spring96.org

spring96.org

Справу разглядае суддзя Воўк. Перш за ўсё ён забараніў здымаць фота і відэа — нават у перапынках пасяджэння.

Латыпаў — арбарыст, дырэктар невялікага прадпрыемства «Беларбо». З дапамогай хімічных рэчываў ён вынішчаў шкодныя расліны, такія як баршчэўнік.

Сцяпан быў затрыманы яшчэ 15 верасня, у яго доме прайшоў ператрус. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Спачатку дзяржСМІ распаўсюджвалі інфармацыю, што Латыпаў нібыта каардынаваў пратэсты, збіраў для фінансавання гэтага грошы, нават нібыта хацеў выкарыстаць нейкія хімікаты супраць міліцыянтаў.

Чытайце таксама:
Караеў пра палітвязня Латыпава: Ён планаваў развеяць ядахімікаты на баявыя парадкі АМАПа

Праўда, пазней, калі Сцяпану выставілі абвінавачванне, момант пра атручванне хімікатамі міліцыянтаў знік.

Чытайце таксама:
Жыхара Плошчы Перамен Латыпава больш не абвінавачваюць у тым, што хацеў «атруціць сілавікоў»

Цяпер Латыпава абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і махлярстве. Ён нібыта падманваў сельвыканкамы і прадпрыемствы ў 2019-2020 гадах: дамаўляўся аб знішчэнні баршчэўніка, але «ствараў уяўнасць паслуг, выкарыстоўваючы забароненыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь неўсталяваныя сродкі».

Прасцей кажучы, Латыпаву ставяць у віну, што ён свядома ўказваў у дамове адно канкрэтнае хімічнае рэчыва, а выкарыстоўваў іншае, невядомае.

«Наўмысна ўвёў у зман заказчыкаў, прымаў грошы, не маючы намеру выканаць працу. Такім чынам пацярпела 16 юрасоб, нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры», — зачытваў абвінавачванне пракурор.

Таксама Латыпава абвінавацілі ў падробцы дакументаў, звязаных з працай яго прадпрыемства.

Акрамя таго, са жніўня па верасень Сцяпан «арганізаваў групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак», працягнуў пракурор. Латыпаў, па версіі следства, з неўсталяванымі асобамі выказваў палітычныя погляды, удзельнічаў у пратэстах, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту. Схіляў да парушэння парадку і навучаў невызначаных следствам асоб, якіх «маральна і матэрыяльна падтрымліваў». Публічна заклікаў у інтэрнэце да пратэстаў, збіраў грошы. 

Таксама ён не даваў зафарбаваць мурал на Плошчы Перамен, пасля чаго «аказаў супраціў міліцыі, пагражаючы гвалтам».

Цяпер, дарэчы, гэтыя міліцыянты сядзяць на судзе ў якасці пацярпелых. 

Сцяпан Латыпаў віну не прызнаў.

Затым дапыталі пацярпелых.

Міліцыянт Васіль Рогаў распавёў, што 15 верасня 2020 года камунальнікі папрасілі міліцыю аб дапамозе. Камунальнікі хацелі зафарбаваць «надпісы палітычнага характару», але Латыпаў з іншымі людзьмі стаяў і не даваў гэтага зрабіць.

«Вакол нас пачалі збірацца людзі, мы запыталі дапамогу — суседні нарад міліцыі. Прыбіралі Латыпава ад сцяны, не атрымалася, людзі пачалі крычаць, не давалі Латыпава адвесці да службовага аўто.

Хацелі яму загнуць руку за спіну, але ён моцна супраціўляўся, давялося яго падняць і несці.

Але ён счапіў рукі ў замок, размахваў рукамі, круціўся, казаў: адпусціце, што вы робіце. Падчас гэтага ўдарыў мяне нагой у вобласць галавы.

Яго змаглі затрымаць толькі з дапамогай супрацоўнікаў, якія прыбылі», — сказаў пацярпелы.

У Латыпава падчас пасяджэння на твары бачны ці то сіняк, ці то нешта падобнае. І, здаецца, Сцяпан знайшоў спосаб даць зразумець прысутным, што з ім здарылася.

Калі суддзя спытаў, ці ёсць у Латыпава пытанні да міліцыянта Рогава, той сказаў, што ёсць.

«Пацярпелы, вы казалі, што я ўдарыў вас у твар нагой, — сказаў Латыпаў. — Паглядзіце на мяне. У вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?»

«Не», — адказаў міліцыянт Рогаў.

«Больш няма пытанняў», — сказаў Латыпаў.

Пасля перапынку ў судзе Сцяпан Латыпаў зрабіў спробу перарэзаць сабе горла.

Ён стаў на лаўку і ўваткнуў ручку ў горла. Перад гэтым ён сказаў: «ГУБАЗ паабяцаў, калі я не прызнаю віну, будуць крымінальныя справы супраць родных і суседзяў».

У Сцяпана Латыпава была з сабой папка з дакументамі. Ён дастаў з яе нейкі прадмет, магчыма, ручку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў сабе штосьці ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым упаў, стаў рэзаць рукі.

Адразу не змаглі адкрыць клетку, бо ў канваіраў не было ключоў. Яны былі ў кагосьці за дзвярыма.

Пакуль адкрылі клетку, Сцяпан ужо страціў прытомнасць.

Прыехала хуткая.

Што папярэднічала ўчынку?

Пасля абеду выклікалі сведкам бацьку Сцяпана, ён даў паказанні.

Суддзя спытаў: «Ці ёсць пытанні ў абвінавачанага?»

І Сцяпан сказаў: «Бацька, пасля спаткання [з табой] да мяне прыйшоў ГУБАЗ, паабяцаў, што калі я не прызнаю віну, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў».

«Прэс-хата ў мяне была — 51 дзень, — сказаў Сцяпан бацьку. — Так што ты рыхтуйся».

І потым пачаў рэзаць сабе горла, распавялі «Нашай Ніве» прысутныя.

Чытайце таксама:

Суседзі затрыманага Сцяпана Латыпава з «плошчы Перамен» запісалі ВІДЭАзварот

Сядзеў на «Шанхаі», быў у Навінках, перахварэў на кавід. Што вядома пра палітвязня з плошчы Перамен Сцяпана Латыпава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0