Нататкі з каталіцкага кінафестываля ў Глыбокім.

«Глубокоерайгаз» — гэтае каструбаватае слова з велізарных блакітных літараў на сцяне дома — першае, што я ўбачыў у цэнтры мястэчка. Будынак побач з газавай канторай упрыгожвае больш сціплы паводле памераў надпіс: «Тэатральная зала імя Ігната Буйніцкага». У ёй праходзіў 5‑ы каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно і телепраграм «Магніфікат»‑2009.

Пра сам райцэнтр і пра Глыбоччыну з яе цудоўнымі азёрамі, сярод якіх унікальныя Доўгае (самае глыбокае ў Беларусі), Шо, Пліса, ды іншыя, нічога казаць не буду. Як не буду казаць і пра глубокую крыўду тамтэйшых людзей і мясцовага начальства на тое, што ў вёскі Івесь ля возера Шо нядаўна забралі статус «цэнтра Еўропы», пра што сведчыць геадэзічная сетка. Забралі ў літаральным сэнсе — прыехалі ў Івесь, выкапалі каменны геаграфічны знак, ды адвезлі ў Полацк, статус якога палічылі больш годным, каб называць яго цэнтрам кантынента, хай і насуперак фактам.

Нічога, акрамя добрага, не скажу пра глыбоцкіх чыноўнікаў, якія пяць гадоў таму пагадзілася на правядзенне кінафестываля ў Глыбокім і цяпер штогод апекуюцца яго гасцямі, возяць іх на экскурсіі па мясцінах партызанскай славы, арганізуюць канцэрты з удзелам раённага ўзорнага хору і мясцовых зорак эстрады. Нічога не буду казаць і пра знакаміты Мосар, дзе ксёндз Юозас Булька стварыў рукатворны райскі куток — з сапраўднымі ліліямі, іншымі рэдкімі і прыгожымі раслінамі, сажалкай, дзе можна вудзіць рыбу, загонамі з авечкамі і нават страўсамі, якіх падараваў знаёмы фермер, а таксама пра змаганне ксяндза з алкагалізмам і наркаманіяй.

Не буду казаць пра ўрачыстае адкрыццё фестываля з удзелам старшыні фестываля, старшыні каталіцкай асацыяці Signis‑Беларусь, кінарэжысёра Юрыя Гарулёва, апостальскага нунцыя арцыбіскупа Марціна Відавіча, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, іншых ганаровых гасцей. Не згадаю імшу ў глыбоцкім касцёле з нагоды закрыцця фестываля, падчас якой прагучаў «Магутны Божа».

Усё гэта я пакіну, так бы мовіць, па‑за кадрам і звярнуся непасрэдна да кіно.

Спіс Кісялёва

Распавесці пра ўсе фільмы, якія даслалі на фестываль кінематаграфісты Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Аўстраліі, а таксама Албаніі, Індыі, Канады ды іншых краін, немагчыма. Ды й няма патрэбы.

Асабіста для сябе я падзяліў іх на тры катэгорыі: адукацыйна‑асветніцкія, сацыяльныя і канцэптуальныя, альбо ўласна кіно. Была яшчэ асобная праграма анімацыйных фільмаў.

Унутры кожнай катэгорыі былі кінафільмы розных жанраў і рознага ўзроўню майстэрства. Героі адукацыйных фільмаў таксама вельмі розныя. Сярод іх беларуска-польскі грамадскі дзеяч, экуменіст Эдвард Вайніловіч («Каля Чырвонага касцёла», рэжысёр Уладзімір Арлоў) і Валянціна Мінская (тэлепраграма «Валянціна Мінская. Святая ХХ ст.», майстэрня Уладзіміра Бокуна), легендарны кардынал Нгуен Ван, які шмат гадоў правёў у камуністычнай турме ў Вьетнаме, але не зламаўся («Шлях надзеі», Канада), і савецкі афіцэр Кісялёў («Спіс Кісялёва», Расія). Пасля знішчэння фашыстамі гета ў беларускім мястэчку Даўгінава ў 1942 г. ён у неверагодна цяжкіх умовах вывеў з партызанскай зоны за лінію фронта звыш 200 яўрэяў. Пераважна гэта былі старыя, жанчыны і дзеці, у тым ліку, немаўляткі. Назва фільма адсылае нас да вядомага «Спісу Шындлера». Толькі гэты фільм заснаваны на сапраўдных дакументах і ўспамінах сведкаў, большасць з якіх жывуць цяпер у Ізраілі.

