Спачатку захварэла жонка Дар’я з дзіцем, пасля сімптомы з’явіліся ў Змітра.

«Быў некамфортны стан, які цяжка было выносіць, таму я мусіў прымаць анальгетыкі, — распавядае мужчына. — У Нідэрландах усё лечаць парацэтамолам, тут талерантныя межы, колькі яго можна ўжываць. Я жыў на леках, бо без іх было непрыемна. Праз некалькі дзён пачало фарміравацца балючае адчуванне ў грудзях. Трымалася тэмпература высокая, часам больш за 40 градусаў. Я чытаў, чым людзі лечацца, замаўляў шмат розных вітамінаў, але не дапамагала. Я не мог гадзіну лішнюю працягнуць без таго, каб не з’есці таблеткі, таму што было вельмі кепска.

У нас такая сістэма, што ўсё лекаванне мусіць ісці праз хатняга доктара. Менавіта ён, напрыклад, выпісвае накіраванне ў шпіталь. Наш доктар проста параіў: пі парацэтамол, і ўсё будзе добра. Двойчы мы тэлефанавалі ў службу дзяжурных дактароў (яны абслугоўваць у непрацоўны час). У першы іх візіт тэмпература было больш за 40 градусаў, сатурацыя — 92, але нам таксама сказалі, што нічога страшнага.

На мяне ўжо парацэтамол амаль перастаў дзейнічаць, таму праз пару дзён зноў патэлефанавалі ў дзяжурную службу — мяне запрасілі на агляд у шпіталь».

Дар’я паехала з мужам. 

«У мяне хвароба праходзіла адносна лёгка. Але пасля балела спіна. І я запытала, ці ёсць якія абязбольвальныя, каб можна было б сумяшчаць з кармленнем дзіцяці. Дактары распыталі і прапанавалі таксама прыехаць. У выніку знайшлі трамбоз лёгкіх», — расказвае яна.

Змітра пасля тыдня хваробы дома паклалі ў шпіталь. Пачалі даваць кісларод — спачатку праз трубку, пасля, калі гэтага стала недастаткова, праз маску. Але насычанасць лёгкіх кіслародам усё адно падала. Тады мужчыну падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«Гэта была медыцынская кома, я ляжаў так 17 дзён. Гэта вельмі доўга. Па адчуваннях кома не тое самае, калі засынаеш і звычайна прачынаешся. У мяне былі моцныя глюкі, я іх добра запомніў. Я быццам прыехаў у нейкі горад і там трапіў у шпіталь. У тым месцы я жыў два тыдні, і ўсё было вельмі павольна. Гэта было так яскрава, падавалася рэальным», — згадвае Зміцер.

Дар’і практычна кожны дзень тэлефанавалі са шпіталя — справаздачыліся пра стан мужа, але без аніякіх прагнозаў. Тэлефанавалі таксама з сацыяльнай службы, каб падтрымаць. Пазней змагла прыляцець маці Змітра.

«Нідэрланды вельмі строгія ў плане каранціну, замежнікаў пускаюць, толькі калі нехта са сваякоў памёр. Мне так і казалі: пакуль нельга. Але з дапамогай сацыяльных службаў я змагла патлумачыць, што мне цяжка адной з дзіцем і сабакам, і свякрові дазволілі прыехаць у краіну», — тлумачыць Дар’я.

Пасля Змітра чакала рэабілітацыя. 

«Калі чалавек ляжыць на ШВЛ, не рухаецца, арганізм пачынае з’ядаць усе мышцы. Я страціў кілаграмаў пад 20, і гэта быў не тлушч. Два тыдні я правёў у інтэнсіўнай тэрапіі, не мог з ложка падняцца, мяне медперсанал карміў», — кажа ён.

«Калі ён прыйшоў у сябе, выглядаў як чалавек пасля інсульту, — дадае жонка. — Былі галюцынацыі, панічныя атакі — я рэальна баялася, што гэта будзе мець наступствы».

«Потым мяне перавялі ў звычайную палату — там я пачаў рабіць практыкаванні, падымаў рукі, ногі. Стаў падымацца з ложка, патрошкі хадзіць. Мне казалі, што я аднаўляюся вельмі хутка. Праз месяц выпісалі. Звычайна пасля шпіталя людзі едуць у адмысловы рэабілітацыйны цэнтр, але там трэба было чакаць чаргу, таму вырашыў застацца дома».

Агулам Зміцер прахварэў два з паловай месяцы. Ні кепскіх звычак, ні хранічных хвароб у яго не было. Адзінае што — падвышаная вага.

Дар’і на тры месяцы прапісалі лекі для разрэджвання крыві. «Калі я захачу цяжараць, мушу ўсю цяжарнасць калоць гэтыя ўколы, бо мяне будуць успрымаць як чалавека з рызыкай трамбозу», — кажа яна пра наступствы.

Лячэнне ў Нідэрландах пакрывае страхоўка, але ёсць нюансы.

«Існуе так званая франшыза, калі кожны год першыя некалькі соцен еўра трэба плаціць самому. Гэта франшыза можа быць ад 385 да 885 еўра. Чым яна большая, тым таннейшая страхоўка. У нас была максімальная, бо мы звычайна не хварэем і гэту суму не выбіраем. А ў гэтым годзе абедзве франшызы выбралі.

Мне нават не дасылалі рахунак за шпіталь, толькі за перавоз са шпіталя ў Амстэрдаме ў Утрэхт (у сталіцы было мала месцаў). Мяне кіламетраў 40 везлі на хуткай дапамозе, і за гэта прыйшоў рахунак на 560 еўра. Прыходзіў рахунак за лекі — я плачу за іх, пакуль франшыза не скончыцца, а далей пакрывае страхоўка».

Па словах Дар’і, у Нідэрландах праз загружанасць медыцынскай сістэмы адцягваюць шпіталізацыю. Але ўжо ў саміх установах дапамога на высокім узроўні. Усіх медсёстраў навучаюць працы з ШВЛ, у дапамогу да персаналу адпраўляюць вайсковых медыкаў.

«Цяпер думаем наконт прышчэпак. Вакцынацыя бясплатная, выклікаюць па чарзе ў залежнасці ад узросту. Гэта будзе або Pfizer, або Moderna. У залежнасці ад таго, што застанецца, бо моладзь зараз яшчэ не колюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?