У МЗС нагадалі, што згодна з Дамовай аб Еўразійскім эканамічным саюзе, падпісанай 29 мая 2014 года, мэта стварэння аб'яднання — забеспячэнне свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, стварэнне ўмоў для стабільнага развіцця эканомік дзяржаў-членаў у інтарэсах павышэння дабрабыту іх народаў.

Казахстан прытрымліваецца пазіцыі, што інтэграцыйныя працэсы ў межах ЕАЭС носяць эканамічны характар. «Традыцыйна адзначаем непрымальнасць надзялення органаў еўразійскай інтэграцыі неўласцівымі функцыямі, выступаем супраць палітызацыі аб'яднання», гаворыцца ў паведамленні.

«У кантэксце абмеркавання ініцыятыў, якія выходзяць за межы прадмета рэгулявання Дамовы аб ЕАЭС, у тым ліку па прыняцці мер у адказ на санкцыйныя дзеянні трэціх краін, зыходзім з таго, што санкцыі Захаду маюць у сваёй аснове, перш за ўсё, палітычныя матывы і накіраваны супраць асобных дзяржаў, а не ўсяго ЕАЭС. Адзначаем, што Рэспубліка Казахстан ніякіх перамоваў аб «кансалідаваных мерах» краін ЕАЭС у адказ на санкцыі іншых дзяржаў не вядзе. У працы з партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі гаворка можа ісці толькі аб сумесных дзеяннях па недапушчэнні негатыўнага ўплыву такіх санкцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё нашых дзяржаў», — вынікае з распаўсюджанага паведамлення МЗС Казахстана.

Віцэ-міністр гандлю і інтэграцыі Жанэль Кушукова таксама паведаміла, што на пляцоўцы ЕАЭС пытанне прымянення якіх-небудзь калектыўных мер у адказ на санкцыі трэціх краін не прапрацоўваецца і не абмяркоўваецца.

«Больш за тое, такія пытанні наогул не ўваходзяць у кампетэнцыю Еўразійскага саюза і не стаяць на парадку дня. Рэспубліка Казахстан з моманту стварэння ЕАЭС прытрымліваецца пазіцыі, што гэта аб'яднанне носіць выключна эканамічны характар. Мы прынцыпова супраць палітызацыі нашых узаемаадносін у межах Саюза і прыняцця мер, якія могуць паўплываць на адносіны з трэцімі краінамі», — сказала яна.

Віцэ-міністр адзначыла, што санкцыі, якія прымяняюцца супраць асобных краін ЕАЭС, у той ці іншай ступені аказваюць уплыў на стан эканомік усіх дзяржаў-членаў.

«Улічваючы цесныя эканамічныя сувязі нашых дзяржаў, зараз абмяркоўваецца пытанне выпрацоўкі магчымых сумесных мер, накіраваных на мінімізацыю эканамічных наступстваў для эканомікі дзяржаў-членаў ЕАЭС ад санкцыйнага ўздзеяння на асобныя краіны ЕАЭС. Але калектыўныя меры ў адказ на санкцыі, меры эканамічнага ціску ці іншыя віды ўздзеяння на ўзаемаадносіны з замежнымі дзяржавамі не стаяць на парадку дня ў рамках ЕАЭС. Гэта прынцыповая і нязменная пазіцыя Рэспублікі Казахстан», — падкрэсліла Жанэль Кушукова.

Раней аб тым, што ў ЕАЭС прапрацоўваецца кансалідаваны адказ на санкцыі Захаду, заявіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Аляксандр Панкін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0