01.07.2009 / 14:34

«Перспектыву» пракацілі 2

Міністэрства гандлю Беларусі пакінула ў сіле забарону на продаж піва аб’ектамі дробнарознічнай гандлёвай сеткі

Міністэрства гандлю Беларусі пакінула ў сіле забарону на продаж піва аб’ектамі дробнарознічнай гандлёвай сеткі. Такі адказ быў атрыманы РГА «Перспектыва».

Як паведамлялася раней, гэтае грамадскае аб’яднанне прадпрымальнікаў прапанавала Савету міністраў дазволіць у кіёсках і павільёнах продаж піва айчынных вытворцаў.

У зваротным лісце Мінгандлю гаворыцца: «Забарона скіравана перадусім на прадухіленне п’янства і алкагалізму сярод непаўналетніх як найбольш верагодных пакупнікоў гэтай прадукцыі ў аб’ектах дробнарознічнай гандлёвай сеткі».

Паводле інфармацыі Мінгандлю, «менавіта прадаўцамі кіёскаў ігнаруюцца правілы гандлю ў частцы забароны продажу непаўналетнім ва ўзросце да 18 гадоў слабаалкагольных напояў і піва».

У лісце адзначаецца, што, паводле інфармацыі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», абмежавальныя меры рэалізацыі піва прывялі да зніжэння аб’ёмаў продажу гэтай прадукцыі праз дробнарознічную гандлёвую сетку ў кампаній Heineken Belarus (на 25%) і «Крыніца» (на 29%). У сувязі з гэтым канцэрн лічыць мэтазгодным захаваць магчымасць рэалізацыі піва праз дробнарознічную гандлёвую сетку.

Аднак Мінгандалю звяртае ўвагу на тое, што зніжэнне аб’ёмаў продажу піва вытворчасці ААТ «Крыніца» ў першым квартале 2009 года адбылося ў Мінску і Віцебскай вобласці, дзе рашэнні аб абмежаванні рэалізацыі піва не былі прынятыя.

Каментуючы БелаПАН адказ чыноўнікаў, кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка заявіў: «Мы зрабілі выснову, што за забаронай нехта стаіць, і яго дзеянні па ліквідацыі дробнарознічнай сеткі наўмысныя». Паводле слоў Шумчанкі, у прыватнай размове з ім некаторыя прадстаўнікі мясцовых улад і дэпартамента па прадпрымальніцтве пры Міністэрстве эканомікі заяўлялі, што не разумеюць неабходнасці забароны рэалізацыі піва ў кіёсках і павільёнах.

Нягледзячы на цвёрдую пазіцыю Мінгандлю, у жніўні «Перспектыва» мае намер правесці ў Мінску сустрэчу кіраўнікоў малых гандлёвых прадпрыемстваў, на якую плануецца запрасіць уладальнікаў кіёскаў, павільёнаў, беларускіх півавараў, прадстаўнікоў Грамадска‑кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта, паслоў краін ЕС. «Мы маем намер абмеркаваць праблему з усімі запрошанымі», — падкрэсліў Шумчанка.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
сяргей-пинск / Адказаць
01.07.2009 / 22:16
Шумчанка ! Хопиць спяваць дыфирамбы да луки, а то я напишу тое , што ты казау 4-5 гадоу навзад.Николи ня быць цябе прэзыдэнтам, Толя ! Трэба быць щчырым заусёды, а не ад часу да часу.
0
Міхаліна / Адказаць
01.07.2009 / 23:18
Шумчанка ў сваім рэпертуары - няхай паслы краін ЕС выйдуць на піўны пікет да адміністрацыі прэзыдэнта - і тады ўлада перастане нішчыць апошніх недабіткаў вольнага гандлю ў краіне. Куды б нам Шумчанку адправіць на пікет, каб ужо не падрываў прэстыжу і без таго зашуганых уладай прадпрымальнікаў?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру