У Палаце прадстаўнікоў ствараецца рабочая група па распрацоўцы прапаноў па ўвядзенні мараторыя на смяротную кару.

Аб гэтым 29 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў старшыня парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Віктар Гумінскі.

У той жа час ён заўважыў, што «аб канкрэтных прапановах па гэтым пытанні з боку парламента гаварыць рана». Чакаецца, што ўзначаліць працоўную групу сам Гумінскі.

Увядзенне мараторыя на смяротную кару — адно з патрабаванняў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы для аднаўлення беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ. Такое рашэнне было прынята 23 чэрвеня ў Страсбургу.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2008 годзе да пажыццёвага зняволення ў Беларусі было прыгаворана сем чалавек, да смяротнай кары — два.

Падчас усебеларускага рэферэндуму 1996 года большасць грамадзян Беларусі выказаліся супраць адмены смяротнай кары.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0