Фота Юліі Дарашкевіч.

1 і 2 ліпеня ў Будславе, на Мядзельшчыне, адбываецца фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі.

Гісторыя Будслаўскай святыні пачынаецца з 1504 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандр падарыў паселішча Буда віленскаму кляштару бернардынцаў. Браты‑бернардынцы раскарчавалі кавалак пушчы на ўзбярэжжы ракі Сэрвач і ў 1530 паставілі там невялікую драўляную капліцу.

У канцы XVI ст. у Будславе ўжо існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тады ж з’явіўся і славуты абраз Маці Божай. Спачатку ён належаў мінскаму ваяводу Яну Пацу. Ваявода прывёз яго з Рыма — як падарунак ад Папы Клімента VIII, пасля пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пац вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці ваяводы святыня перайшла да яго капелана. А той, у сваю чаргу, ахвяраваў яе касцёлу.

Першыя цуды абраза Маці Божай Будслаўскай былі апісаныя манахам кляштара Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650). Першы цуд быў зафіксаваны ў 1617, калі да пяцігадовага сляпога хлопчыка Язапата Тышкевіча вярнуўся зрок. Пазней гэты хлопчык стаў вядомым ксяндзом‑кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад падучай хваробы, на якую ён хварэў сем гадоў. Зеляевіч апісвае, што сцены драўлянага касцёла былі заклееныя сотнямі паперак з просьбамі да Маці Божай Будслаўскай.

Да сярэдзіны XVII ст. на месцы драўлянага паўстаў невялікі каменны касцёл. Для змяшчэння цудатворнага абраза майстра Пятро Грамель у 1649 стварыў разьблёны алтар. А бернардынцы-злотнікі Геранім Плонскі і Бенедыкт Росман вырабілі срэбраныя аздобы для іконы — аклад і ажурную раму.

У 1767 быў закладзены першы камень новага касцёла. Велічная базіліка паўстала за 16 гадоў. Першы, стары касцёл, не зносілі: ён застаўся ў выглядзе бакавога памяшкання храма, у яго можна патрапіць праз дзверы з тыльнага боку вялікага храма. Патрапіць, нібы ў іншую архітэктурную эпоху. З прыземістымі скляпеннямі, галовамі грубавата‑сярэднявечных анёлаў на сценах. У малым касцёле і сёння месціцца той драўляны, чорны з золатам, з фігурамі святых, алтар.

Да сярэдзіны ХІХ ст. Будслаўскі кляштар быў асяродкам не толькі духоўным, але і асветніцкім. Пры кляштары дзейнічала пачатковая школа, музычная школа, быў і шпіталь для бедных.

У 1858 новая ўлада зачыніла кляштар. Кляштарныя будынкі пасля здушэння паўстання Каліноўскага былі перададзеныя царскім войскам, а пасля зусім разабраныя. Застаўся толькі велічны касцёл.

Яго штодня бачылі вучні першай беларускай гімназіі, створанай у Будславе ў 1918, яго вежы, высока ўзнятыя над навакольнымі лясамі, пэўна, сніў у Канадзе Старшыня Рады БНР Вінцэнт Жук‑Грышкевіч, народжаны ў Будславе.

За польскім часам будынак касцёла актыўна рэстаўравалі і абнаўлялі. Колькасць вернікаў у парафіі дасягнула сямі тысяч чалавек. Шырылася і традыцыя фэсту. На 1 і 2 ліпеня ў Будслаў з’язджаліся тысячы паломнікаў усіх канфесій. Пазней, у савецкі час, касцёл не перапыняў дзейнасці. Ніводная спроба сталіністаў узарваць касцёл не атрымалася. А замах мясцовага сельсаветчыка на цудоўны абраз Маці Божай, кажуць людзі, скончыўся для яго вар'яцтвам і хуткаю гвалтоўнаю смерцю.

Хоць цемрашальства святыня паспытала. Калі ў 1990‑я з іконы Маці Божай знялі аклады, каб рэстаўраваць, пабачылі, што яна ў некалькіх месцах прабітая, прастрэленая і нават прапаленая.

Традыцыя пілігрымак у Будслаў аднавілася за незалежнасцю, на пачатку 1990‑х. Ад таго часу тысячы вернікаў з Беларусі і ўсяго свету прыходзяць да касцёла пакланіцца абразу Нябеснай Апякункі Беларусі. Фэст у Будславе зрабіўся самым велічным, урачыстым і, зрэшты, самым беларускім святам краіны.

Кульмінацыяй фэсту з’яўляецца ўрачыстае шэсце з цудатворнай іконай. Дзесяткі тысяч людзей з запаленымі свечкамі абыходзяць цэнтральную плошчу мястэчка і вяртаюцца да касцёла. Нібы жывая вогненная рака плыве перад велічнай базілікай. Гэта прыгожы і велічны момант, які абавязкова трэба пабачыць на свае вочы, каб адчуць гісторыю і ўрачыстаць свята Маці Божай Будслаўскай.

Настасся Шамрэй

***

Да Будслава можна дабрацца аўтобусамі ад Чырвонага касцёла 1 і 2 ліпеня. 1 ліпеня — выезд у 17.00 і 19.00 (кошт 25 000). 2 ліпеня — выезд у 06.30 (кошт 20 000). Падрабязная інфармацыя і запіс на пешую і аўтобусную пілігрымкі праз т.: (017) 200-44-15.

Летась у санктуарый прыбылі каля 3 тысяч пешых пілігрымаў. Усяго ва ўрачыстых набажэнствах ўзялі ўдзел каля 30 тысяч вернікаў.

***

Расклад урачыстасці

1 ліпеня, серада:

да 17.00 — Сустрэча і прывітанне пілігрымаў
18.00 — Святая Імша для пілігрымаў (цэлебруе біскуп Уладзіслаў Блін)
24.00 — Кульмінацыя ўрачыстасці — працэсія са знічамі вакол Краснай плошчы. Сустрэча абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. Святая Імша (цэлебруе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч)

2 ліпеня, чацвер:

2.00 — Моладзевая праграма (музычная праграма у палатачным мястэчку)
2.00 — Святая Імша ўсходняга абраду, Акафіст (спявае хор Грэка‑каталіцкай Царквы)
4.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (у базыліцы)
6.00 — Святая Імша перад абразом Маці Божай (цэлебруюць айцы бернардынцы)
10.30 — Святая Імша (цэлебруе кардынал Казімір Свёнтэк).Выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, працэсія. Гімн «Te Deum laudamus»
13.00 — Святая Імша (на польскай мове; цэлебруе біскуп Аляксандр Кашкевіч).