01.07.2009 / 10:41

Дыскаграфія: Адыс Абеба Шифроваться, 2009, addis‑abeba.ad.by

У кампазіцыі пра чабурашку праскокваюць ноткі псіхадэлу.

Мінска‑гомельскі праект незаслужана заціснуты (самім сабой) у межы рэгі. Гэты альбом даводзіць, што іх музычны кругляд куды шырэйшы, а слоў хапае не толькі на апяванне Джа.

Класічныя песенькі ў дадзеным кірунку, вядома ж, прысутнічаюць, і пасля першых трэкаў пачынаеш ужо нудзіцца, пакуль у чацвёртым не прарываецца брудная гаражнасць. Далей — болей: музыкі даюць цуднага фанку, заляцаюцца да джазу, рускага року, а ў кампазіцыі «Чабурашка» праскокваюць ноткі псіхадэлу (дасціпная гісторыя пра тое, як герой песні надта хацеў чабурашку, але ніхто яго не дарыў, таму ён сам сабе прыляпіў вушы).

Бліжэйшыя суродзічы «Адыс Абебы» — «Ляпіс» часоў «Залатых яйцаў» ды група «Ноль».

Часам вакаліст Дзіма Іваноў надта хіліцца ў гэтую рускарокерскую эстэтыку, апяваючы побытавую рамантыку з паходам па віно ў краму і пошукам недапалкаў у бляшанцы з‑пад кавы. Больш удала ў «адысаў» выходзяць песні на адвечныя тэмы — смерць, каханне, шчасце, дзеці. «Шифроваться» — альбом надзвычай станоўчай музыкі з любоўю зробленай і са шчырасцю пададзенай. Застаецца толькі шкадаваць, што не прадаецца кружэлачка ў дыскарнях.

Сяргей Будкін

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру