Што раней — дэмакратыя ці незалежнасць? Піша Віталь Тарас.

Пра ЗША мы з дзяцінства ведаем усё — і пра курс даляра, і пра Уол‑Стрыт, і пра дзвюхпартыйную сістэму, і пра тое, хто стане прэзідэнтам на выбарах. Нават Дзень незалежнасці мы святкуем амаль разам, толькі на дзень раней.

Калі ж сур’ёзна, нічога мы пра Злучаныя Штаты не ведаем, а часцей за ўсё карыстаемся міфамі і стэрэатыпамі.

Сярод амерыканскіх прэзідэнтаў было нямала выдатных асобаў — такіх, як Джордж Вашынгтон (сёлета споўнілася 220 гадоў з часу інаўгурацыі першага прэзідэнта), Томас Джэферсан, Аўраам Лінкальн, Тэадор і Франклін Рузвельты, Вудра Вільсан, Рональд Рэйган. Былі і асобы з больш сціплымі здольнасцямі. Сярод іх — Рычард Ніксан, Джэральд Форд ці Джымі Картэр. Пра апошняга амерыканцы жартавалі: адзіная сапраўды добрая справа, якую ён зрабіў — гэта прайграў выбары‑1980.

Але пры ўсім пры тым, гісторыя ЗША не ёсць гісторыяй кіраўнікоў гэтай краіны — у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, дзе погляды ці асаблівасці характару першай асобы дзяржавы адыгрывалі і адыгрываюць значную ролю ў лёсе народу.

Злучаныя Штаты не падобныя ні на якую іншую краіну. У гэтым можна пераканацца з кнігі па гісторыі ЗША Дэніэла Макінерні. (Danel J. McInerni. A Traveller’s History of The USA, 2001) Назву кнігі можна перакласці як «Гісторыя ЗША для турыстаў». Але тое, што яна напісана даступнай мовай, зусім не адбілася на яе вартасцях.

Па‑першае, ЗША ўзніклі ў выніку рэвалюцыі. У гісторыі амаль кожнай еўрапейскай нацыі былі свае рэвалюцыі. Але дэмакратычная рэвалюцыя ў Злучаных Штатах стала пачаткам незалежнасці краіны. А можна сказаць і наадварот — барацьба за незалежнасць паклала пачатак сучаснай дэмакратыі.

Спачатку гэта не была адна краіна. На месцы англійскіх калоній узніклі адразу некалькі штатаў і ў кожнага былі свае патрыёты. Дж.Вашынгтон казаў: «мая краіна — Вірджынія». Яшчэ на пачатку ХІХ ст. легіслатуры (заканадаўчыя ўлады) штатаў спрачаліся — пісаць United State (у адзіночным ліку, то бок дзяржава) ці United States of America?

4 ліпеня 1776 года Другі Кантынентальны кангрэс прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці, у якой, між іншым, пералічваліся галоўныя прынцыпы, на якіх грунтуецца амерыканскае грамадства: роўнасць усіх людзей перад Богам і права народа змяняць палітычны лад, калі ён пярэчыць народным інтарэсам.

«Прайшло ўжо больш за два стагоддзі, а амерыканцы і дагэтуль захоўваць інстынктыўны недавер да любой пануючай улады і павышаную падазронасць ў адносінах да ўсялякіх змоваў. Вышэй за ўсё ў свеце яны цэняць асабістую свабоду, а дзяржаву, у якой жывуць, лічаць ідэальнай мадэллю грамадства. І гэтыя погляды амерыканскага народа — своеасаблвая спадчына той далёкай рэвалюцыі». (Тут і далей цыт. паводле расійскага выдання — США. История страны / Макинерни Д; М.:Эксмо;СПб.:Мидгард, 2009)

Сучасная міфалогія

З часоў Вялікай дэпрэсіі 1929 г. і маруднага, доўгага выхаду з эканамічнага крызісу ў 1930‑я, амаль 65 гадоў Амерыка не ведала жорсткіх эканамічных устрасенняў — аж да сённяшняга глабальнага крызісу. Пры ўсёй нераўнамернасці развіцця, пры усіх ваганнях фондавых рынкаў і спадах прамысловасці, у ЗША няўхільна рос сярэдні ўзровень жыцця, расло і спажыванне тавараў.

З 1945 па 1980 гады амерыканскі ВНП вырас больш чым у 11 разоў. У 1960‑я гады ў краіне, дзе жылі 6% насельніцтва планеты, выраблялася дзве траціны ўсіх тавараў у свеце! Пры Рэйгане ВНП вырас яшчэ на 28%. Праўда, дэфіцыт бюджэту пры ім таксама вырас — з 79 млрд даляраў амаль удвая. Тады гэтая лічба здавалася фантастычнай. Сёння размова ідзе пра дэфіцыт і замежную запазычанасць у трыльёны даляраў. За ўвесь паваенны час прафіцытным бюджэт быў толькі пра адміністрацыі Клінтана. А індэксы прамысловых фондавых біржаў за той самы час выраслі ўтрая.

