думаю, у любой сістэме кіраўнікі шукаюць у людзях таленты, а не глядзяць выключна на ўзрост.

Спадар амбасадар, а вы разумееце, што эканамiчныя санкцыi пагражаюць незалежнасцi Беларусi? Аб якой "дэмакратыi" i "правах чалавека" можа iсцi гаворка, калi Лукашэнка пад цiскам эканамiчных праблем будзе вымушаны пайсцi на аб'яднанне з Расеяй? Не будзе, у такiм выпадку, нам нi дэмакратыi, нi незалежнасцi. Можа наспеў час мяняць падыходы?

Кейстут

Перш за ўсё, дэмакратыя і незалежнасць неабходныя Беларусі. Мы таксама ўпэўненыя, што Беларусі неабходныя ўнутраныя рэформы: як палітычныя, так і эканамічныя. Такія рэформы магчымыя ў любым выпадку — будуць блізкія адносіны з Расіяй ці не. Прызнаю, што нашыя санкцыі мелі пэўны эфект на Беларусі. І урад у Вашынгтоне таксама гэта ведае, але паколькі гандаль паміж ЗША і Беларуссю не быў вельмі развіты, то і ўплыў санкцый таксама быў абмежаваны.

Раскажыце пра Вашу сям'ю, хто вашыя бацькі, ці ёсць браты. Дзе Вы нарадзіліся. Недзе бачыў, што Вы паходзіце з Ілінойсу.
У такім выпадку: Чыкага Блэк Хоўкс ці Чыкага Булз?

Дзяніс

Я вырас каля Чыкага, у сям’і са сваімі бацькамі і маім братам. Мае бацькі па-ранейшаму жывуць там, а брат пераехаў у іншае месца. І паколькі я аддаю перавагу больш хакею чым баскетболу, то мой адказ – Чыкага Блэк Хоўкс. Дарэчы, у нас ёсць даволі добрыя бейсбольныя каманды: “Кабз” і “Уайт Сокс”.

Сп. Джонатан, якую музыку вы любіце, жанры літаратуры. Ваш любімы пісьменік?

мінак

Ну, у мяне шырокі спектр прыхільнасцяў у сферы музыкі і літаратуры. На маім айподзе ёсць запісы, што вагаюцца ад класічнай музыкі і джазу, да сучаснай рок-музыкі. Сярод якіх такія беларускія гурты як Dali ці N.R.M. Што тычыцца літаратуры, то я зараз перачытваю свой любімы раман Набокава “Пнін”.

Господин посол, ответьте,пожалуйста:
1. Считаете ли вы, что правду надо говорить, даже если она горькая?
2. В таком случае, скажите, почему после прихода американских войск в Ирак сами иракцы стали так фанатично истреблять друг друга? Кто в этом виноват?
3. Что должна сделать Америка, чтобы скинуть с себя образ мирового агрессора, который успел прилипнуть к ней в последние десятилетия?
4. Считаете ли Вы, что любая страна в мире вправе обеспечивать свои интересы за счёт ущемления интересов других стран?
5. Когда в Минск первый раз прилетел Билл Клинтон (ещё при Шушкевиче), белорусской делегации пришлось ждать(!) снаружи самолёта несколько часов(!!!), пока дочка президента США проснётся. Он просто не хотел её будить. В чём причина такого неуважения к малым странам?
Thanks for answers! Sorry for provocative tone :)

