Пасля амаль месячнага перапынку аднавіліся матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. У мінулы ўік‑энд былі сыграныя паядынкі адзінаццатага туру.

Пасля асечкі з салігорскім «Шахцёрам» БАТЭ рэабілітаваўся перад сваімі балельшчыкамі на мінскім стадыёне «Трактар». Пераможаным аказаўся МТЗ‑РІПА — 2:0. Абодва галы забіў малады форвард БАТЭ Максім Скавыш. Напэўна, быў раззлаваны, што трэнер маладзёжкі не ўзяў яго на чэмпіянат Еўропы ў Швецыю.

Перамога дазволіла БАТЭ зрабіць адрыў ад другога месца ў дзевяць пунктаў. Мінскае «Дынама» і жодзінскае «Тарпеда» ў Магілёве так і не забілі галоў. А «Дынама» брэсцкае на апошніх хвілінах упусціла перамогу ў матчы з «Гранітам» — 1:1.

Першую перамогу пад кіраўніцтвам новага трэнера атрымаў салігорскі «Шахцёр». Каманда Аляксея Вергяенкі дома выйграла ў «Нёмана» — 2:0.

«Дняпро» і «Гомель» атрымалі сінхронныя хатнія перамогі з лікам 3:2 над «Мінскам» і «Смаргонню» адпаведна». Натхнёны перамогай у Кубку «Нафтан» дома выйграў у «Віцебска» — 2:1.

Турнірная табліца пасля адзінаццаці тураў выглядае наступным чынам:

БАТЭ — 28 пунктаў, «Дынама» (Мінск), «Дынама» (Брэст), «Тарпеда» — па 19, «Дняпро» — 17, «Нёман», «Нафтан» — па 16, «Гомель» — 15, МТЗ‑РІПА, «Шахцёр» — па 14, «Мінск» — 12, «Граніт» — 11, «Віцебск» — 10, «Смаргонь» — 5.

Найлепшымі бамбардзірамі з’яўляюцца Сяргей Крывец і Максім Скавыш (абодва — БАТЭ) — па 8 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?