Сярод сацыяльных фільмаў, прысвечаных місіянерскай дзейнасці, найбольшае ўражанне пакінула стужка ірландскіх кінематаграфістаў «100 мёртвых у маім грузавіку».

Назва яе — ніякая не метафара і не іронія. Падчас леташніх ураганаў на Гаіці загінула столькі людзей, што моргі былі перапоўнены трупамі. Не было ў чым і за якія грошы іх хаваць. Адзін з каталіцкіх святароў знайшоў некалькі памочнікаў, якія рабілі труны з кардону, а ён вывозіў іх за горад на сваёй машыне. Імёны памерлых нікому невядомыя. Таму іх хавалі ў братэрскай магіле пасля кароткага памінальнага абраду. У некаторыя труны даводзілася класці па дзесяць‑пятнаццаць трупаў дзяцей. Але гэты фільм — не пра наступствы стыхійнага бедства,

а пра трагедыю Гаіці, якую толькі зрэдку паказваюць на тэлеэкранах.

Жыхары Рэспублікі Гаіці, што ўзнікла 200 гадоў таму ў выніку паўстання рабоў, сёння жывуць у прыніжальнай галечы. Тут самы высокі ўзровень злачыннасці ў свеце і самая высокая смяротнасць. Большая палова дзяцей на выспе не дажывае да пяцігадовага ўзросту, а медыцынская дапамога амаль цалкам адсутнічае. Нікому там няма справы да дзяцей з цяжкімі хваробамі. І толькі місіянеры спрабуюць дапамагчы ім, чым могуць — хоць бы любоўю і спагадай.

Падзел фільмаў на катэгорыі ўмоўны. Напрыклад, фільм беларускіх дакументалістаў Ірыны Дзям’янавай і Таццяны Керакозавай «Калі хочаш пачуць — паглядзі» — не толькі пра дзяцей з парушаным слыхам, якія выхоўваюцца ў спецыялізаваным дзіцячым доме. І не толькі пра таленавітага педагога, мастака Дзмітрыя Ярмілава, які вучыць выхаванцаў маляваць і тым самым разнявольвае іх, дае раскрыцца іх здольнасцям, пазбавіцца комплексаў і нават у нейкай ступені вылечыцца. Гэты фільм яшчэ і пра прыгажосць, пра сілу творчага пачатку ў кожным чалавеку, асабліва маленькім.

Гэтая тая самая прыгажосць, якая ўратуе свет.

Медытацыя ў Асвенцыме

Спачатку фільм «Насуперак цемры. Духоўнае знаёмства з Аўшвіцам» выклікае ў гледача актыўнае непрыманне і нават злосць.

Абурае ўжо сам факт: вось ужо шмат гадоў розныя людзі з розных краінаў прыязджаюць у музей на месцы былога нацысцкага лагера смерці «Асвенцым», каб заняцца там медытацыяй. Свайго роду, калектыўны сеанс псіхатэрапіі. Стваральнікі нямецкай дакументальнай стужкі (прыз журы за найлепшы дакументальны фільм) не спяшаюцца даваць ацэнку гэтаму факту, ці ў нечым пераканаць гледача. Яны проста прапануюць нам выслухаць свайго роду споведзь кожнага з некалькіх удзельнікаў паездкі ў Асвенцым. Кожны з іх прыходзіць да сваіх высноваў, выносіць свае ўрокі з убачанага — пункту селекцыі, баракаў для мужчын і жанчын, дзіцячых баракаў, газавых камераў, крэматорыя. Адна з гераіняў прызнаецца, што яна ехала ў Асвенцым, каб знайсці душэўны спакой і раўнавагу, адхланнё. І на пачатку ёй было вельмі сорамна, бо тут яна ўсвядоміла эгаістычнасць сваіх памкненняў, засяроджанасць на самой сябе. Але потым прыйшла да высновы, што калі яна адчуе сябе ўнутрана шчаслівай, гэта потым перадасца і іншым людзям.

