Мора з акна цягніка суровае, свежае, разлеглае: пена, хвалі, чайкі, бакланы, далягляд, ля самага скраю літаральна ехалі здаецца, з левага боку горы, незвычайна, дрэвы-кіпарысы і ўсё часцей пальмы спатыкаліся, бо цягнік ішоў дакладна на поўдзень уздоўж халоднага яшчэ мора, потым адхіўся ў горы. Мы ехалі скрозь іх, бачылі вадаспады, ніколі болей я не ездзіў на цягніку ў горных тунэлях. Вось так апынуцца ў адметных мясцінах, толькі з дому, здаецца чай піў нядаўна, для мяне гэта было новым. Выйшаў з самалёта, сеў на цягнік, даехаў пазней да Самтрэдзі, адбывалася як у кіно ўсё. У Самтрэдзі перасадка, трэба было чакаць і ад Самтрэдзі застаўся асадак непрыемны.

У Самтрэдзі зазірнуў на станцыі ў буфет перакусіць. Там гармідар, усе гавораць адразу, антысанітарыя. Перада мной бярэ з місы на прылаўку грыб салёны, адкусіў, скрывіўся, плясь назад, жах проста! Адразу есці расхацелася амаль. Падыходзіць чарга, ён кладзе на шматок газеты бруднай чабурэк неапетытнага выгляду, а на століку брудна, мухі поўзаюць, я азірнуўся. Адмовіўся плаціць, ён там пачаў незадаволена штось па-свойму бубнець, а я ў форме сваёй лётнай, а каб не ў форме? Словам, непрыемна гэта ўразіла, трапіў у прыгожы край, але да іншых людзей, у іншы, можна сказаць, свет і прысмак застаўся нядобры. Ад Самтрэдзі цягнік рушыў насустрач мору.

Мы жылі ў санаторыі, дзе некалі сувораўскае вучылішча размяшчалася, над морам. Там кафэ працавала з тэрасай, ідзеш ранкам, яны за столікамі сядзяць, мясцовыя, вяртаешся ўвечары, як сядзелі, так сядзяць, толькі бравіруюць, адчуваецца, лічбай бутэлек пустых з-пад віна. Мы ў непаразуменні: калі яны працуюць? Праўда, з адным пазнаёміліся, кажа: хадземце пакажу, як я жыву, ну, а рабіць няма чаго, добра, хадзем, нас трох было, ды ён, павёў уверх у горы, сцяжына ўздоўж цясніны, глыбока — рэчка. Ён там наперадзе штось гаворыць, а сутонне, вечарэла, адзін з нас ледзь не аступіўся, мы за локаць схапілі. Маленькае здарэнне ў дарозе, карацей, але хутка прыйшлі, ён паказвае рукой — гэта мой дом і мой сад і гараж пад домам, а гэта — дом майго сына, таксама з гаражом, і сад ягоны. Мы стаім глядзім: дамы па два-тры паверхі, сад гектараў на дваццаць мабыць, мандарынавыя дрэўцы. У нас такога блізка не было, а машына легкавая яшчэ рэдкасцю была, а ён яшчэ ў гараж павёў, а там “ЗіМ” чорны міністэрскі, не абы што. Адчувалася, што хоча нас уразіць. Мы такія здзіўленыя спыталі ў яго, памятаю: а дзе ж тады калгасныя сады? А ён так нядбайна махнуў кудысь у горы рукой. Ну, добра, селі за стол на другім паверсе, ён віна наліў свайго собскага, жонка толькі моўчкі падавала, за стол не запрашаў. Для нас гэта дзіўна было. У іх там свае традыцыі.

На тэрыторыі санаторыя будка была з напоямі і віном, прадаваў хлопец вясёлы такі, на халаце белым на грудзях імя вышыта было — “Арцём”. На танцы хадзілі, адна была дзяўчына дужа сімпатычная, з Сібіры самай прыехала ў санаторый, мне яшчэ падумалася: гэта колькі ж дзён яна дабіралася? Дык мы з ёй танцаваць сталі, мясцовыя ўсё зыркалі, потым, яшчэ не закончылася музыка, выхапілі з маіх рук, пачалі кружыць, адзін другому перадаючы. І што ты ім зробіш? Усё там у іх выглядала крыху дзіўна. Тады яшчэ не купаліся, але на пляжы ў валейбол гулялі, і ўсё адзін лысы з мячом, бачна, што нярускі, і ў санаторыі не жыве, а цэлы час на пляжы, дык мы пытаемся: хто гэта? А нам: калгаснік мясцовы. Калгаснік? Калгаснік, наняў за сябе чалавека, а сам адпачывае. Вось такія дзівосы.

