Па словах абаронцы, суд адмовіўся далучыць да справы матэрыялы, якія даказваюць агучаныя Віктарам Бабарыкам довады пра тое, што крымінальны пераслед у дачыненні да яго не меў мэты раскрыцця рэальнага злачынства, а быў скіраваны на тое, каб перашкодзіць яму ў выказванні палітычнага меркавання і ўдзеле ў выбарах прэзідэнта, піша Tut.by.

«Сваю пазіцыю Віктар Бабарыка, выступіўшы 6 красавіка на пасяджэнні, абгрунтаваў канкрэтнымі фактамі аб тым, што пачатак і поспехі яго выбарчай кампаніі па часе супадаюць з рэакцыяй службовых асоб і праваахоўных органаў, якая прывяла да распачынання крымінальнай справы і змяшчэння яго пад варту. Але доказы гэтых фактаў суд у справе бачыць не захацеў. Хоць ёсць наўпроставая норма, якая абавязвае суд далучаць да справы матэрыялы, сабраныя абаронай».

Таксама, кажа абаронца, суд адмовіўся выклікаць у пасяджэнне двух грамадзян Латвіі, якія неаднаразова згадваюцца ў абвінавачванні як асобы, праз якіх нібыта Віктар Бабарыка здзяйсняў інкрымінаваныя дзеянні. Гаворка ідзе пра Аляксандра Растаўса і Аляксея Сцяпанаўса, якія фігуруюць у абвінаваўчым заключэнні як кіраўнікі замежных кампаній, нібыта падкантрольных Бабарыку.

«Падчас папярэдняга следства гэтыя грамадзяне дапытаныя не былі. Іх паказанняў у справе няма. Раней адмова выклікаць іх матывавалася тым, што нібыта адсутнічаюць звесткі аб іх адрасах, а таксама што нібыта прадпрымаліся меры для іх допыту шляхам накіравання просьбы аб міжнародна-прававой дапамозе.

Цяпер мы ўжо ў трэці раз хадайнічалі аб выкліку гэтых людзей: мы знайшлі ў нетрах 122-х тамоў справы пашпартныя дадзеныя і адрасы гэтых грамадзян, а таксама падалі норму міжнароднай дамовы пра магчымасць выкліку гэтых грамадзян непасрэдна судом. І галоўнае — мы паказалі, што просьбы аб міжнароднай дапамозе накіроўваліся наогул не па гэтай справе, што гэтыя просьбы накіроўваліся не судом, і што ў іх пытанне аб выкліку грамадзян у суд або аб уручэнні ім позвы нават не ставілася. Але выклікаць іх суд адмовіўся. Добра, што закон дазваляе нам у гэтай сітуацыі заявіць аб недаказанасці абставін, указаных у абвінавачванні ў сувязі з імёнамі гэтых грамадзян».

Таксама абароне, па словах Лаеўскага, удалося далучыць да справы выключна важныя новыя доказы, сабраныя імі за межамі Беларусі.

- Гэтыя дакументы абвяргаюць ключавыя довады абвінавачвання аб тым, што: 1) нібыта Віктару Бабарыку была падкантрольная латвійская кампанія, якая ўвайшла ў пачатку 2005 года ў склад удзельнікаў беларускай кампаніі, якая рэалізуе сумесны праект з «Белгазпрамбанкам»; 2) нібыта паступаючыя ў латвійскую кампанію дывідэнды ад беларускай кампаніі такім чынам былі «прынятыя» Віктарам Бабарыкам у якасці хабару. Мы паказалі, што заснавальнікам латвійскай кампаніі і членамі органаў яе кіравання былі суб'екты, не проста ніяк не звязаныя з Віктарам Бабарыка, але нават ні разу не згаданыя нікім у гэтым крымінальным працэсе. І паказалі, што дывідэнды ў латвійскую кампанію ніякага дачынення да Віктара Бабарыкі не мелі».

Зміцер Лаеўскі распавёў «Радыё Свабода», што гаворка ідзе пра арыгіналы дакументаў з пячаткамі і подпісамі латвійскіх афіцыйных асоб.

«Мы дастаўляем іх у суд, і пракурор кажа: можа быць, вы знайшлі гэтыя дакументы на вуліцы. Пры гэтым абвінавачанне спасылаецца на некаторыя дакументы ў матэрыялах справы, на якіх няма ні подпісу, ні пячаткі. Гэта адзін з прыкладаў таго, што адбываецца па-за разуменнем звычайнага здаровага чалавека.

Для Бабарыкі як высокаадукаванага і высокакультурнага чалавека гэта дзіка і дзіўна. Але ў яго ўсё яшчэ ёсць пачуццё гумару, і гэта ратуе».

Лаеўскі кажа, што ў боку абароны ёсць яшчэ шэраг вартых увагі фактаў на карысць невінаватасці Віктара Бабарыкі.

«Абвінавачванне зачытвалі шмат дзён, потым шмат дзён доўжыліся допыты і яшчэ больш — вывучэнне дакументаў. Усё гэта стварае ілюзію аб тым, што ёсць нейкае складанае злачынства і нейкія яго доказы. Мы простымі словамі патлумачым, чаму абвінавачванне беспадстаўнае».

21 чэрвеня ў 10.00 пачынаюцца судовыя спрэчкі па «справе Белгазпрамбанка».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?