Бульба — самая папулярная культура на нашых прысядзiбных i дачных участках. Хоць раслiны бульбы вельмi любяць вiльгаць, надзвычай вiльготнае паветра ў пачатку лета выклiкае ў нас трывогу ў першую чаргу за тое, цi застанёмся мы з бульбай.

Якiя ж мерапрыемствы трэба праводзiць у такiх экстрэмальных умовах? Пра гэта расказвае загадчык лабараторыi тэхналогii вырошчвання бульбы Навукова‑практычнага цэнтра НАН Беларусi па бульбаводстве i плодаагароднiцтве Дзмiтрый Фіцура.

— Сiтуацыя складваецца трывожная i няпростая, — гаворыць Дзмiтрый Дзмiтрыевiч. — Ужо 22—23 чэрвеня на доследным полi выяўлена фiтафтора, а ў прыватных агародах — на тыдзень раней. Гэта вельмi рана.

Прычым фiтафтора даволi агрэсiўнай формы. Куст паражаецца поўнасцю: i лiсты, i сцёблы. На жаль, калi з’явiлася гэтая хвароба, ды ў такiх маштабах, змагацца з ёю цяжка.

Таму трэба тэрмiнова правесцi апрацоўку супраць фiтафторы,

спачатку — сiстэмнымi прэпаратамi: акрабат МЦ, рыдамiл МЦ, аксiхом, потым кантактнымi: дзiтан, пенкацэб. У прыватным сектары пры адсутнасцi гэтых прэпаратаў павiнны выкарыстоўвацца прэпараты, якiя змяшчаюць медзь.

Або гатуецца 1‑працэнтны раствор бардоскай вадкасцi на аснове меднага купарвасу i нягашанай вапны. Трэба ўсё‑такi ўлiчваць, што ахоўныя мерапрыемствы супраць фiтафтарозу носяць больш прафiлактычны характар, гэта значыць прэпарат пакрывае зялёныя часткi раслiны своеасаблiвай плёнкай, перашкаджаючы пранiкненню ў сярэдзіну спораў грыба, якi выклiкае хваробу. Гэтая плёнка змываецца вадой, у такiм выпадку апрацоўкi трэба паўтараць пасля кожнага дажджу i спынiць iх за 20 дзён да ўборкi ўраджаю.

У сувязi з такiм надвор’ем мы раім, як толькi ёсць магчымасць выйсцi ў поле, праводзiць мерапрыемствы па рыхленнi глебы, каб забяспечыць доступ паветра да каранёў раслiн i новых клубняў.

Наконт падкормак. На лёгкiх пясчаных глебах падкормкi трэба праводзiць азотам. У прыватным сектары, як правiла, добрая запраўка арганiкай. Калi вы лiчыце, што зямля запраўлена слабавата, то можна прадкармiць амiячнай салетрай, карбамiдам, сульфатам амонiю.

Сёлета на бульбяных палетках каларадскi жук з’явiўся даволi позна, магчыма, гэтаму паспрыяла вiльготнае i халаднаватае надвор’е. На бульбе пакуль назiраюцца дарослыя асобiны. На невялiкiх па памеры пасадках рэкамендуецца ўсё ж такi механiчны спосаб яго знiшчэння. Апрацоўка бульбы iнсектыцыдамi найбольш эфектыўная ў перыяд масавага з’яўлення лiчынак.

Напрыклад, сярод хiмiчных сродкаў рэкамендуецца выбiраць такiя прэпараты як актэлiк, дэцыс, каратэ, фастак, шэрпа, сумi‑альфа i ншыя.

Яшчэ трэба сказаць пра прачысткi на бульбяным полi. Калi вы бачыце, што раслiна развiваецца ў няпоўную сiлу, нiзкарослая, з тонкiмi сцёбламi, лiсты слабаразвiтыя, карацей, чымсьцi прыгнечана, не шкадуйце выкiдваць такiя раслiны цяпер, бо i ўраджай належны яны не дадуць, i ў наступны год клубнi пойдуць непаўнацэннымi. Аслабленая раслiна перш за ўсё схiльная да розных хваробаў, у тым лiку грыбковых.

Валянцiна Шпілеўская, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0