Уладзімір Астапенка. Фота НАУ

Уладзімір Астапенка. Фота НАУ

«Наша Ніва»: Як вы ацэніце дзеянні беларускага МЗС у крызісны перыяд пасля пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair?

Уладзімір Астапенка: НАУ канстатавала яшчэ восенню, што міжнародная палітыка Беларусі правалілася. І ўсе наступныя дзеянні так званых беларускіх дыпламатаў у гэтую ацэнку вельмі ўпісваюцца.

Каб падтрымліваць працоўныя i прадуктыўныя адносіны з рознымі краінамі, трэба як мінімум навучыцца слухаць і чуць сваіх партнёраў. МЗС жа заняў пазіцыю страуса, які схаваў сваю галаву ў пясок. Таму беларускі бок не пачуў прапанову прызначыць свайго судакладчыка па Маскоўскім механізме АБСЕ (аб расследаванні парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі. — «НН»). У выніку ў дакладзе АБСЕ былі сфармуляваныя вельмі дакладныя, юрыдычна абгрунтаваныя пытанні аб правядзенні выбараў, выкананні правоў чалавека, катаваннях, масавых рэпрэсіях, на якія па сёння няма ніякай рэакцыі рэжыму, і ўсе ўзнятыя пытанні вісяць у паветры.

МЗС не слухаў праваабарончых экспертаў ААН, якія распрацавалі добрыя рэкамендацыі па заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах, дзе прапаноўвалася зняць усе адміністрацыйныя абмежаванні на выдачу дазволаў, прадугледжваліся спантанныя масавыя мерапрыемствы, выключалася крымінальная адказнасць іх удзельнікаў. Але ўсе гэтыя рэкамендацыі таксама не атрымалі ніякай рэакцыі ўладаў. Такімі метадамі ў дыпламатыі адносіны не выбудоўваюцца.

Тое самае па вялікім рахунку адбылося пасля пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair. Ужо прагучала шмат экспертных ацэнак і палітычных высноў. Я ж скажу пра іншае: калі вы ў гэтым кантэксце спрабуеце пачаць дыялог з міжнароднай супольнасцю, то не трэба мяняць ролямі размову дыспетчара з пілотамі. І як з гэтай пазіцыяй спрабаваць кагосьці пераканаць у свеце, калі вядома, што арыгінал размовы ўсё адно будзе апублікаваны. Гэта зноў-такі тая ж самая пазіцыя страуса, які апусціў галаву ў асфальт і мяркуе, што яго ніхто не знойдзе.

«НН»: НАУ заклікала пасля гэтага выпадку паслоў Беларусі сыходзіць у адстаўку. Думаеце, яшчэ ёсць гатовыя да такога кроку?

УА: Калі я падаваў у адстаўку восенню, то сваю заяву накіраваў «да ведама» ва ўсе пасольствы і структурныя падраздзяленні цэнтральнага апарату МЗС. Тады ніякай публічнай рэакцыі не было, і мне здаецца, што і цяпер водгукаў мы не дачакаемся. Хто хацеў зрабіць свой маральны выбар, той ужо яго зрабіў. А астатнія будуць сыходзіць разам з рэжымам.

Магу толькі ім параіць ва ўмовах, калі закрылася неба над Беларуссю, — а па інструкцыях МЗС пралёт у Беларусь праз трэція краіны выключаецца пад пагрозай крымінальнага пераследу за крадзеж бюджэтных грошай, — выкарыстоўваць паўночных аленей выключна за свой рахунак.

«НН»: У чым цяпер увогуле заключаецца праца паслоў Беларусі на Захадзе?

УА: Калі спытаць у паслоў, то яны вам могуць шмат чаго расказаць, але зноў жа гэта будзе пазіцыя страуса, бо ніякай замежнай палітыкі ўжо няма. На нейкім этапе мы гаварылі, што шматвектарная знешняя палітыка пераўтварылася ў аднавектарную.

Сёння ж можна канстатаваць, што яна стала наогул бязвектарнай. Краіна згубіла ўсялякую легітымнасць і павагу на міжнароднай арэне. З такімі рэжымамі, якія карыстаюцца метадамі хлусні і маніпуляцый, у свеце лічыцца за лепшае не мець справаў. Нашы паслы могуць спатрэбіцца за мяжой толькі для таго, каб атрымаць чарговую ноту пратэсту.

«НН»: Ці ёсць сэнс увогуле ў існаванні Міністэрства замежных спраў, калі ўсё так кепска, як вы кажаце? 