Іншая жанчына як бы выконвае свой маральны абавязак перад бацькам, які быў вязнем канцлагера, але якому цяжка было распавесці пра ўвесь той жах, які адбываўся ў Асвенцыме.

Нарэшце, мужчына, які адчуваў на самым пачатку адно толькі злосць і нянавісць — як да такога магло дайсці, як такое нечуванае зло стала магчымым?! — прыходзіць да высновы, што галоўнае не нянавісць, але разуменне. Без разумення і асэнсавання таго, што адбылося ў Асвенцыме і іншых лагерах смерці ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, на яго думку, чалавецтва не зможа рухацца далей.

Удзельнікам пякельнага па сваёй сутнасці псіхалагічнага эксперымента ў Асвенцыме ў нейкі момант прапануецца памаліцца за збаўленне душаў эсэсаўскіх катаў. Мы бачым, якіх маральных пакутаў героям стужкі гэта каштуе. Ці прыносіць ім малітва супакаенне і ачышчэнне? Наўрад ці. Але, магчыма, яны пачалі ўсведамляць і сваю віну, віну кожнага чалавека перад Богам за злачынствы гітлераўцаў, за ўсе мінулыя і будучыя злачынствы ў свеце, дзе і сёння працягваецца генацыд. Ніхто іншы як «людзі рабілі такое з іншымі людзьмі» у Асвенцыме. Гэтая фраза ў фільме ёсць ключавой да яго разумення.

Ноеў каўчэг

Зусім іншае, светлае ўражанне пакідае фільм «Расійскі запаведнік» (аўтар сцэнарыя і рэжысёр Валеры Цімошчанка, Расія).

Гэта, па‑першае, вельмі прыгожае кіно. Цудоўныя здымкі амаль некранутай прыроды ў расійскай нечарназёмнай глыбінцы. Прыгожы галоўны герой — настаяцель праваслаўнага храма, які нясе сваю духоўную місію, нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы. Ён унутрана падобны на біблейскага персанажа Ноя, які ўратаваў некалькі чалавек і жывёлаў ад патопу. Але разам з тым, ён працавіты і жыццялюбны чалавек. У эпізодзе купання ў рацэ (у ім выкарыстаны падводныя здымкі) бацюшка, нібы Саваоф, аглядае цуды падводнага свету, поўнага фантастычных жывых істотаў і раслінаў.

Святар любіць разважаць на рэлігійныя тэмы, тым больш, што размоваў з людзьмі ў малалюдным прыходзе яму відавочна не хапае. Разважае ён і пра «ноеў каўчэг» — царкву. На яго думку, на людзей насоўваецца новая катастрофа, хай і не ў выглядзе патопу. Яшчэ ёсць надзея ўратавацца, але часу застаецца ўсё меней. Калі ў дарозе ламаецца вось у цялежным коле, святар, на спех адрапараваўшы яго з дапамогай кавалка дроту, параўноўвае сваю цялегу з авіялайнерам. А ўявіце сабе, — кажа ён — што паламалася нешта ў рухавіку суперсучаснага, камфартабельнага Боінга на вышыні 10 000 метраў. Усё, гібель пасажыраў непазбежна. Так і з сучаснай цывілізацыяй, у якой чалавек ужо не ўяўляе свайго жыцця без камфорту, ён залежыць ад яго і таму не зможа ўратавацца.

Герой фільма выклікае сімпатыю. Чаго не скажаш пра некаторых яго прыхаджанаў. Падаецца, што стваральнікі фільма вольна або нявольна ідэалізуюць «Расійскі запаведнік» з яго патрыярхальнымі норавамі і вясковымі жыхарамі, як нейкі страчаны і нібы вернуты рай на зямлі. І вось ужо нам паказваюць маладога хлопца — «надзёжу», які збіраецца ісці служыць у войска, «у які‑небудзь спецназ». У гэтым месцы мы бачым на экране фатаграфіі яго бацькі, дзе ён сярод расійскіх салдатаў на танках. Відаць, яны зроблены былі ў Афганістане. Дзе ж мы ўбачым новы расійскі спецназ — у Грузіі? Няўжо гэта і ёсць тое, што ўратуе Расію і збавіць чалавецтва ад катастрофы ў Ноевым каўчэгу?