ГЕНА

Што тычыцца Ірака, гэтая краіна знаходзілася пад уладай жудаснага дыктатара больш за 20 год, каля дзевяці год яны вялі доўгую і крывавую вайну з суседам Іранам. Рэжым Садама Хусэйна выкарыстоўваў хімічную зброю як у вайне супраць Ірана, так і супраць уласнага народу. Таксама пры Садаму Хусэйну Ірак напаў на суверэнны незалежны Кувейт і акупаваў яго. У 2003 г. наш прэзідэнт і іншыя краіны былі сур’ёзна занепакоеныя дзеяннямі Садама Хусэйна. На той момант Хусэйн ужо парушыў шэраг рэзалюцый Рады бяспекі ААН, і міжнародная кааліцыя прыняла рашэнне дзейнічаць. Прэзідэнт Абама ясна заявіў, што мы выведзем войскі з Ірака, да таго, як скончыцца тэрмін яго прэзідэнцтва, што азначае менш за чатыры гады. Зразумела што існуючы гвалт у Іраку – гэта трагічная рэч, у значнай ступені, мы ўпэўненыя, гэта вынік правакацый і падтрымкі такіх дзеянняў з-за межаў Ірака. Калі пытанне сітуацыі ў Іраку вас цікавіць, у Мінску ёсць амбасада гэтай краіны, якая таксама можа быць добрай крыніцай інфармацыі.

ЗША як і ўсе краіны пераследуе свае нацыянальныя інтарэсы, у той жа час жадаючы наладзіць узаемапаразуменні з рознымі краінамі свету. Канечне, я не быў у Мінску 15 год таму падчас візіту прэзідэнта Клінтана, візіту, які, наколькі я ведаю з размоваў са спадаром Шушкевічам, быў даволі паспяховы. Калі казаць пра адносіны ЗША і Беларусі за апошнія тры гады, былі моманты, якія, канечне, сталі непрыемнымі для абодвух бакоў. Я прыкладаў усе намаганні для таго, каб падыход амбасады быў паслядоўны і акуратны, мы не абяцалі занадта шмат, і рабілі тое, што абяцалі.

dobry dzien! jak Vy dumaecie, spadar Mur! kali skonczycca "izalacyja" Belarusi z boku Europy i ZSHA (belarusam velmi ciazhka atrymac vizu) i chamu nas traktujuc jak slabuju nacyju?. I niauzho use zalezhy ad belaruskaj ulady?
dziakuju

Browar

Большасць беларусаў, што звяртаюцца па амерыканскія візы, атрымліваюць іх. Згодна з амерыканскім заканадаўствам, кожны, хто звяртаецца па візу, разглядаецца ў індывідуальным парадку. У часы сусветнага эканамічнага крызісу, людзям цяжэй даказаць, што яны маюць намер вярнуцца ў Беларусь пасля паездкі ў Злучаныя Штаты. Правядзнне рэформаў у Беларусі ўзмоцніць краіну, як палітычна, так і эканамічна, што, у сваю чаргу, зробіць прасцейшым атрыманне беларусамі візаў у ЗША ці Еўропу.

Злучаныя Штаты на працягу апошніх год заўсёды былі больш прынцыповымі чым пенапластавы Еўразвяз у пытаннях барацьбы за грамадзянскія свабоды і правы чалавека. Гавару на прыкладе сітуацыі ў Беларусі. Цікава, ці новы амбасадар ЗША будзе і надалей прытрымлівацца гэтай лініі, ці "чалавек Абамы" будзе больш памяркоўным і прагматычным за спадара Мура?

Міхаліна

Я кар’ерны дыпламат, як, дарэчы, і чалавек, які прыйдзе на маё месца. Мая праца — прадстаўляць інтарэсы і палітыку Злучаных Штатаў і дакладна адлюстроўваць яе ў залежнасці ад таго, хто ёсць прэзідэнтам і дзяржсакратаром. Задача наступнага часовага павераванага будзе абсалютна такой жа.

Сёння ў інтэрнэце прагучала ініцыятыва ўшанаваць памяць Майкла Джэксана і падыйсці а 18-й гадзіне з кветкамі да Амерыканскай амбасады ў Мінску, як гэта звычайна робіцца ва ўсім свеце.

Ці сустрэнуць з разуменнем гэтых людзей ахоўнікі Вашай абмасады?Дзякуй.

Мікола

У нашай амбасадзе са смуткам даведаліся пра смерць Майкла Джэксана. У яго ёсць прыхільнікі па ўсім свеце, і калі людзі захочуць ушанаваць яго, у амбасадзе паставяцца да гэтага з разуменнем.

Як вы лічыце, ці мае Беларусь шанец стаць дэмакратычнай краінай у бліжайшай будучыні? І што, на ваш погляд, можа паўплываць на гэта? Дзякуй.

