Хірурга Сяргея Броўку арыштавалі на 30 сутак пасля хапуну ў парку Цівалі
Увечары 2 чэрвеня ў парку Цівалі супрацоўнікі міліцыі затрымалі мінімум дзесяць чалавек. У Фрунзенскім РУУСе на ўсіх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У рапарце міліцыянтаў сказана, што ўдзельнікі масавага мерапрыемства пляскалі ў далоні і крычалі лозунгі. 3 чэрвеня затрыманых пачалі судзіць у судзе Фрунзенскага раёна. Сярод затрыманых быў і 31-гадовы хірург Сяргей Броўка. Сваю віну мужчына адмовіў, паведамляюць праваабаронцы.
Сяргей растлумачыў суддзі Ярохінай, што ён прадаў кватэру і павінен тэрмінова з'ехаць, таму вырашыў увечары купіць скрыні для пераезду. Ён паставіў машыну каля парку Цівалі і вырашыў прайсціся. Там мужчына ўбачыў сваіх знаёмых і падышоў пагутарыць з імі.
Суддзя пацікавілася, куды будзе пераязджаць Броўка:
— А куды пераязджаеце?
— Пераязджаю ў Новую Баравую…
— Ясна, можаце далей не працягваць. Пазіцыя ваша суду зразумелая.
У выніку суддзя Ярохіна арыштавала хірурга на 30 сутак.