У Менску адбыліся два камуністычныя зьезды Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбыліся два зьезды камуністычных партый – аб’яднаўчы зьезд афіцыйнай ПКБ і нечарговы зьезд апазыцыйнай ПКБ. На абодвух зьездах пабываў наш карэспандэнт.

Так званы аб’яднаўчы зьезд КПБ-ПКБ праходзіў у менскім Доме афіцэраў. На яго сабраліся каля 260 дэлегатаў, а таксама каля 200 ветэранаў КПБ, КПСС, прадстаўнікі кампартыяў Расеі, Украіны, Кітая, Віетнама і Таджыкістана. Прысутнічаў таксама амбасадар Туркмэністану. Сярод удзельнікаў зьезду былы старшыня Вярхоўнага савету БССР Мікалай Дземянцей, колішні партыйны лідэр Яфрэм Сакалоў ды іншыя. Ля дома афіцэраў цягам працы зьезду дзяжурыла машына хуткай дапамогі.

Асноўным было ўзьяднаньне КПБ і ПКБ у адзіную партыю на плятформе афіцыйнай кампартыі. Гаворыць дэлегат зьезду, былы настаўнік, 78-гадовы Анатоль Касьянаў з Воршы:

(Касьянаў: ) “Тая палітыка, якую сталі праводзіць Калякін і іншыя, не адпавядае камуністычнай ідэалёгіі. Гэта сувязь з дэструктыўнымі, апазыцыйнымі сіламі”.

(Карэспандэнт: ) “А навошта гэтае аб’яднаньне, гэты аб’яднаўчы зьезд?”

(Касьянаў: ) “Каб падтрымаць урад, кіраўніцтва, і процістаяць наплыву звонку, які зараз стараюцца зрабіць імпэрыялістычныя сілы”.

За працай альтэрнатыўнага зьезду ў залі “Белкаапсаюзу”, на які прыехалі 66 дэлегатаў, назіралі супрацоўнікі спэцслужбаў. Зьезд ПКБ назваў аб’яднаўчы зьезд спробай стварыць партыю ўлады з наступнай ліквідацыяй апазыцыйных палітычных партый. На аб’яднаўчы зьезд былі пасланыя сябры рэвізійнай камісіі, каб правесьці рэгістрацыю сябраў ПКБ. Тлумачыць Віктар Хоміч з Гомелю:

(Хоміч: ) “Ніводнага сябра ПКБ на гэтым зьездзе няма. Што за людзі яго прадстаўляюць – цяжка сказаць, бо нават сьпісаў гэтых не паказалі. Гэта мерапрыемства вельмі нагадвае нешта з далёкіх, цёмных часоў нашай гісторыі, пра якія мне цяжка і нават брыдка казаць”.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін заявіў:

(Калякін: ) “Гэта ніякі не аб’яднаўчы з’езд. Гэта мерапрыемства, сэнс якога не разумеюць нават самі кіраўнікі КПБ. Гэта ціск на нашу партыю. Ліквідацыя нас як палітычнай сілы – гэта адна з мэтаў гэтага палітычнага мерапрыемства. Аднак гэтае мерапрыемства ні да чаго не прывядзе”.

Зьезд ПКБ прыняў рэзалюцыю, у якой рашуча асудзіў жорсткасць, беззаконьне і самавольства адносна Аляксандра Казуліна. Дэлегаты выказалі сваю салідарнасьць з палітвязьнем і запатрабавалі ягонага неадкладнага вызваленьня. Яны заклікалі ўступіць у барацьбу за свабоду спадара Казуліна і іншых палітзьняволеных.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0