Неба Зямля

Фільм расійскіх рэжысёраў Сяргея Карандашова і Аляксандра Купрына «Неба Зямля (спецпрыз журы) — пра цуд. Вось ужо больш як 600 гадоў на поўначы Расіі ідзе хросны ход ад Вяткі да Велікарэцка, дзе захоўваецца цудатворны абраз Свяціцеля Мікалая. Толькі аднойчы, у гады жорсткага пераследу царквы, на хросны ход выйшлі ўсяго сем чалавек. Звычайна ў ім удзельнічаюць тысячы праваслаўных людзей.

Стваральнікі фільма прайшлі разам з вернікамі дзясяткі кіламетраў ляснымі сцяжынамі і размытымі ад даджоў дарогамі. Спалі ў выпадковых прыстанішчах, на лясных палянах, ля начных вогнішчаў. У аб’ектыве камеры мы бачым не людскую шэрую масу, якая фанатычна рушыць да мэты, а жывых людзей, розных паводле ўзросту і полу, жыццёвага досведу, прафесіі. На кожным кроку мы бачым праявы іх клопату адзін пра аднаго, асабліва пра маленькіх і слабых. Адзін з галоўных герояў фільма — малады інструктар у гарадскім альпінізме, доўгі час нясе чужога дзіцёнка на руках. У яго, наколькі можна зразумець з фільма, ёсць жонка і яшчэ дзве дзяўчыны, якія ідуць з ім разам. Не тое, каб ён іх спакусіў — хутчэй за ўсё, яны самі прыляпіліся да яго, прыгожага і мажнага, абаяльнага, як матылькі імкнуцца да вагню. Такіх герояў раней называлі амбівалентнымі. Гэты чалавек, адчуваецца, шчыры ў сваёй веры, раскайвацца ў сваіх грахах. Свайму выпадковаму суразмоўцу, праваслаўнаму святару, кажа, што «жанчыны, напэўна, ёсць самай апошняй і забойчай зброяй д’ябла». Але па яго шырокай усмешцы мы разумеем, што па вяртанні ў горад ён ніколькі не зменіцца, хоць і ў наступным годзе, напэўна, зноў пойдзе ў хросны ход.

Святар ў гэтым фільме чымсці падобны да героя «Расійскага запаведніка». Але ён больш прызмелены, бо прыгнечаны цяжкім побытам і матэрыяльнымі праблемамі свайго прыходу.

«Дайшло да таго, — кажа ён — што молішся ў храме, а сам думаеш: дзе купіць танныя шлакаблокі? Але ж калі надыйдзе час паўстаць перад Богам, наўрад ці ён пахваліць за тое, што ты купіў блокі не па рублі, а па сямнаццаць капеек…»

Калі хросны ход дасягае горада і міліцыянты перакрываюць аўтмабільны рух на вуліцах, мы раптам убачым гэтых людзей з нечаканага ракурсу. Мы ўбачым вернікаў вачыма пасажыраў аўтобуса, у якіх ход вернікаў выклікае здзіўленне, недавер, нават раздражненне. І толькі адзін хлопчык гаворыць, заварожаны ўбачаным, «Мама, смотри! Ребёночки, много ребёночков. А вон тот ребёночек тяжелое несет, сам…»

Адзін з рэжысёраў фільма — Аляксандр Купрын ў размове з журналістам, сказаў: «Я не ведаю, што такое рэлігійнае кіно. Мы проста імкнуліся зняць сапраўды якасны фільм». Прафесіяналізм гэтай работы высока ацанілі многія ўдзельнікі фестываля. Але ў мастацтве вядзецца старая спрэчка: што важней — форма альбо змест? ЯК ці пра ШТО?

Журы выбрала для сябе другі адказ, прысудзіўшы Гран‑пры «Расійскаму запаведніку».

Віталь Тарас