Пра гэта журналiстам учора паведамiў намеснiк начальнiка Рэспублiканскага гiдраметэаралагiчнага цэнтра Вiктар Мельнiк.

Увогуле ў Беларусi лiпень лiчыцца самым цёплым месяцам года. Паводле папярэднiх прагнозаў сярэднямесячная тэмпература месяца будзе адпавядаць клiматычнай норме, якая складае 17—19 градусаў. Нагадаю, што месячны тэмпературны фон улiчвае i дзённую, i начную тэмпературы. Галоўным чынам у лiпенi будзе назiрацца камфортная дзённая тэмпература ў межах 17—24 градусаў, а ўначы 9—14 цяпла.

Аднак у першай палове месяца сiноптыкi прагназуюць больш высокiя дзённыя тэмпературы, якiя будуць дасягаць 27—30, а ў асобныя днi i да 32 градусаў i вышэй.

Айчынныя клiматолагi падлiчылi, што

халадней за ўсё ў лiпенi бывае на паўночным захадзе краiны ў раёне Ашмянскага ўзвышша, дзе сярэднямесячная тэмпература складае ўсяго 16,9 градусаў,

а цяплей за ўсё — на паўднёвым усходзе ў Гомельскiм Палессi (18,5). Лiчыцца, што ў лiпенi прыкладна на 1,5 градуса цяплей, чым у чэрвенi, але сустракаюцца i выключэннi. Сiноптыкi зафiксавалi, што цяплей звычайнай нормы на 2—4 градусы прыпякала ў лiпенi 1959, 1963, 1972, 1988, 1994, 1999, 2002, 2003 i 2006 гадах.

А вось лiпень 2001 года быў самым спякотным за ўсю гiсторыю метэаназiранняў, калi сярэднямесячная тэмпература склала 22,1 градуса, што перавысiла клiматычную норму больш чым на 4 градусы.

Блiжэйшыя халодныя лiпенi назiралiся толькi ў 1974, 1977, 1978 i 1984 гадах. Самым халодным быў лiпень 1979 года, калi сярэднямесячная тэмпература была ў межах 14,4 градуса.

Абсалютны максiмум дзённай тэмпературы другога месяца лета складае 33 градусы па паўночным усходзе краiны i плюс 38 — па паўднёвым усходзе.

А вось самая халодная тэмпература месяца назiралася ўначы на балотах Палесся (0,5) i да 6 градусаў па паўднёвым усходзе краiны.

Лiпень лiчыцца не толькi самым цёплым, але i найбольш вiльготным месяцам. Сёлета сiноптыкi чакаюць 85—90 мiлiметраў ападкаў пры норме 87 мм. Звычайна на працягу месяца бывае 12—16 дзён з дажджом, дзе 5—8 дзён дажджы «сябруюць» з навальнiцамi. Разам з тым, у апошнiя гады сур’ёзныя навальнiцы ў лiпенi сустракаюцца ўсё часцей. Вельмi моцных лiўняў у лiпенi сiноптыкi не прагназуюць, аднак не выключаюць, што могуць быць i анамальныя з’явы, такiя, напрыклад, як у чэрвенi.

Мiж iншым, чэрвень сёлета стаў выключна дажджлiвым. За месяц у краiне выпала 140 мiлiметраў ападкаў, што склала 175 працэнтаў клiматычнай нормы. Такая вялiкая колькасць ападкаў адзначаецца ў чэрвенi толькi другi раз за апошнiя 65 гадоў. На метэастанцыях Стоўбцы, Мар’iна Горка, Слуцк, Палеская i Высокае былi дасягнуты абсалютныя максiмумы па ападках. Так, у Слуцку за мiнулы месяц выпала 224 мм ападкаў, што склала амаль тры месячныя нормы. Самымi дажджлiвымi рэгiёнамi вызначылiся Мiнская i Брэсцкая вобласцi, дзе за месяц выпадала адпаведна 152 i 158 мм ападкаў. Сама меней «падмачыла» сёлета Вiцебскую i Магiлёўскую вобласцi (123 i 127 мм ападкаў), але i гэтага хапiла, каб iстотна перавысiць норму.

Дажджы ўсё часцей назiралiся ў выглядзе лiўняў, калi за суткi часам выпадала больш як 20 мм ападкаў. Так, 24 чэрвеня на метэастанцыi Драгiчын выпала 72 мм ападкаў, што складае амаль месячную клiматычную норму, 29 чэрвеня моцны дождж «прынёс» Баранавiчам адразу 59 мм ападкаў.

У сталiцы нашай краiны за 29 дзён чэрвеня выпала 187 мм ападкаў, што перавысiла дзве месячныя нормы. Такi дажджлiвы чэрвень у Мiнску сустракаецца другi раз за апошнiя 100 гадоў.
Усё часцей летняе надвор’е ў Беларусi больш нагадвае клiмат тропiкаў, калi назiраецца i высокая тэмпература i высокая вiльготнасць.
Разам з тым спецыялiсты адзначаюць, што ў 30‑я гады мiнулага стагоддзя ў Беларусi быў больш вiльготны клiмат, калi выпадала на 60—70 мм ападкаў больш, чым зараз.

Аднак клiмат тады быў i больш халодным.

Разглядаючы перспектывы надвор’я на жнiвень, Вiктар Мельнiк спадзяецца, што тэмпературны фон апошняга месяца лета будзе крыху вышэйшы за клiматычную норму, а ападкаў выпадзе крыху менш за яе. Тэмпературная норма жнiўня складае 16—19 градусаў, а па дажджах — 80—85 мм ападкаў.

Сяргей Куркач, Звязда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0