Так супала, нашая каманда “Ураджай” прыязджала на матч, мы вырашылі схадзіць утрох, адзін таксама са сталіцы быў, другі ў нас ваяваў, партызаніў. І што мы бачым? Каса — будка маленькая, вакол — натоўп, усе адначасова штось раздражнёна выгукаюць, спрачаюцца, лезуць, штурхаюць адзін аднаго. Што рабіць? Бачым: блізка касы салдацік апынуўся, мы яму грошы перадалі і падапхнулі сяк-так, ён жменю з рублёўкамі ў акенца працягвае, а яны з усіх бакоў схапілі і выштурхнулі яго. Стаім бязрадныя. А побач на стадыён уваход ахоўвае цэлая гурма міліцыі. А нам дзіўна: ніхто ж без квітка міма не праслізне, усё па чарзе, па парадку, а каля касы — вакханалія, толькі яны спакойна назіраюць, не рэагуюць. Ну, мы ім і сказалі аб гэтым. А там яшчэ праходзіў марак, капітан трэцяга рангу, не ведаю, ці журналіст, ці рэдактар, але ўсё бачыў, як нам не ўдалося, і міліцыянерам сказаў, што прапіша іх у газеце, можа ў сваёй флоцкай, не ведаю. Аднак там аказаўся іхні начальнік усёй міліцыі, пакумекаў напэўна, і нас дагналі і прапусцілі бясплатна. Матч быў цікавы, але што рабілася! Не футбол, а кірмаш, вэрхал, суцэльны роў. Нашы яшчэ малойцы, здолелі пару мячоў забіць у такой абстаноўцы неспрыяльнай, дзікунскай нейкай. Уяўляю, каб іхнія раптам прайгралі, там бы ўвесь стадыён знішчылі мабыць. Мы адчувалі сябе як не ў сваёй талерцы, але стараліся нашых падтрымліваць хоць нейк.

Больш я туды не ездзіў ніколі, але ад таварышаў чуў водгукі адмоўныя. Адзін, кажа, адпачываў у санаторыі, гляджу мандарыны прадаюць, стаў стаю. А бачу ўсё без чаргі падыходзяць і купляюць, адзін, другі, трэці, я не вытрымаў: што гэта такое, тут чарга, жанчыны, перада мной некалькі чалавек?! А ён так зірнуў скоса: які жанчына, навошта жанчына, не трэба жанчына?! Жанчына ў іх не чалавек была, не ведаю, ці памянялася цяпер штосьці. І прадавец, адчуваецца, на яго баку, я плюнуў ды пайшоў, не хачу вашых такіх мандарынаў. І самае галоўнае: іхнія жанчыны, я за іх заступаюся, атрымліваецца, а яны маўчаць, ніякай рэакцыі, быццам іх не датычыць.

Такія водгукі не раз даводзілася чуць. Іншы стаяў у чарзе ў краме, тая ж гісторыя: лезуць без ніякіх правілаў наперад, ён зрабіў заўвагу, той яму — “а ты што, не мужчына, за спадніцамі стаяць рахмана?!” “Гэта ён мне, афіцэру!” Ехаў затым у аўтобусе, перадае жанчына на білет грошы, сама славянскага выгляду, ён перадаў туды-назад, але яна пытаецца: а рэшта? Ён да білецёршы і гаворыць: а дзе рэшта, маўляў? А яна на ўвесь аўтобус, каб чым гучней — “які нахабнік, я яму білет дала, а ён яшчэ рэшты патрабуе!” Карацей, забраў ён у санаторыі медычную карту і з’ехаў, не дабыўшы, спыніўся ў Адлеры ў прыватным сектары на колькі дзён, каб сапраўды адпачыць. Не трэба і віна іхняга! Мясцовае не горш…

Вучыўся я потым у акадэміі, дык у нас усе па чалавеку-два — і якуты, і чукчы вучыліся здаецца. А гэтых хлопцаў чалавекі чатыры, па-мойму, асобны пакой займалі і паводзіліся вельмі ганарліва, памятаю. У нас нават гутарка нейк узнікла з выкладчыкам, мы пытаемся: навошта іх увогуле бяруць? Чаму такія фанабэрлівыя, што яны — з іншага цеста? А ён гаворыць: я вас разумею, але ж кадры нацыянальныя трэба рыхтаваць, нікуды не дзенешся, вы ж туды не паедзеце служыць, праўда? Не, не паедзем…

Яны яшчэ звярталі ўвагу быццам спецыяльна, што пастаянна атрымлівалі бочачкі са спіртам каньячным ды з віном сваім. У іх наладжана было як гадзіннік: тэлефануюць, дамаўляюцца, цягнік прамы хадзіў, бяруць таксоўку на вакзал, забіраюць поўныя барылкі, аддаюць пустыя, і так рэгулярна. І нікога асабліва па-мойму не частавалі, трымаліся адасоблена, мы часам самі з палучкі пойдзем у рэстаран, возьмем бутэльку каньяку на дваіх. Пустыя барылкі свае ставілі яны сушыць навідавоку, на падаконні, вокны вечна расчыняць. Хлопцаў гэта раздражняла, зойдуць пакурыць, дык аднойчы хтосьці скінуў іхнія бочкі за акно. Словам, такая гісторыя здарылася. Так што, шчыра кажучы, што ваякі з іх аказаліся ніякія, мяне гэта не здзіўляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?