Фота Надзеі Бужан
У цяперашніх ваганнях курсаў няма нічога надзвычайнага, гэта натуральны працэс, заўважае эканаміст Дзмітрый Крук. Паколькі наш знешні гандаль пераважна арыентаваны на Расію, то і траекторыя беларускага рубля часткова паўтарае траекторыю расійскай валюты.
«У гэтай заканамернасці могуць быць адхіленні, ці нават яна наогул можа на пэўны перыяд перастаць працаваць — у выпадку, калі на першы план выходзяць нейкія ўнутраныя чыннікі. Напрыклад, адбываецца шок у стане беларускага знешняга гандлю ці на ўнутраным рынку.
Але менавіта ў гэты момант такога кшталту шокаў няма.
У свеце мае месца трэнд пэўнага абясцэньвання даляра да іншых валют (з пачатку года ў адпаведнасці з так званым індэксам даляра ён абясцэніўся да кошыку іншых ключавых сусветных валют прыкладна на 10%). Апошнімі тыднямі да гэтага трэнду дадаецца яшчэ сусветны рост цэн на нафту.
У такіх варунках валюты краінаў-экспарцёраў нафты ўмацоўваюцца да даляра ў большай ступені, чым іншыя. Гэта якраз выпадак Расіі. Апошнімі тыднямі расійскі рубель умацаваўся да даляра да ўзроўню гадавога максімуму», — кажа эксперт.
Пры гэтым беларускі рубель расце да даляра меншымі тэмпамі за расійскі.
«Іншая гаворка, калі ў гульню ўступяць унутраныя чыннікі. Напрыклад, тыя заявы па санкцыях, якія зараз анансуюцца, у выпадку імплементацыі могуць стаць вельмі істотным шокам для стану беларускага знешняга гандлю і фінансавага рынку», — дадае Дзмітрый Крук.
Падобную ацэнку сітуацыі дае і акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра Beroc Кацярына Барнукова.
«Пакуль наш валютны рынак паводзіць сябе даволі блізарука. Ён рэагуе ў першую чаргу на тыя падзеі, якія адбываюцца проста цяпер — рост цаны на нафту і ўмацаванне расійскага рубля. Пры гэтым рынак, здаецца, абсалютна не бачыць будучых рызык (будучых санкцый і іх уплыву на валютную выручку) і не рэагуе на іх. Узнікае пытанне, а ці ёсць на рынку жывыя эканамічныя агенты ці ён ужо зарэгуляваны да такой ступені, што выконвае чыста тэхнічныя функцыі перадачы валюты ад экспарцёраў імпарцёрам.
Думаю, што амерыканскія санкцыі ўжо ў бліжэйшыя тыдні пачнуць адбівацца на валютнай выручцы, і такое ўмацаванне беларускага рубля наўрад ці будзе магчыма доўга падтрымліваць. А калі рэалізуюцца рызыкі новых санкцый, мяркую, да канца чэрвеня мы можам убачыць зусім іншую карціну, нягледзячы на цэны на нафту і расійскі рубель», — лічыць Кацярына Барнукова.