(паводле Вольгі Данішэвіч)


Вольга Данішэвіч. Журналістка і тэлевядоўца. Вяла музычныя перадачы «Падземка» і «Запальнічка» на тэлеканале «Белсат». Цяпер - рэдактар і выдавец публіцыстычных перадач. Сталая аўтарка часопісу «Студэнцкая думка» (цяпер мультымэдыя-часопіс «34»).

1. Зрабі камеру сваім найлепшым сябрам - прынамсі на час запісу. Хітры аб'ектыў не падманеш - любая твая няшчырасць, штучнасць ці непадрыхтаванасць на экране будуць як на далоні. А таму:

2. Рыхтуйся й яшчэ раз рыхтуйся - любая спантаннасць патрабуе добрай падрыхтоўкі. Ня вер, калі табе кажуць, што станеш перад камерай і само ўсё пойдзе. Пасля 2 гадзінаў пацення пад тэлевізійнымі лямпамі ўжо будзе не да імправізацыі, якраз тады загадзя напісаны тэкст станецца тваім шчаслівым паратункам.

3. Здзіўляй - бяз гэтага тваю перадачу пераключаць ужо пасля першай хвіліны са словамі «зноў гэтая нудота». Як працуеш на актыўнае пакаленне моладзі 2000-х, то мусіш уцяміць, што тэлевізар ужо не глядзяць, каб забіць час, або запоўніць цішыню ў пакоі - для гэтага ёсць фільмы з нэту ды музыка ў кампе. Хочаш, каб глядзелі цябе - будзь нечаканым, правакуй ды не паўтарай нікога.

4. Выйдзі да людзей - цяпер цяжка некага зацікавіць тэлевізійным прадуктам, не прапануючы адно голую карцінку. Выйдзі па-за межы каробкі - зрабі стаўку на інтэрактыўнасць: сайт перадачы, конкурсы, ролікі і кантакты з Нэту, - не грэбуй нічым, каб усталяваць кантакт з гледачом.

5. Не спыняйся на дасягнутым. Поспех на экране не вечны. Сёньня ты будзеш найлепшым вядоўцам, заўтра за тваю манеру стаяць перад камэрай цябе абсвісцяць. Развівайся, шукай новыя тэндэнцыі ды інвэстуй у сябе. Заняткі з лягапедам, дэнс-школа, праца дома перад люстэркам - межаў для самаўдасканаленьня няма.

6. Нясі пазытыў - і да цябе пацягнуцца. Нэгатыву вакол і так зашмат, каб шукаць яго яшчэ й на тэлеэкране.

7. Лаві свежыя трэнды, шукай новыя фэйсы і будзь гатовы перагледзець свае ўчарашнія ідэі для дасягнення лепшага выніку сёньня.

8. Знешні выгляд - частка твайго поспеху. Будзь гатовы да смелых эксперыментаў, але памятай: тое, што ў жыцьці глядзіцца супер, на экране часцяком - не вельмі. І наадварот: лепш даверыцца прафесіяналу-стылісту.

9. Знешні выгляд-2: нават самы прафэсійны візажыст не схавае трохдзённага недасыпу ды нястачы энэргіі ў вачах. Выснова: давядзецца высыпацца ды сачыць за сваім графікам.

10. Рабі сваю справу з запалам і крэатыўна. Нават халодна-дыстанцыйны стыль паводзінаў на экране патрабуе вялікай заангажаванасьці ды энэргіі. Млявы, абыякавы вядоўца - добрая нагода, каб пераключыцца на іншы канал. Сучаснасць патрабуе дынамікі. І такім мусіш быць ты.

Глядзі яшчэ:
11 запаветаў сучаснага мастака (паводле Адама Глобуса)
10 запаветаў блогера (паводле Марыі Мартысевіч)
10 запаветаў прафесійнага журналіста (паводле Віктара Марціновіча)
10 запаветаў прафесійнага кінасцэнарыста (паводле Андрэя Курэйчыка)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?