FF

Беларусь – гэта краіна з вялізным патэнцыялам, гэты патэнцыял можа быць рэалізаваны самымі рознымі спосабамі, але перш за ўсё гэта залежыць ад народу Беларусі.

Спадар амбасадар, даводзілася чуць меркаваньне, што дыпламатычная праца ў такіх "няпростых" краінах, як нашая, з'яўляецца добрай кар'ернай прыступкай. Вам ужо вядома, дзе Вы будзе працаваць далей? Ці будзеце сумаваць па Беларусі? Што найбольш Вам запала ў сэрца тут?

Siamion

Па-першае, дазвольце сказаць, што я прыехаў у Беларусь не прасоўваць сваю кар’еру, упершыню я прыехаў у вашу краіну ў 1996 г. на кароткі час, тады я працаваў у амерыканскай амбасадзе ў Літве. І з таго моманту ў мяне з’явілася жаданне калі-небудзь папрацаваць у Беларусі. Сапраўды, паспяховая праца ў крызісныя моманты высока цэніцца ў Дзярждэпартаменце, але я б ніколі не мог прадказаць, якія падзеі будуць разгортвацца падчас маіх трох гадоў працы ў Беларусі. У маім наступным прызначэнні я зноў вярнуся на Балканы, дзе працаваў раней. Я буду працаваць намеснікам амбасадара ў Сараеве (Боснія).

Я, канечне буду памятаць пра беларускую гасціннасць, якую я сустракаў у розных кутках Беларусі, але з асаблівай цеплынёй буду згадваць свае візіты ў такія вёскі як Морач і Рубяжэвічы, якія найбольш яскрава прадэманстравалі, што такое Беларусь.

Джонатан Мур, слова на развітанне:

Вэб-рэдактар Онлайн-канферэнцыя скончана.

***

Джонатан Мур прыбыў у Беларусь 25 ліпеня 2006 г. у якасці намесніка кіраўніка місіі ў амбасадзе ЗША ў Беларусі. Пасля ад’езду з Беларусі 12 сакавіка 2008 г. амбасадара Карэн Сцюарт з’яўляецца Часовым павераным у справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

Спадар Мур — кар’ерны дыпламат. Дыпламатычную працу пачаў у 1990 годзе. Яго першым месцам прызначэння была амбасада ЗША ў Белградзе. З 1993 па 1995 год ён працаваў у аддзеле па справах былой Югаславіі Дзярждэпартамента ЗША, а з 1995 па 1999 год з’яўляўся кіраўніком палітыка‑эканамічнага аддзела амбасады ЗША ў Вільнюсе. Пасля працы на працягу года ў офісе па палітычных пытаннях спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Дэніса Хастэрта Джонатан Мур з 2000 па 2002 год займаў пасаду намесніка дырэктара ўпраўлення Дзярждэпартамента ЗША па справах Расіі. На пачатку 2002 года ён таксама некалькі месяцаў выконваў абавязкі дырэктара гэтага ўпраўлення. З 2002 па 2005 Джонатан Мур з’яўляўся намеснікам амбасадара ЗША ў Віндхуку, Намібія. Перад прыездам у Мінск ён працаваў навуковым супрацоўнікам па пытаннях нацыянальнай бяспекі ў інстытуце Гувера пры Стэнфардскім універсітэце.

***

Джонатан Мур і яго жонка маюць дзвюх дачок. Спадар Мур валодае шэрагам ганаровых узнагарод Дзярждэпартамента ЗША, а таксама дзвюма ўзнагародамі Амерыканскай дыпламатычнай асацыяцыі за прафесійнае валоданне мовамі. Акрамя таго, прэзідэнт Літвы ўзнагародзіў яго Ордэнам за заслугі і Ордэнам Вялікага князя Гедыміна.

Джонатан Мур валодае баснійскай, сербскай, літоўскай, рускай, нямецкай, дацкай мовамі і вывучае беларускую мову.

Паводле прэс-службы пасольства ЗША

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0