УА: Калі мы канстатуем бязвектарнасць знешняй палітыкі, то ні ў такім Міністэрстве, ні ў такім міністры патрэбы ўжо няма. Макей — гэта міністр, які згубіў усе свае пазіцыі, кадры, ён ні на што не ўплывае і сваімі рукамі скарачае сістэму дыпламатычнай службы. 

«НН»: Падчас выступу Макея ў парламенце ён пагражае спыненнем супрацы з ЕС у кірунку нелегальнай міграцыі, а таксама гаварыў аб магчымым выхадзе з Усходняга партнёрства.

УА: Такія аргументы агучаныя рэжымам не ўпершыню. Для ЕС — гэта дастаткова адчувальная тэма, але трэба мець на ўвазе, што праграма Усходняга партнёрства была прапанаваная постсавецкім краінам, каб паспрыяць іх супрацоўніцтву з ЕС у розных галінах. Той жа Макей зрабіў вельмі шмат намаганняў, каб Беларусь у гэтую праграму трапіла, таму што рэалізацыя праектаў Усходняга партнёрства падтрымліваецца рэсурсамі Еўрасаюза. Калі нейкая краіна не хоча займацца пэўнай тэматыкай, то яе ніхто не прымушае. Робячы такія заявы, Беларусь страляе сама сабе ў нагу, бо не ўлічвае ўласных інтарэсаў. Тое самае тычыцца і пытання нелегальных мігрантаў. Казаць свету, што мы вас зараз «завалім» наркотыкамi ды нелегаламі — гэта фактычна тэрарыстычная пагроза. Але такія пагрозы ўжо нікога не напалохаюць, на такой мове ні аб чым не дамовішся.

«НН»: Што адбываецца з Макеем? Раней яго многія і ў Беларусі, і за мяжой лічылі ледзь не лібералам.

УА: Пад уплывам знешніх фактараў ён пачаў выконваць ролю, да якой ён не быў гатовы — ператварыўся ў «ястраба» з тупой дзюбай. Сёння Макей яўна не мае таго ўплыву, які павінен мець міністр замежных спраў пры прыняцці адказных і адэкватных рашэнняў. Мы ўжо казалі, што Макей застаўся адзін на чыгуначным вакзале, цяпер можна дадаць, што і ў аэрапорце ён адзін. 

«НН»: Раней фішкай нашай дыпламатыі была «шматвектарнасць». Цяпер на ёй можна ставіць крыж?

УА: Вiдавочна, што крыж пастаўлены на ўсёй міжнароднай палітыцы. Можна было спрачацца аб шматвектарнасці, аб яе выканні ў жыццё, але цяпер Беларусь — гэта таксічная дзяржава ў адносінах з краінамі як на Усходзе, гэтак і на Захадзе. Я думаю, што гэта ўжо пачынаюць разумець і расійскія партнёры.

«НН»: Ёсць версія, што ізаляваная Беларусь не патрэбная і Кітаю.

УА: Адназначна, такі партнёр нікому не патрэбны. Калі ў кагосьці ёсць опцыя не мець справу, то ён яе скарыстае, а не будзе замарочвацца, каб зразумець, чаму сёння мелася на ўвазе адно, заўтра — іншае. Спачатку пасадка самалёта была «выратаваннем Еўропы», а потым раптоўна — «правакацыяй заходніх спецслужб».

«НН»: Чаму ў першыя дні пасля пасадкі Лаўроў і Захарава аб гэтай сітуацыі гаварылі, можа, болей, чым Макей і Глаз?

УА: На мой погляд, і Лаўроў, і Захарава выбралі вельмі стрыманы тон каментароў. Яны казалі «давайце разбяромся», «давайце паслухаем», «давайце не будзем хутка прымаць рашэнні». Чым болей будзе з’яўляцца фактаў, тым, мне здаецца, болей будзе здзіўленне ў спадара Лаўрова.

«НН»: Дыпламатычны канфлікт з Латвіяй. Яго можна было пазбегнуць?

УА: Пры жаданні шукаць пункты судакранання, можна была б чакаць больш стрыманай рэакцыі на ўчынак мэра Рыгі. Але адкліканне ўсяго складу пасольства — гэта фактычна разрыў дыпламатычных адносінаў, а горш — толькі вайна. Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але гэтая сітуацыя заганяе рэжым у чарговы тупік.

Чытайце таксама:

Лукашэнка звольніў пасла ў Аргенціне, які раскрытыкаваў дзеянні ўладаў

«Крадзеж у тым, што я не даляцеў да Мінска»: былы пасол Беларусі ў Аргенціне расказвае пра «крадзеж» 2393 даляраў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?