Нам падаецца, што амерыканскі капіталізм з яго надзвычайным дынамізмам нарадзіўся толькі ў ХХ ст. Але вось што пісаў Алексіс дэ Таквіль у кнізе «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» пасля сваёй паездкі ў ЗША ў 1831‑1832 гг.:

«Чалавек у Злучаных Штатах будуе дом, каб правесці ў ім рэшту жыцця, але прадае яго раней, чым паспее накрыць яго дахам, ён разводзіць сад і кідае яго акурат тады, калі дрэвы пачынаюць прыносіць плады, ён ператварае дзікую зямлю ва ўрадлівае ворыва, але пакідае магчымасць іншым людзям збіраць ураджай, ён выбірае сабе прафесію і адразу кідае яе, каб несці свае зменлівыя жаданні кудысці яшчэ». Паводле Дэніэла Макінерні, які прыводзіць у сваёй кнізе гэтую цытату, «ліхаманкавая гонка» была ўласцівая Амерыцы заўсёды. І заўсёды былі тыя, хто баяўся бесперапынных зменаў, але былі тыя, хто кідаў выклік любым абставінам — як, напрыклад, легендарныя перасяленцы на Захад.

Амерыканцы не анёлы

Стваральнікі Канстытуцыі ЗША пісалі: (дазволю сабе яшчэ адну цытату): «Калі б людзі былі анёламі, дык ніякі ўрад ім увогуле не спатрэбіўся б. З другога боку, каб людзьмі кіравалі анёлы, дык такі ўрад не трэба было б кантраляваць ні звонку, ні знутры». Аднак, ва ўсіх людзях прысутнічае і анёльскі і д’ябальскі пачатак, і гэта трэба ўлічваць. Аптымізм наконт чалавечай натуры, на думку стваральнікаў канстытуцыі, быў бы злачынным глупствам. У якасці выйсця яны прапанавалі падзяліць уладу на тры галіны, кожная з якіх прадстаўляла б народ, але мела б уласныя функцыі, кантралявала і ўранаважвала іншыя. Дзвесці гадоў — дастатковы час для праверкі амерыканскай дэмакратыі на трываласць.

Многія любяць згадваць пасляваенныя гады, калі ў ЗША ўзнялася хваля «чырвонай істэрыі» і шпіёнаманіі, якая падтрымлівалася дзяржавай і якая мелі, зразумела, мала агульнага з дэмакратыяй.

У 1947 г. Гары Трумэн распачаў кампанію праверкі лаяльнасці федэральных чыноўнікаў. У выніку 2000 чалавек падалі заявы пра адстаўку, яшчэ больш за 200 чалавек звольнілі па ініцыятыве адміністрацыі. У 1948 г. Камітэт па расследаванні антыамерыканскай дзейнасці (КРААД) пачаў судовы пераслед былога супрацоўніка Рузвельта Олджэра Хіса. Сенацкая камісія пад кіраўніцтвам малавядомага тады сенатара Макарці распачала крымінальныя справы супраць многіх федэральных службоўцаў. Аднак, сам ён ніколі не прадставіў ніводнага праверанага факта. У 1954 г. прайшлі «Вайсковыя слуханні Макарці», якія шырока асвятліся ў прэсе і на тэлебачанні. У выніку справа развалілася — сенатару не ўдалося знайсці ніякіх слядоў здрадніцкай дзейнасці. На гэтым яго палітычная кар’ера скончылася.

Дарэчы, у 1995 г. былі рассакрэчаны некаторыя дакументы, якія пацвярджаюць існаванне савецкай шпіёнскай сеткі ў ЗША ў 1930‑1940‑я гады. Згаданы вышэй Хіс, а таксама муж і жонка Розенбергі, пакараныя смерцю за выдачу атамных сакрэтаў СССР, належалі да гэтай сеткі.

А цяпер параўнаем. У 1948 г. у СССР разгарнулася кампанія супраць «касмапалітаў», у выніку якой тысячы прадстаўнікоў інтэлігенцыі яўрэйскага паходжання былі адпраўлены ў сталінскія лагеры, або пазбаўлены працы і нават права друкавацца. У 1952 г. пачалася так званая «Ленінградская справа», у выніку якой некалькі дзесяткаў чалавек былі растраляны, астатнія адпраўлены ў ГУЛАГ.

Звальненні паводле палітычных матываў з працы альбо адлічэнні з навучальных установаў шырока практыкуюцца, як вядома, і ў сённешняй Беларусі.

Улады ЗША ў паваенныя гады, як і адміністрацыя Джорджа Буша‑малодшага ў нядаўнія часы, пайшлі на часовае абмежаванне канстытуцыйных правоў грамадзянаў у мэтах нацыянальнай бяспекі. Але, як сказаў суддзя Вярхоўнага суда ЗША Уільям Дуглас, небяспекі марксізму‑ленінізму ў ягой краіне ўдалося пазбегнуць не з гэтай прычыны, а таму, што «ён стаў прадметам адкрытага разгляду і абмеркавання. Наша свабода слова падарвала яго асновы як эфектыўнага палітычнага вучэння».

Гэтыя словы, прамоўленыя суддзём Дугласам у 1951 г., гучаць актуальна і сёння.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0