Кіно

Звар’яцець дзеля аўто: спажыванне як рэлігія ў новым індзі-трылеры «Гульня на выжыванне»

У нашым тухлым пракаце з’явіўся цікавы індзі-трылер «Гульня на выжыванне», які нарэшце дайшоў да вялікага экрана з праграмы мінулага Берлінале. Нямецкі рэжысёр Басціян Гюнтэр паехаў у правінцыю Злучаных Штатаў, каб скрупулёзна адлюстраваць яе наваколле, а мясцовую сістэму мыслення і каштоўнасцяў зрабіць падаплёкай трагічных падзей. Такім чынам выраз «не мы такія — жыццё такое» накладваецца не толькі на дыктатарскія рэжымы, але і на грамадства з дыктатам сацыяльных умоўнасцяў.

Гісторыя расказвае пра, на першы погляд, бяскрыўдную гульню. Такое сабе маленькае ўвасабленне амерыканскай мары, калі трэба прыкласці пэўныя намаганні і дзесьці з жульніцтвам, дзесьці з фартам стаць паважанай часткай грамадства. Годнае месца забяспечваецца, вядома, сацыяльнымі дабротамі, усё ж ЗША — краіна спажывання, поспеху і багацця як абсалютных каштоўнасцяў, і гэта ў фільме галоўная праблема.

Рэжысёр абыгрывае прагу валодання як новую рэлігію і сюжэт базуе на яе небяспечнасці. Што само па сабе варта ўвагі ў такім глядацкім жанры і вядомым матыве гульні на выжыванне, асновай карціны становіцца не які-небудзь выдуманы дэтэктыўны заварот і пустое змаганне само па сабе, а ўкаранелая ў грамадстве сістэма мыслення. Карацей, маем справу з рэдкай птушкай — сацыяльным трылерам.

Такім чынам, недзе ў Тэхасе аўтасалон у чарговы раз разыгрывае ўседарожнік: для таго, каб стаць яго ўладальнікам, трэба даўжэй за ўсіх прастаяць ля аўтамабіля, трымаючы на ім хаця б адну руку. За машыну змагаецца дваццаць чалавек — як толькі гучыць гудок, аповед насычаецца канфліктамі, рэакцыямі, позіркамі ды рознасцю персанажаў і пачынае проста-такі бурліць і падбухторваць да прагнозаў.

Усе вашы прагнозы, мяркую, акажуцца недакладнымі. Як гледачы, мы з самага пачатку ставім на галоўнага героя Кайла (яго іграе вядомы серыяльны акцёр Джо Коўл) — і ён сапраўды «зробіць» гэты сюжэт, але не ў тым ключы, якога чакаюць ад конкурсаў.

Жаданне бясплатна атрымаць машыну становіцца выпрабаваннем на знос — яно прымушае ўдзельнікаў ахвяраваць сваім здароўем, паміраць ад стомы, страчваць прытомнасць, кантроль, губляць сябе (проста-такі вар’яцець на вачах).

Такі стан — гэтую думку я краду ў кінакрытыка Ігара Сукманава — можна параўнаць з сённяшнім станам беларусаў, калі і фізічна, і псіхалагічна ты ўжо набліжаешся да крытычнай адзнакі, але з пэўных прычын мусіш працягваць стаяць.

Адзін з персанажаў пытаецца ў арганізатаркі шоу Джаан, ці гэтая гульня бяспечная, і тая запэўнівае, што так, маўляў, нікога ж ля гэтай машыны стаяць не прымушаюць.

Менавіта ў гэтым зазоры — свабоднага грамадства, дзе ніхто нікога ні да чаго не змушае, — у правы ўступаюць сацыяльныя ўмоўнасці, якімі чалавек абмяжоўвае сам сябе. Абмяжоўвае ажно да смерці.

Больш за тое, кансьюмерызм, сацыяльны статус, матэрыяльныя выгоды ў «Гульні на выжыванне» выразна падаюцца як рэлігія, а машына — яе сімвал. У фільме прысутнічае і баптызм як асноўная рэлігія ў ЗША, але хіба для таго, каб капітуляваць перад новым вераваннем.

Над уседарожнікам не перарываецца малітва, а на руках у Кайла з’яўляецца нешта кшталту стыгматаў. Каб адпачыць душой, галоўны герой едзе не ў царкву, а да жаданага ўседарожніка (і той з ім размаўляе) альбо накіроўваецца на могілкі аўтамабіляў.

Арганізатарка конкурсу Джаан ёсць яшчэ адно ўвасабленне амерыканскага «стылю» і выразны працяг той рэлігіі: поспех перадусім, паўсюль і заўсёды, трымаць яго на твары, чаго б гэта ні каштавала. Жанчына пырхае ад канкурсантаў да хворай маці, ад палюбоўніка, які яе кідае, да няўдалага спаткання, туды-сюды, і ўсё з нязменнай шчаслівай усмешкай і непарушнай ветлівасцю. Гэты манерны пазітыў напаказ, ды і не напаказ таксама, адпавядае яе бачанню сябе ў соцыуме, таму нават калі падступаюць слёзы, яна ўсміхаецца і падбірае мілыя інтанацыі.

«Гульня на выжыванне», такім чынам, становіцца годным жанравым эксперыментам, дзе атмасфера амерыканскага гарадка паказана з зайздроснай акуратнасцю, дзе ўсе датычныя Штатаў вялікія катэгорыі ўвасабляюцца ў правінцыі і архаічным конкурсе, дзе сачэнне за падзеямі ўзнагароджваецца сто разоў як кароткімі паказальнымі сцэнамі, так і вось-дык-паваротамі.

Што цікава адносна індустрыі, «Гульня на выжыванне» служыць чарговым прыкладам сучаснай тэндэнцыі сцірання нацыянальнага ў кіно. Нямецкі рэжысёр і нямецкія ж грошы зрабілі карціну пра амерыканскую свядомасць і амерыканскі антураж.

Зрэшты, як гэта часта бывае, сусветныя тэндэнцыі мы сабе дазволіць не можам: беларускаму кіно, перш чым замахвацца на глабалізм, трэба стварыць уласны вобраз.

Фільм «Гульня на выжыванне» будзе паказвацца ў беларускім пракаце да 16 чэрвеня.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны13

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук з яркай знешнасцю выкладае сэксі-танцы і вучыць мастацтву разняволення9

Латушка: У мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай5

Як працуе Беларуская акадэмія: еўрапейская адукацыя на роднай мове6

На Байкале падлетак забіў нажом чатырох таварышаў на дні нараджэння і падпаліў дом

Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы5

Гурт «Дразды» аб'явіў пра развітальныя гастролі

Пятрухіну забаранялі весці стрым з канфэрэнцыі ў Варшаве. Ён супраціўляўся, а пасля стаў таемна запісваць аўдыя14

Мядзведзеў прыгразіў Трампу Трэцяй сусветнай вайной13

Рашэнне аб перадачы Германіяй Украіне ракет Taurus яшчэ не прынята1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны13

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць