21 мая Генпракуратура назвала колькасць асуджаных па «пратэсных» крымінальных справах — 682 чалавека. Да гэтай катэгорыі крымінальных спраў Генеральная пракуратура адносіць факты ўдзелу ў масавых беспарадках, здзяйсненні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, гвалту і пагрозы яго ўжывання да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьвання надпісамі чужой маёмасці, хуліганства, знявагі да дзяржаўнай сімволікі.
Па стане на 1 чэрвеня колькасць палітвязняў складае 449 чалавек. За месяц колькасць палітычных зняволеных узрасла на 99 чалавек. Асуджана на дадзены момант 280 палітвязняў, у дачыненні да 43 ідзе судовае разбіральніцтва. 126 палітвязняў чакаюць разгляду іх спраў у судзе.
Праваабаронцам вядома не менш чым пра 109 асуджаных за май па «пратэсных» крымінальных справах.
Найбольшая колькасць грамадзян асуджаецца па палітычна матываваных крымінальных справах у гарадах, дзе пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання ў жніўні 2020 года насілі самы масавы характар. Геаграфія асуджаных у маі, пра якія вядома праваабаронцам, выглядае наступным чынам:
- Мінск — 30 чалавек;
- Брэсцкая вобласць — 50 чалавек (Брэст, Жабінка, Пружаны, Кобрын, Баранавічы, Івацэвічі);
- Магілёўская вобласць — 11 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы);
- Гомельская вобласць — 6 чалавек (Гомель);
- Мінская вобласць — 6 чалавек (Маладзечна, Смалявічы, Жодзіна, Мінскі раён);
- Віцебская вобласць — 4 чалавекі (Віцебск, Орша);
- Гродзенская вобласць — 2 чалавекі (Гродна).