Фота БЕЛТА
«МУС вымагае глыбокіх рэформаў і структурнай перабудовы».
Пра гэта заявіў 29 чэрвеня на нарадзе з аператыўна‑кіраўнічым складам органаў унутраных спраў у Мінску Аляксандр Лукашэнка. На думку кіраўніка дзяржавы, рэфармаванне беларускай міліцыі павінна праходзіць у спакойным рэжыме. Ні ў якім выпадку не павінна быць і татальнай чысткі шэрагаў.
«На карэнную ломку міліцыі я не пайду, я за рэформы ўдасканалення», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама заявіў, што нераскрытая справа пра выбух 4 ліпеня — ганьба пра праваахоўчых органаў, зазначыўшы, што вінаватыя дасюль невядомыя.
«Вінаватыя да гэтага не ўстаноўленыя, таксама як і не раскрытыя выбухі ў Віцебску. Гэта ганьба для праваахоўчых органаў», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама спыніўся на правалах у аператыўна-вышуковай, агентурна-аператыўнай працы органаў унутраных спраў.
«Вашыя аператыўныя пазіцыі не вытрымліваюць ніякай крытыкі, у гэтай працы вы згубілі пачуццё рэальнасці і забылі пра закон».
На думку кіраўніка дзяржавы, замест стварэння эфектыўнага механізму прафілактыкі карупцыі маюць месца факты правакацый і падштурховання службовых асоб да атрымання хабару і здзяйснення іншых карупцыйных злачынстваў.
Лукашэнка сказаў, што праверка выявіла 78 фактаў такіх «агідных правакацый».
Закрануў беларускі лідэр і праблему карупцыі ў МУС, зазначыўшы, што сёлета ў МУС зарэгістравана 41 злачынства карупцыйнай скіраванасці, на якіх заспеты 31 супрацоўнік, а найбольш складаная сітуацыя з дысцыплінай асабістага саставу склалася ва ўпраўленнях унутраных спраў Гродзенскага і Віцебскага аблвыканкамаў, дзе колькасць парушэнняў узрасла на 70% і 47% адпаведна.
Лукашэнка сказаў, што ў асобных выпадках узнікаюць небяспечныя з'явы, калі міліцыя становіцца інструментам устаранення непажаданых асоб, канкурэнтаў і выкарыстоўваецца канкурэнтамі і прадстаўнікамі крымінала «для дасягнення асабістых і карыслівых інтарэсаў».
***
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узмацніць пакаранне за парушэнні на дарогах.
Значныя санкцыі, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна прымяняць да тых, хто садзіцца за руль у стане алкагольнага ап’янення.
«П’янства за рулём павінна быць выкаранена»,— сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што жорсткія патрабаванні, перш за ўсё, трэба прымяняць да вадзіцеляў. «У чым вінаваты чалавек, які ідзе па дарозе, не парушаючы правіл? Ён што, удзельнічае ў нейкіх забароненых мерапрыемствах? Не!» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што кожны злачынец павінен памятаць аб прынцыпе няўхільнасці пакарання. І каля вытокаў гэтай работы стаіць у першую чаргу міліцыя. Гаворачы ў цэлым аб праблеме п’янства, прэзідэнт лічыць, што забаронныя меры не дадуць ніякага эфекту.
На яго думку, неабходна шукаць іншыя альтэрнатыўныя метады для барацьбы з гэтым злом.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што да гэтага часу не створана эфектыўная сістэма абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы. У мінулым годзе было выяўлена амаль 700 крадзяжоў у буйным і асабліва буйным памерах, урон ад якіх склаў Br77 млрд., павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам на Br25 млрд. У 2009 годзе ён складае каля Br6 млрд. На думку кіраўніка дзяржавы, у дзеяннях міліцыі адсутнічаюць наступальнасць і ініцыятыва. «Мне не падабаюцца вынікі вашай работы па процідзеянні крыміналізацыі эканомікі. Праваахоўныя органы не валодаюць сітуацыяй у поўным аб’ёме і не працуюць па прадухіленні негатыву ў гэтай сферы. Асабліва па абароне маштабных нацыянальных праектаў і перспектыўных інвестыцыйных праграм», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што чакае вычарпальных мер па ахове ад раскрадання дзяржаўнай уласнасці і народнага багацця.